Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МНАГАМУ́ЖЖА, палівандрыя,

перажытачная форма шлюбу, калі адна жанчына знаходзіцца ў шлюбе адначасова з некалькімі мужчынамі (найчасцей братамі паміж сабой). Сустракаецца у Тыбеце, Паўн. Індыі.

т. 10, с. 500

МНАГАНО́ЖКА (Polypodium),

род папарацей сям. мнаганожкавых. 75 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі М. звычайная, або папараць салодкая (P. vulgare). Занесена ў Чырв. кнігу, знаходзіцца ў астраўных і асобных лакалітэтах паблізу ўсх. мяжы еўрап. фрагмента арэала. Трапляецца невял. групамі па схілах грунтавых агаленняў берагоў рэк, азёр, радзей на пнях, паваленых дрэвах і інш.

Мнаганожка звычайная.

Шматгадовыя травяністыя эпіфітныя і наземныя расліны з доўгім галінастым карэнішчам, густа ўкрытым бурымі ланцэтнымі лускавінкамі. Скурыстае чаранковае лісце адыходзіць ад яго радамі (адсюль назва). Лісцевыя пласцінкі падоўжана-ланцэтныя, перыста-раздзельныя. Сорусы (кучкі спарангіяў) круглаватыя або авальныя, размешчаны пасярэдзіне ці па краі сегментаў ніжняга боку пласцінкі. Дэкар., лек., дубільныя расліны.

т. 10, с. 500

МНАГАНО́ЖКІ (Myriapoda),

падклас наземных членістаногіх. 4 кл. (губаногія, двухпарнаногія, паўраподы—Pauropoda і сімфілы—Symphyla), больш за 53 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Актыўныя ўначы, жывуць пад карой, камянямі, у лясным подсціле. Удзельнічаюць у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары гельмінтаў, шкоднікі грыбоў, агароднінных культур.

Даўж. да 27 см. Цела цыліндрычнае або пляскатае, сегментаванае (да 177 членікаў). На кожным сегменце 1—2 пары ног (адсюль назва). Кормяцца расліннымі рэшткамі, міцэліем грыбоў, дробнымі беспазваночнымі. Раздзельнаполыя, адкладваюць яйцы. Многія маюць ядавітыя залозы (па баках тулава, на нагасківіцах).

т. 10, с. 500

МНАГАПЁРАПАДО́БНЫЯ (Polypteriformes),

атрад ганоідных рыб. Вядомы з эацэну (каля 40 млн. г. назад). 1 сям. (мнагапёравыя—Polypteridae), 2 роды (мнагапёры—Polypterus і каламаіхты—Calamoichthis), 11 відаў. Пашыраны ў прэсных стаячых вадаёмах трапічнай Афрыкі. Актыўныя ўначы.

Даўж. да 1,2 м. Цела падоўжанае, цыліндрападобнае. Луска ганоідная. Спінны плаўнік складаецца з асобных плаўнічкоў (да 18). Грудныя плаўнікі з мясістай лопасцю ў аснове. Плавальны пузыр вялікі, двухкамерны, часткова выконвае дыхальную функцыю. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Лічынкі з вонкавымі шчэлепамі. Аб’ект промыслу.

Мнагапёрападобныя: 1 — каламаіхт; 2 — мнагапёр.

т. 10, с. 500

МНАГАСКЛА́Д, паліном,

алгебраічная сума канечнай колькасці адначленаў. Ступенню М. наз. найб. са ступеней адначленаў, якія ўваходзяць у яго. Любы М. адной пераменнай можа мець выгляд a0x​n+a1x​n-1+...+an=a0(x-x1)(x-x2)...(x-xn), дзе x1, x2, ..., xn — карані дадзенага М. Складанне, адыманне і множанне М. падпарадкоўваюцца камутатыўнаму (гл. Камутатыўнасць), спалучальнаму (гл. Асацыятыўнасць) і размеркавальнаму (гл. Дыстрыбутыўнасць) законам.

т. 10, с. 500

МНЕ́ВА,

познанеалітычнае паселішча каля с. Мнева Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Размешчана на тэрасе левага берага р. Вырва. Помнік належыць носьбітам кіева-чаркаскай неалітычнай культуры (канец 4-га — сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.). Даследаваннямі выяўлены рэшткі 9 заглыбленых у зямлю пабудоў каркаснай канструкцыі, вогнішчы адкрытага тыпу, гасп. і слупавыя ямы. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, разцы, нажы на пласцінках і адшчэпах, наканечнікі стрэл, серп, клінападобныя сякеры, касцяныя праколкі, кручок, фрагменты глінянага ляпнога посуду і інш.

І.​М.​Язэпенка.

т. 10, с. 500

МНЕМАЗІ́НА, апалон чорны,

матыль, гл. ў арт. Апалоны.

т. 10, с. 501

МНЕМАНІ́ЧНАЯ СХЕ́МА, мнемасхема,

сукупнасць сігнальных прыстасаванняў і ўмоўных відарысаў абсталявання і ўнутр. сувязей аб’екта, якія ў выглядзе схемы размяшчаюцца на дыспетчарскіх пультах ці спец. панэлях. Наглядна паказвае структуру аб’екта, стан (становішча) яго часткі элементаў, ход вытв. працэсу, дазваляе кантраляваць рэжымы аб’ектаў і працэсаў і кіраваць імі. Выкарыстоўваецца на прамысл. прадпрыемствах (устаноўках), у энергет. сістэмах, на чыг. станцыях і інш., а таксама на тэхн. выстаўках і ў навуч. мэтах.

Сігнальнымі прыстасаваннямі на М.с. служаць пераважна візуальныя індыкатары, абсталяванне і ўнутр. сувязі аб’екта паказваюцца з дапамогай сімвалаў Адрозніваюць М.с. мімічныя (з выкарыстаннем фарбаў, каляровых плітак і інш.), светлавыя і камбінаваныя. Дзеянне найб. пашыраных светлавых М.с. заснавана на электралюмінесцэнцыі, нізкавольтнай катодалюмінесцэнцыі і электрааптычных эфектах у вадкіх крышталях. Інфармацыя аб стане аб’екта паказваецца зменай колернасці або яркасці свячэння элементаў М.с., перамяшчэннем светлавога зайчыка, зменай канфігурацыі ці памераў светлавой плямы і г.д.

т. 10, с. 501

МНЕМАНІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваны твор практычнага ці павучальнага характару. Форма М.в. аблягчае запамінанне пэўных правіл ці лічбаў. Такі верш пашыраны ў разнастайных жанрах дзіцячага фальклору (лічылкі, дражнілкі, заклікі, прагаворы):

Раз, два, тры, чатыры,
Мяне грамаце вучылі:
Ні чытаць, ні пісаць,
Толькі ў паплясы гуляць.

У бел. паэзіі М.в. трапляецца рэдка, пераважна ў парадыйных творах.

М.​М.​Грынчык.

т. 10, с. 501

МНЕМАСІ́НА, Мнемазіна,

у стараж.-грэч. міфалогіі багіня памяці, дачка Урана і Геі, сястра тытанаў. Маці 9 муз, якіх нарадзіла ад Зеўса. У пераносным сэнсе М. — памяць.

т. 10, с. 501