Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУДАУ́ТА,

прыморскі кліматычны курорт у Абхазіі (Грузія), на ўзбярэжжы Чорнага м., за 35 км ад г. Сухумі. Вільготны, субтрапічны клімат з гарачым летам, цёплае мора (купальны сезон з мая да лістапада), пляжы спрыяльныя для адпачынку і лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, органаў дыхання (нетуберкулёзных).

т. 5, с. 519

ГУ́ДАЧАК

(Hudeček) Антанін (14.1.1873, мяст. Лоўцка, Чэхія — 11.8.1942),

чэшскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пражскай (1887—91) і Мюнхенскай (1891—95) АМ. У 1903 — 09 наведваў Сіцылію, в-аў Капры, у 1914—31 — Францыю, Славенію, Зах. Украіну, Італію. З 1927 жыў і працаваў у Часталовіцы. Творы Гудачака «Жытнёвае поле» (1880), «Ручай восенню» (1903), «Татры», «Зіма» (абедзве 1930), «Венецыя» (1930-я г.) і інш. адметныя глыбокім лірызмам, свабоднай і экспрэсіўнай манерай пісьма, тонкай каларыстыкай.

Я.Ф.Шунейка.

т. 5, с. 520

ГУДЖАРА́Т,

штат Індыі на ПнЗ п-ва Індастан, каля Аравійскага м. Пл. 1996 тыс. км². Нас. 41,2 млн. чал. (1991), пераважна гуджаратцы, паводле веравызнання індуісты (каля 90%). Адм. ц. — Гандынагар, буйныя гарады Ахмадабад, Вадодара, Раджкот, Сурат. Большая ч. паверхні — плоская раўніна. Клімат субэкватарыяльны, з няўстойлівым увільгатненнем. Ападкаў за год 250—1000 мм. Расліннасць блізкая да саваннаў. Асн. баваўнаводчы штат Індыі. Вырошчваюць таксама арахіс, рыс, кукурузу, пшаніцу, бабовыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз. Рыбалоўства. Здабыча нафты, солі, марганцавай руды, баксітаў. Прам-сць: тэкст., маш.-буд. (асабліва эл.-тэхн.), хім., радыёэлектронная, фармацэўтычная, алейная, цэм. і інш. Транспарт марскі, аўтамаб., чыгуначны.

т. 5, с. 520

ГУДЖРАНВА́ЛА,

горад на ПнУ Пакістана. Каля 700 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел і гандл. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (пераважна электратэхн.) і металаапрацоўка, баваўняная, гарбарна-абутковая; мукамольная, алейныя і рысаачышчальныя прадпрыемствы. Рамёствы (ганчарнае, маст. вырабы з слановай косці, бронзы і медзі).

т. 5, с. 520

ГУДЗЕ́ВІЦКІ ЛІТАРАТУ́РНА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1965 на грамадскіх пачатках пры сярэдняй школе ў в. Гудзевічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., з 1990 — дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 729 м², больш за 12 тыс. экспанатаў (1997). У экспазіцыі этнагр. помнік краю — сял. хата 18 ст. з прадметамі сял. побыту 17—19 ст. Сярод экспанатаў вырабы з косці і каменю часоў неаліту, кераміка сярэднявечча, вырабы мясц. кавалёў 18—20 ст., калекцыя падвойных дываноў, кафля 17—20 ст., вырабы з лёну, саломкі, дрэва, калекцыя нар. адзення, рукапісы і кнігі з аўтографамі вядомых бел. пісьменнікаў, дзеячаў медыцыны, мастакоў, артыстаў, кампазітараў, творы жывапісу, графікі і скульптуры.

А.М.Белакоз.

т. 5, с. 520

ГУ́ДЗЕВІЧЫ,

вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Верацейка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на З ад Мастоў, 60 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Рось. 662 ж., 196 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Гудзевіцкі краязнаўчы музей. Царква.

т. 5, с. 520

ГУ́ДЗІЙ Мікалай Калінікавіч

(3.5.1887, г. Магілёў-Падольскі, Украіна — 29.10.1965),

рускі і ўкр. гісторык л-ры. Акад. АН УССР (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1911). З 1922 праф. Маскоўскага ун-та. Кіраваў аддз. стараж.-рус. л-ры ў Ін-це сусв. л-ры АН СССР (1938—47), аддз. рус. л-ры (1945—52) і аддз. стараж. укр. л-ры (1952—61) у Ін-це л-ры АН УССР. Даследаваў стараж.-рус. л-ру («Слова пра паход Ігаравы», публіцыстыка 16 ст., творы Авакума), рус. і ўкр. л-ру 18 — пач. 20 ст. (Ф.Пракаповіч, М.Ламаносаў, А.Пушкін, М.Гогаль, Л.Талстой, В.Брусаў, Т.Шаўчэнка, І.Франко і інш.), а таксама пытанні тэксталогіі.

Тв.:

Пушкин. Киев, 1949;

Лев Толстой. 3 изд. М., 1960;

Хрестоматия по древней русской литературе XI—XVII вв. 7 изд. М., 1962;

История древней русской литературы. 7 изд. М., 1966;

Литература Киевской Руси и украинского-русское литературное единение XVII—XVIII вв. Киев, 1989.

т. 5, с. 520

ГУДЗІ́МАЎ Сцяпан Мітрафанавіч

(7.11.1913, с. Ягаднае Валгаградскай вобл., Расія — 22.6.1941),

лётчык-знішчальнік, які ў Вял. Айч. вайну адзін з першых тараніў варожы самалёт. З 1934 у Чырв. Арміі, з 1938 служыў у Беларусі. Штурман эскадрыллі знішчальнага авіяпалка лейтэнант Гудзімаў у баі каля г. Пружаны збіў 2 варожыя бамбардзіроўшчыкі, адзін з іх тараніў. Загінуў у гэтым баі. У Пружанах яму пастаўлены помнік.

т. 5, с. 520

ГУДЗО́Н,

Хадсан (Hudson), рака на У ЗША. Даўж. 520 км, пл. басейна каля 35 тыс. км². Пачынаецца з ледавіковых азёр гор Адырондак, цячэ ў Апалачах, у глыбокай даліне з шматлікімі парогамі і вадаспадамі; упадае ў бухту Лоўэр-Бей Атлантычнага ак.; утварае эстуарый глыб. ад 3,5 м да 14 м. Падводная даліна, т.зв. Каньён Гудзона, працягваецца ў глыб. акіяна на 200—250 км. Марскія прылівы на 240 км ад вусця да плаціны г. Трой. Жыўленне снега-дажджавое. Макс. веснавое разводдзе ў сак.—красавіку. Сцёк зарэгуляваны плацінамі. Сярэдні расход вады каля 630 м³/с. Суднаходства ад г. Трой. Суднаходнымі каналамі злучана з азёрамі Эры (канал Эры), Антарыо і Шамплейн (водны шлях да р. Св. Лаўрэнція). У бас. Гудзона буйныя ГЭС (Шэрман-Айленд, Спайр-Фолс і інш.). На Гудзоне гарады Трой, Олбані, Хадсан, Кінгстан, Пакіпсі, у вусці — г. Нью-Йорк. Названа ў гонар англ. мараплаўца Г.Гудзона, які адкрыў у 1609 вусце ракі.

т. 5, с. 520

ГУДЗО́Н,

Хадсан (Hudson) Генры (каля 1550, Вялікабрытанія — 1611), англійскі мараплавец. У пошуках паўн. марскога шляху з Атлантычнага ак. ў Ціхі здзейсніў 4 плаванні ў арктычных морах, арганізаваныя лонданскімі і амстэрдамскімі купцамі, якія шукалі новыя шляхі ў Кітай і Індыю. У 1607 імкнуўся прайсці ў Ціхі ак. праз Паўн. полюс, падняўся да 80°23 паўн. ш., адкрыў в-аў Ян-Маен. У 1608 няўдала спрабаваў знайсці праход паміж а-вамі Шпіцберген і Новая Зямля. У 1609 накіраваўся ў Баранцава м., а адтуль да берагоў Паўн. Амерыкі для пошукаў Паўн.-Зах. праходу, абследаваў частку ўзбярэжжа мацерыка, адкрыў вусце ракі (пазней названа яго імем) і падняўся па ёй на 250 км. У 1610 прайшоў на З пралівам паміж Лабрадорам і Бафінава Зямлёй і адкрыў вял. заліў (пазней названы яго імем). У яго паўд. ч. (зал. Джэймс) карабель Гудзона зазімаваў. У чэрв. 1611 на зваротным шляху каманда ўзбунтавалася. Гудзон з сынам і 7 маракамі былі высаджаны з карабля ў шлюпку і прапалі без вестак.

т. 5, с. 520