МНАГАНО́ЖКІ (Myriapoda),

падклас наземных членістаногіх. 4 кл. (губаногія, двухпарнаногія, паўраподы—Pauropoda і сімфілы—Symphyla), больш за 53 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Актыўныя ўначы, жывуць пад карой, камянямі, у лясным подсціле. Удзельнічаюць у працэсах глебаўтварэння. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары гельмінтаў, шкоднікі грыбоў, агароднінных культур.

Даўж. да 27 см. Цела цыліндрычнае або пляскатае, сегментаванае (да 177 членікаў). На кожным сегменце 1—2 пары ног (адсюль назва). Кормяцца расліннымі рэшткамі, міцэліем грыбоў, дробнымі беспазваночнымі. Раздзельнаполыя, адкладваюць яйцы. Многія маюць ядавітыя залозы (па баках тулава, на нагасківіцах).

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)