Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГУДЗО́НАЎ ЗАЛІ́Ў (Hudson Bay),

заліў Паўн. Ледавітага ак., глыбока ўрэзаны з Пн у тэр. Канады. На У Гудзонавым пралівам злучаецца з Атлантычным ак., на Пн — сістэмай канадскіх праліваў з Паўн. Ледавітым ак. Пл. 848 тыс. км². Глыб. да 258 м. На Пд утварае зал. Джэймс. Мае цыкланальны кругаварот цячэнняў. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C, летам (у жн.) ад 3 °C на Пн да 9 °C на Пд. З кастр. да ліп. ўкрыты льдамі. Прылівы паўсутачныя (да 7,9 м). Рыбалоўства (траска, селядзец, камбала); промысел цюленяў. Гал. парты — Чэрчыл, Порт-Нельсан. Адкрыты Г.Гудзонам.

т. 5, с. 520

ГУДЗО́НАЎ ПРАЛІ́Ў (Hudson Strait),

праліў паміж п-вам Лабрадор і в-ам Бафінава Зямля (Паўн. Амерыка). Злучае Гудзонаў зал. з Атлантычным ак. Даўж. каля 806 км, шыр. 115—407 км, глыб. на фарватэры 141—988 м. Каля 8 месяцаў за год укрыты дрэйфуючымі льдамі. Названы ў гонар Г.Гудзона.

т. 5, с. 520

ГУ́ДМЕН ((Goodman) Бені) (Бенджамін Дэйвід; 30.5.1909, г. Чыкага, ЗША — 13.6.1986, амерыканскі джазавы віртуоз-кларнетыст, кампазітар, кіраўнік джаз-аркестра. З 1921 выступаў з рознымі (з 1934 з уласным) джазавымі калектывамі; адзін з першых практыкаваў сумеснае музіцыраванне неграў і белых. Адзін з заснавальнікаў стылю свінг (празваны «каралём свінгу»),

выпрацаваў індывід. віртуозна-імправізацыйны стыль ігры на кларнеце. Вядомы і як выканаўца акад. музыкі (у т. л. канцэрта В.​А.​Моцарта, а таксама прысвечаных Гудмену твораў для кларнета Б.​Бартака, А.​Копленда, П.​Хіндэміта, І.​Стравінскага, Д.​Міё і інш.). Аўтар камерных джазавых твораў.

Б.Гудмен.

т. 5, с. 521

ГУДО́Н, Удон (Houdon) Жан Антуан (20.3.1741, г. Версаль, Францыя — 15.7.1828), французскі скульптар; адзін з буйных майстроў еўрап. скульптурнага партрэта 18 ст. Вучыўся ў Ж.Б.Пігаля. У 1764—68 пенсіянер Франц. акадэміі ў Рыме. У 1805—23 выкладаў у парыжскай Школе прыгожых мастацтваў. Надаючы вял. значэнне анатоміі як аснове скульптуры, выканаў анат. Фігуру «Экаршэ» (1767), якая стала навуч. дапаможнікам многім пакаленням скульптараў. Стварыў галерэю вобразаў вядомых гіст. асоб: бюсты Кацярыны II (1773), Ж.​Ж.​Русо (1778), А.​Г.​Мірабо (1791), Напалеона I (1806), помнік Дж.​Вашынгтону (1778), бюст (1778) і статую (1781) Вальтэра і інш. Натуральнай прастатой і лірычнасцю вызначаюцца жаночыя і дзіцячыя партрэты («Партрэт жонкі», 1787).

Літ.:

Арнасон Г.Г. Скульптура Гудона: Пер. с англ. М., 1982.

Ж.Гудон. Вальтэр у крэсле. 1781.

т. 5, с. 521

ГУДРАНА́ТАР,

машына для транспартавання і раўнамернага размеркавання вадкіх вяжучых матэрыялаў на аснове гудрону (пераважна бітумаў) пры буд-ве і рамонце дарог. Мае цеплаізаляваную цыстэрну, награвальную і цыркуляцыйна-размеркавальную сістэмы, помпу. Бітум у гудранатары награецца да 150—200 °C, потым разліваецца. Найб. пашыраны самаходныя гудранатары (аўтагудранатары) з цыстэрнай ёмістасцю да 7 тыс. л. Бываюць таксама прычапныя, паўпрычапныя і ручныя (для рамонту дарожных пакрыццяў).

Да арт. Гудранатар. Аўтагудранатар з цыстэрнай на 3500 л і шырынёй размеркавання 4 м.

т. 5, с. 521

ГУДРО́Н (франц. goudron),

астатак пасля адгонкі з нафты бензінавых, газавых і асн. масы масляных францый. Вязкая вадкасць ці цвёрды асфальтападобны прадукт чорнага колеру, шчыльн. 950—1030 кг/м³. Мае парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя вуглевадароды (45—95%), асфальтэны (найб. высокамалекулярныя кампаненты нафты, 3—17%), нафтавыя смолы (2—38%). Выхад гудрону складае 10—45% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць для вытв-сці дарожнага, дахавага і буд. бітумаў, як сыравіну крэкінгу.

т. 5, с. 521

ГУ́ДЫ, гудай,

гудасы (літ. gudai, gudas),

старажытная назва (экзаэтнонім) беларускамоўнага насельніцтва ўсх. Літвы і беларусаў сумежных з Літвой тэрыторый. У гіст. крыніцах назва гуды і вытворныя тапанімічныя формы Гудзелі, Гудзішкі, Гудаўшчына, Гудалаўка, Гудоніс, Гудагай, Гудзенай і інш. вядомы з 15 ст. На думку некат. даследчыкаў, геагр. арэал тапонімаў з коранем «гуд» акрэслівае стараж. кантактную зону бел. і літ. насельніцтва.

І.​У.​Чаквін.

т. 5, с. 521

ГУДЫЯШВІ́ЛІ (Ладо) (Уладзімір) Давыдавіч (30.3.1896, Тбілісі — 20.7.1980),

грузінскі жывапісец і графік. Нар. мастак Грузіі (1957) і СССР (1972). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Школе жывапісу і скульптуры (Тбілісі, 1910—14). У 1919—26 жыў у Парыжы, наведваў Акадэмію Ронсана. Зазнаў уплыў сярэдневяковага груз. мастацтва і заходнееўрап. плыней 1920-х г. У 1926—32 праф. Тбіліскай АМ. Яго творы насычаны фальклорнымі матывамі, міфалагічнымі і фантаст. вобразамі (алегарычныя і сатыр. карціны, сцэны з жыцця тыфліскай багемы, партрэты, кніжныя іл., тэатр. дэкарацыі). Сярод іх жывапісныя карціны «Рыба Цоцхалі» (1920), «Ніко Пірасмані» (1946), іл. да зб. «Грузінскія народныя песні» Г.​Чхіквадзе (1946), да кн. «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі (2-е выд. 1976) і інш. Дзярж. прэмія Ш.​Руставелі 1965.

Літ.:

Каган М.С. Л.​Гудиашвили: Альбом. Л., 1983.

Л.Гудыяшвілі. Ніко Пірасмані. 1946.

т. 5, с. 521

ГУДЮ́ЛА,

каўчуканосная расліна, тое, што гваюла.

т. 5, с. 514

ГУ́ЕР ((Hujer) Олдржых) (25.11.1880, Пацержыцы, Чэхія — 4.6.1942),

чэшскі мовазнавец. Член Чэш. каралеўскага навук. т-ва, Чэш. АН (1924). Праф. Карлава ун-та ў Празе (1924). Даследаваў слав. мовазнаўства і гісторыю чэш. мовы дапісьмовага перыяду: «Славянскае іменнае скланенне» (1910), «Развіццё чэхаславацкай мовы» (1934). У працы «Уводзіны ў гісторыю чэшскай мовы» (3-е выд., 1946) разглядаў праблемы адносін слав. моў да балцкіх, працэс вылучэння праслав. мовы з індаеўрапейскай, асн. рысы фанетыкі, граматыкі і слоўнікавага складу агульнаіндаеўрап. мовы. Адзін з заснавальнікаў (1922) і рэдактараў час. «Slavia» («Славія»).

Р.​М.​Малько.

т. 5, с. 522