Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУКАБА́ЧАННЕ,

атрыманне бачнага відарыса аб’екта, што знаходзіцца ў непразрыстым або празрыстым асяроддзі, з дапамогай гуку; від інтраскапіі. Засн. на пранікальнай здольнасці гукавых хваль. Бывае лінзавае (для стварэння акустычнага відарыса выкарыстоўваюць лінзы акустычныя), галаграфічнае (грунтуецца на прынцыпах акустычнай галаграфіі) і лакацыйнае (засн. на рэхалакацыі).

Найчасцей у гукабачанні выкарыстоўваюць ультрагук у дыяпазоне ад 20 кГц да 10 МГц. Схема гукабачання ўключае звычайна крыніцу ультрагуку, аб’ект назірання, акустычны аб’ектыў (стварае ультрагукавы відарыс) і пераўтваральнік гукавога відарыса ў бачны. Выкарыстоўваецца ў дэфектаскапіі, акіяналогіі, гідралакацыі, мед. дыягностыцы і інш. Пры падводным гукабачанні яго апаратура (гукавізары) можа ўстанаўлівацца на падводных апаратах, прызначаных для пошукавых, даследчых і інш. мэт.

Літ.:

Грегуш П. Звуковидение: Пер. с англ. М., 1982;

Ощепков П.К., Пирожников Л.Б. Звуковидение. М., 1984.

В.І.Вараб’ёў.

т. 5, с. 523

ГУКАВА́Я АНА́ФАРА,

гл. ў арт. Анафара.

т. 5, с. 523

ГУКАВА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЕ́РША,

гл. ў арт. Фоніка.

т. 5, с. 523

ГУКАВА́Я КАЛО́НКА,

групавы акустычны выпрамяняльнік у выглядзе лінейнага ланцужка аднатыпных гучнагаварыцеляў (пераважна эл.-дынамічных), размешчаных у агульным корпусе. Бываюць магутнасцю ад 2 да 100 Вт, маюць 2—8 гучнагаварыцеляў. Выкарыстоўваюцца для агучвання вял. памяшканняў і плошчаў (канферэнц-залаў, стадыёнаў і інш.). Гукавая калонка з гучнагаварыцелямі розных тыпаў, кожны з якіх эфектыўна дзейнічае ў пэўнай паласе частот, наз. акустычнай сістэмай; выкарыстоўваецца для высакаякаснага гукаўзнаўлення ў прафес. і быт. апаратуры.

А.П.Ткачэнка.

т. 5, с. 523

ГУКАВА́Я СІСТЭ́МА,

вышынная (інтэрвальная) арганізацыя муз. гукаў на аснове якога-н. аднаго прынцыпу. Тэрмін мае некалькі значэнняў: гукавы склад, г. зн. сукупнасць гукаў у межах пэўнага інтэрвалу, найчасцей актавы; пэўнае размяшчэнне элементаў сістэмы; якасныя, сэнсавыя суадносіны гукаў, іх функцыі; строй, матэм. выражэнне суадносін паміж гукамі. Сярод пашыраных гукавых сістэм: алігатоніка, ангемітоніка, дыятоніка, мажора-мінор, дадэкафонія.

т. 5, с. 523

ГУКАВО́Е КІНО́,

вытворчасць і паказ кінафільмаў з гукавым суправаджэннем, зафіксаваным на фанаграме; від кінематаграфіі. Фанаграма бывае аптычная і магн., адна- і шматканальная. З дапамогай кінапраекцыйнага апарата відарыс праецыруюць на экран з адначасовым (сінхронным) узнаўленнем фанаграмы праз гучнагаварыцелі, размешчаныя за экранам (звычайнае і шырокаэкраннае кіно) або за экранам, на сцэнах і столі (шырокафарматнае, стэрэаскапічнае, панарамнае кіно, кругавая кінапанарама).

Практычныя сістэмы гукавога кіно створаны ў канцы 1920-х г. амаль адначасова ў СССР (фанаграма пераменнай аптычнай шчыльнасці, П.Р.Тагер у 1926; фанаграма пераменнай шырыні, А.Ф.Шорын у 1927), ЗША і Германіі. Пры стварэнні фільмаў звычайна гук і відарыс запісваюць паасобку з дапамогай гуказапісвальных (гл. Гуказапіс) і кіназдымачных апаратаў; часам мову, музыку, шумы і інш. запісваюць паасобку, потым аб’ядноўваюць у адну фанаграму. Выкарыстоўваюць таксама дубліраванне фільмаў, спец. гуказапіс са стварэннем гукавых эфектаў і інш.

З’яўленне гуку мела вял. значэнне ў эстэтыцы кіно, узбагаціла яго маст. палітру, выявіла новыя магчымасці драматургіі фільма і акцёрскага мастацтва. Першы сав. поўнаметражны маст. фільм з запісам гуку па сістэме Тагера — «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.Эк).

У 1929 на кінастудыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе створана гукавая лабараторыя пад кіраўніцтвам В.Ахотнікава і А.Машковіча. Па іх сістэме запісана бел. эксперым. гукавая праграма «Пераварот» (1930, рэж. Ю.Тарыч), якая дэманстравалася ў першым гукавым кінатэатры рэспублікі «Чырвоная зорка» ў Мінску. У далейшым запіс гуку пры здымцы бел. стужак рабіўся па сістэмах Тагера і Шорына. Першыя бел. гукавыя маст. фільмы — «Адбітак часу» і «Баям насустрач» (абодва 1932, рэж. адпаведна Г.Кроль і Э.Аршанскі).

т. 5, с. 523

ГУКАВО́Е ПІСЬМО́,

тое, што літарна-гукавое пісьмо.

т. 5, с. 523

ГУКАВЫ́Я ЗАКО́НЫ,

тое, што фанетычныя законы.

т. 5, с. 524

ГУКАВЫ́ ЦІСК,

дадатковы ціск, што ўзнікае ў вадкім або газападобным асяроддзі пры праходжанні ў ім гукавой хвалі; асн. характарыстыка гуку. Гукавая хваля выклікае ў асяроддзі згушчэнні і разрэджванні, якія і ствараюць дадатковыя змены ціску ў адносінах да яго сярэдняга значэння. Пры значным гукавым ціску можа парушацца суцэльнасць вадкасці (гл. Кавітацыя). Вымяраецца ў паскалях. Гукавы ціск трэба адрозніваць ад ціску гуку.

т. 5, с. 523

ГУКАЗА́ПІС,

запіс гукавых ваганняў на гуканосьбіце для наступнага ўзнаўлення. Гуказапісвальны элемент (разец, светлавы прамень, магн. поле ці інш.) пакідае след гукавога вагання (гукавую дарожку, ці фанаграму) на рухомым гуканосьбіце. У залежнасці ад колькасці каналаў запісу—узнаўлення адрозніваюць гуказапіс мона- (1 канал), стэрэа- (2 каналы), квадра- (4 каналы) і поліфанічны (больш за 4 каналы). Найб. пашыраны мех., фатагр. (аптычныя) і магн. метады гуказапісу, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці грампласцінак, гукавым кіно, пры стварэнні радыё- і тэлевізійных праграм і інш.

Для мех. гуказапісу выкарыстоўваюць эл.-акустычны (найб. пашыраны) ці акустычны спосаб. Пры акустычным спосабе гукавыя ваганні непасрэдна ўздзейнічаюць на гуказапісвальны элемент (напр., іголку фанографа), які стварае гукавую канаўку, пры эл.-акустычным — гукавыя ваганні пераўтвараюцца мікрафонам у эл. і пасля ўзмацнення ўздзейнічаюць на запісвальны элемент. Пры фатагр. гуказапісе гукавыя ваганні пераўтвараюцца ў светлавыя і фіксуюцца на святлоадчувальнай плёнцы (гл. Гукавое кіно), кампакт-дыску і інш., пры магн. гуказапісе зменьваецца намагнічанасць дарожкі запісу на магнітных дроце, стужцы, дыску і інш. Гл. таксама Дыктафон, Магнітафон, Магнітарадыёла, Магнітола.

У муз. мастацтве гуказапіс адкрыў новыя магчымасці і зрабіў вял. ўплыў на ўсе сферы музыкі 20 ст. Ён ператварыў музыку ў прадмет масавай вытворчасці, вылучыў гукарэжысуру як новую разнавіднасць муз. творчай працы і прывёў да істотных змен у кампазіцыі, выканальніцтве (гл. Электронная музыка) і ўспрыманні музыкі.

Літ.:

Синклер Я. Введение в цифровую звукотехнику: Пер. с англ. М., 1990;

Рождение звукового образа. М., 1985.

А.П.Ткачэнка.

т. 5, с. 524