ГУГЕНО́ТЫ
(франц. huguenots ад ням. Eidgenossen саюзнікі),
прыхільнікі кальвінізму (пратэстантызму) у Францыі ў 16—18 ст., якія дамагаліся ажыццяўлення Рэфармацыі. Належалі пераважна да трэцяга саслоўя (правінцыяльная буржуазія і рамеснікі), а таксама да дваранства і феад. знаці, незадаволенай цэнтралізатарскай палітыкай каралеўскай улады. З 1562 па 1594 франц. католікі вялі крывавыя войны з гугенотамі; барацьба паміж імі атрымала назву гугеноцкіх або рэлігійных войнаў (гл. таксама Варфаламееўская ноч). Заваяваныя гугенотамі ў гэтых войнах рэліг. і паліт. правы былі замацаваны ў Нанцкім эдыкце 1598. У 17 ст. рэпрэсіі супраць гугенотаў аднавіліся. Ганенні на іх прывялі да разбурэння структур франц. пратэстантызму, да масавай адмовы і пераходу гугенотаў у каталіцтва, эміграцыі больш за 250 тыс. гугенотаў у інш. краіны. Барацьба гугенотаў за свабоду сумлення вымусіла Людовіка XVI у 1787 прызнаць правы пратэстантаў. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 дэкрэтам 1791 прынцып свабоды сумлення быў замацаваны канчаткова і ганенні на гугенотаў спыніліся.
т. 5, с. 518
ГУГЕНО́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
адна з назваў войнаў паміж католікамі і гугенотамі ў Францыі ў 16 ст., гл. ў арт. Рэлігійныя войны.
т. 5, с. 518
ГУГНІ́Н Мікалай Аляксандравіч
(н. 28.11.1946, г. Ноўгарад, Расія),
бел. мастацтвазнавец, педагог, графік. Канд. мастацтвазнаўства (1982). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага ун-та (1970) і выкладае ў ім. Даследуе гісторыю і праблемы развіцця бел. кніжнай графікі. Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5, 1992), Працуе ў станковай графіцы: каля 70 кніжных знакаў (1966—89), кампазіцыі «Красавік. Ружовы золак» (1970), «Слабада», «Дарога на Лучосу» (абедзве 1988), «Верасень» (1994), «Ранішні снег» (1996) і інш. У творчасці пераважае пленэрны падыход, стрыманасць лінейна-жывапісных рытмаў, някідкія каларыстычныя інтанацыі («Зіма. Богаяўленскі сабор», 1993).
М.Л.Цыбульскі.
т. 5, с. 519
ГУГО́ КАПЕ́Т
(Hugues Capet; каля 940 — 24.10.996),
французскі кароль з 987, заснавальнік дынастыі Капетынгаў. Выбраны каралём пасля смерці Людовіка V Каралінга (гл. Каралінгі) пры падтрымцы буйных свецкіх і духоўных феадалаў. Улада Гуго Капета над усёй Францыяй была намінальнай і фактычна распаўсюджвалася толькі на землі яго дамена (Іль-дэ-Франс з Парыжам і Арлеанам).
т. 5, с. 519
ГУГУ́Н,
мастацкі музей у Пекіне. Засн. ў 1914 як сховішча найбагацейшых калекцый кіт. мастацтва. У складзе Гугуна зборы карцін, бронзавых вырабаў, скульптуры, помнікаў ювелірнага мастацтва і маст. рамёстваў. Размешчаны ў комплексе «Старажытных палацаў» (б. імператарскай рэзідэнцыі) у цэнтры «Забароннага горада» — найб. старажытнай ч. Пекіна.
т. 5, с. 519
ГУДА́ВІЧУС
(Gudavičius) Эдвардас (н. 6.9.1929, г. Каўнас, Літва),
літоўскі гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Вільнюскі ун-т (1968). З 1974 у Ін-це гісторыі АН Літвы. Даследуе сац.-эканам. і паліт. гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру Літвы, этнагенез і этнічную гісторыю балтаў, гістарыяграфію Прыбалтыкі феад. перыяду, праблемы крыніцазнаўства, дыпламатыкі і інш. Асн. працы прысвечаны праблемам узнікнення і фарміравання ВКЛ, ваен.-паліт. адносінам Літвы з Тэўтонскім ордэнам, Статутам ВКЛ. Аўтар манаграфій «Меткі ўласнасці і знакі ў Літве ў XVII—XX стст.» (1980), «Войны крыжакоў у Прыбалтыцы і Літве ў XIII ст.» (1989), «Узнікненне гарадоў у Літве» (1991).
Г.Я.Галенчанка.
т. 5, с. 519
ГУДАГА́Й,
пасёлак і чыг. станцыя ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астравец—Ашмяны. Цэнтр сельсавета. За 5 км на ПдЗ ад Астраўца, 197 км ад Гродна. 987 ж., 357 двароў (1997).
Вядомы з канца 16 ст. як паселішча ў маёнтку Астравец-Урбаноўскі. У 17 — 1-й пал. 18 ст. належаў Лакуцеўскім, Скірмунтам, Садоўскім, Козел-Паклеўскім, Войнам. У 1764 сяло, перададзена ордэну кармелітаў, якія да 1832 мелі тут кляштар з цудадзейным абразом Дзевы Марыі (захоўваецца ў касцёле і зараз). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, потым сяло ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1874 праз Гудагай пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 — 117 ж. З 1922 у Польшчы ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1971 — 1077 жыхароў.
Аптова-гандл. база і нарыхтоўчая кантора райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай (1764).
т. 5, с. 519
ГУДАЕ́РА
(Goodyera),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Названы ў гонар англ. батаніка Дж.Гудаера. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, трапічнай Азіі. На Беларусі зрэдку пераважна ў паўн. раёнах трапляецца гудаера паўзучая (О. repens). Расце ў сырых цяністых хвойных і мяшаных лясах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з невысокім сцяблом і шнурападобным паўзучым карэнішчам. Лісце нешматлікае, сядзячае, збліжанае ў ніжняй частцы сцябла накшталт прыкаранёвай разеткі. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, звонку зеленаватыя, з прыемным пахам, сабраны ў густое коласападобнае суквецце. Плод — шматнасенная каробачка. Дэкар. расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 519
ГУДА́ЙЦІС
(Gudaitis) Антанас Марціна (29.7.1904, г. Шаўляй, Літва — 20.4.1989),
літоўскі жывапісец. Засл. дз. маст. Літвы (1961). Нар. мастак Літвы (1964). Нар. мастак СССР (1985). У 1926—29 вучыўся ў Каўнаскім ун-це і ў Каўнаскай маст. школе, у 1929—33 — у Нац. школе прыкладнога мастацтва ў Парыжы. Аўтар экспрэсіўных тэматычных кампазіцый, прасякнутых дынамікай жыцця: «Праца» (1929), «Рута адпачывае» (1962), «Па дарогах вайны» (1965—67), «Нявесты» (1981). Піша таксама пейзажы (трыпціх «Літоўскі пейзаж», 1937; «Вечар», 1963), партрэты, тэатр. дэкарацыі і інш. У творах Гудайціса паглыблены драматызм вобраза, псіхалагізм, узмоцненая роля фактуры жывапісу, колеру, сімволікі. Дзярж. прэмія Літвы 1965.
Літ.:
Лебедев В.А. А.Гудайтис: [Фотоальбом]. М., 1979.
т. 5, с. 519
ГУДА́ЙЦІС-ГУЗЯ́ВІЧУС
(Gudaitis-Guzevičius) Аляксандрас (25.5.1908, Масква — 18.4.1969),
літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1968). Засл. дз. маст. Літвы (1954). З 1921 жыў у Літве. Друкаваўся з 1928. Першая кніга — зборнік нарысаў і апавяданняў «Сцяганосец» (Мн., 1935). Гіст. раманы «Праўда каваля Ігнотаса» (т. 1—2, 1948—49, Дзярж. прэмія Літвы 1951), «Браты» (т. 1—4, 1951—55), «Змова» (т. 1—2, 1964—65, Дзярж. прэмія Літвы 1967) — аб рэв. падзеях 1918—20. Аўтар п’ес «Нябачная зброя» (1958), «Паядынак» (1961), кнігі навел «Цёмная ночанька» (1958), аўтабіягр. аповесці «Чорная тарпеда» (1966).
Тв.:
Raštai. Т. 1—6. Vilnius, 1960—61.
т. 5, с. 519