Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУБЕ́РНСКІЯ ВУЧО́НЫЯ АРХІ́ЎНЫЯ КАМІ́СІІ,

гл. ў арт. Архіўныя камісіі.

т. 5, с. 517

ГУБЕ́РНСКІЯ ПА СЯЛЯ́НСКІХ СПРА́ВАХ УСТАНО́ВЫ,

мясцовыя кіруючыя органы па правядзенні ў жыццё сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі. Утвораны неўзабаве пасля адмены прыгону. Разбіралі скаргі на дзеянні міравых пасрэднікаў і пав. міравых з’ездаў, зацвярджалі добраахвотныя пагадненні паміж памешчыкамі і сялянамі аб памяншэнні памераў надзелу, павышалі або паніжалі сял. павіннасці і інш. Падпарадкоўваліся непасрэдна міністру ўнутр. спраў. З утварэннем у 1889 у большасці губерняў Расіі інстытута земскіх участковых начальнікаў гэтым установам нададзены і суд. функцыі. У такой кампетэнцыі захоўваліся да Кастр. рэвалюцыі.

В.П.Панюціч.

т. 5, с. 517

«ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйныя газеты, што выдаваліся ў губернях і абласцях Рас. імперыі ў 1838 — 1917 на рус. мове. Перыядычнасць мянялася ад 1 да 6 разоў на тыдзень. У 1838 выдаваліся ў 42 (з 60) губ. цэнтрах. На Беларусі выходзілі «Белостокские областные ведомости» (1838—43), «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилёвские губернские ведомости». Мела афіц. і неафіц. (часам выдавалася самастойна) часткі. Матэрыялы рыхтавалі губ. стат. камісіі, пасля — губ. архіўныя камісіі і к-ты. Спынілі існаванне пасля Лют. Рэв. 1917.

С.В.Говін.

т. 5, с. 517

ГУБЕ́РНЯ,

асноўная адм.-тэр. адзінка ў Расіі і ў СССР у 1708—1929. Падзялялася на правінцыі і дыстрыкты, з 1775 — на паветы ці акругі; 2—3 губерні складалі намесніцтва, з 1775 — генерал-губернатарства. Узначальваў губерню губернатар. Выканаўчыя органы — губернскае праўленне і земскі суд. Пасля скасавання прыгону (1860-я г.) апарат губ. кіравання складаўся з губ. праўлення, галіновых канцылярый (земскіх, гар., суд.-адм., вайск.-адм., грашовых і інш.) і устаноў (казённыя палаты, губ. статыстычныя к-ты і інш.). На Беларусі губерні ўведзены пасля далучэння да Расіі (1772—95). У розны час тут існавалі Пскоўская (1772—76), Магілёўская (1772—78, 1802—1919), Полацкая (1776—96), Беларуская (1796—1802), Мінская (1793—1921), Слонімская (1795—97), Віленская (1795—97, 1801—1920), Літоўская (1797—1801), Гродзенская (1801—1921), Віцебская (1802—1924), Ковенская (1843—1919), Смаленская (1919—24), Гомельская (1919—26) губерні (гл. адпаведныя артыкулы). На тэр. СССР губерні скасаваны ў 1923—29, у БССР — у 1924.

Э.М.Савіцкі.

т. 5, с. 517

ГУБІ́ЗА,

возера, гл. Гульбеза.

т. 5, с. 517

ГУ́БІНСКАЯ КАРДО́ННА-ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896 — 1914 у маёнтку Губіна (цяпер вёска ў Лепельскім р-не). З 1900 мела паравую машыну, з 1908 — паравы рухавік (150 к.с.). У 1910 працавала паравая машына (200 к.с.), 50 рабочых; выраблена кардону і паперы на 38 тыс. руб.

т. 5, с. 517

Губін Валерый Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 375

ГУ́БІЧЫ,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Гомель—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад Буда-Кашалёва, 55 км ад Гомеля, 8 км ад чыг. ст. Шарыбаўка. 755 ж., 322 двары (1997). Лясніцтва. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 517

ГУБКАВА́ТАЯ ГУ́МА,

гл. Сітаватая гума.

т. 5, с. 517

ГУ́БКІ

(Porifera, або Spongia),

тып прасцейшых шматклетачных беспазваночных жывёл. 3 класы: губкі вапнавыя (Calcispongiae, або Spongia); губкі шкляныя, або шасціпрамянёвыя (Hyalospongiae, або Hexactinellida); губкі звычайныя (Demospongiae). Каля 5 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў акіянах і морах ад прыбярэжнай зоны да глыб. 8500 м, найб. разнастайныя і шматлікія на шэльфе, каля 20 відаў — у прэсных вадаёмах. Каланіяльныя, радзей адзіночныя жывёлы, вядуць нерухомы спосаб жыцця. Узніклі ў дакембрыі, найб. размножыліся ў мезазоі. На Беларусі з губак водзяцца бадзягі. Выкапнёвыя выяўлены ў адкладах дэвону, карбону, юры і мелу.

Выш. 2—150 см, цела бакала- або мяшэчкападобнае, адным канцом прымацоўваюцца да субстрату, на другім адтуліна — вусце. Сценкі цела з порамі, праз якія праходзіць вада з прадуктамі жыўлення. Шкілет з вапністых і крэменязёмных іголак (спікул) або з валокнаў арган. рэчыва (спангіну). Большасць губак — гермафрадыты. Кормяцца дэтрытам, прасцейшымі, дыятомавымі водарасцямі, бактэрыямі і інш. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне і тэхніцы, як туалетныя (напр., грэчаская губка), шкляныя губкі ідуць на ўпрыгажэнні і сувеніры.

т. 5, с. 517