Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МНЕМАТЭ́ХНІКА (ад грэч. mnemē памяць + techne мастацтва, майстэрства),

1) тое, што мнемоніка.

2) Цыркавы і эстрадны нумар (дзея), заснаваны на здольнасці запамінання («адгадвання» лікаў, прадметаў, дат, імён). Выконваецца 2 артыстамі пры дапамозе спец. распрацаванага кода.

т. 10, с. 501

МНЕМО́НІКА (ад грэч. mnēmonikos які мае добрую памяць),

сукупнасць асаблівых (адмысловых) прыёмаў і спосабаў, якія аблягчаюць запамінанне як мага большай колькасці звестак, фактаў шляхам утварэння штучных асацыяцый. Шырока выкарыстоўваецца ў выглядзе мнеманічных схем на пультах кіравання, сігнальных табло, панэлях шчытоў.

Выкарыстоўваецца таксама ў мовах праграмавання ў выглядзе абрэвіятур-мнемакодаў для абазначэння кодаў аперацый. Напр., мнеманічная каманда асемблера «LDA A1» (ад англ. Load Accumulator — загрузіць акумулятар) азначае «прачытаць лік з ячэйкі памяці з адрасам, пазначаным сімвалічна A1, і запісаць (загрузіць) яго ў акумулятар працэсара ЭВМ». Асацыятыўныя запамінальныя прыстасаванні заснаваны на наданні розным запісам асацыятыўных адзнак. Выбар запісу робіцца не па канкрэтным (зададзеным) адрасе, а па спалучэнні (асацыяцыі) адзнак, уласцівых інфармацыі, якую шукаюць. Дзякуючы стварэнню такіх штучных асацыяцый пошук і апрацоўка даных паскараецца на 2—3 дзесятковыя парадкі. Прыклады М. — левай рукі правіла, а таксама цыркавы і эстр. нумар «угадвання» думак на адлегласці і «знаходжання» прадметаў (гл. Мнематэхніка).

М.​А.​Ярмаш.

т. 10, с. 501

МНІ́Й (Mnium),

род брыевых імхоў сям. мніевых. Пашыраны ва ўмераным поясе і горных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды М.: абкружаны (M. marginatum), аднагадовы (M. hornum), зорчаты (M. stellare), няпэўны (M. ambiguum). Трапляюцца на глебе, гнілой драўніне, у вільготных і забалочаных месцах.

Адна- і двухдомныя лістасцябловыя расліны даўж. 2—7 см. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, светла- ці цёмна-зялёныя. Сцябло прамастойнае са стэрыльнымі парасткамі.

Лісце скучанае, падоўжана-эліптычнае або падоўжана-ланцэтнае, завостранае. Спарагоны адзінкавыя, рэдка па 2. Каробачка гарызантальная або паніклая, вечка з дзюбкай, каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Мній хвалісты.

т. 10, с. 501

МНОГАВУГО́ЛЬНІК,

замкнёная ламаная лінія. Звёны ламанай лініі наз. старанамі, а іх канцы — вяршынямі М. Утвараецца, калі n пунктаў A1, A2, ..., An паслядоўна злучыць адрэзкамі прамых A1A2, A2A3, ..., An-1An, AnA1. Прыклады М. — трохвугольнік, прамавугольнік, ромб.

М. наз. накіраваным, калі зададзены напрамак яго абходу (на кожнай старане пазначаны яе пачатак і канец, пры гэтым пачатак кожнай з іх супадае з канцом папярэдняй). М. наз. плоскім, калі ўсе яго вяршыні ляжаць на адной плоскасці. Плоскія М. бываюць саманеперасякальныя (кожная старана і вяршыня іх не маюць пунктаў, якія належаць да інш. старон і вяршыняў) і самаперасякальныя. Сума ўнутраных вуглоў любога саманеперасякальнага М. з n старанамі роўная n(n-2). Саманеперасякальны плоскі М. падзяляе пункты плоскасці, якой ён належыць, на ўнутраную і знешнюю часткі. Плоскія М. бываюць выпуклыя (любы адрэзак з канцамі цалкам належыць унутранай вобласці М.) і нявыпуклыя. Выпуклы М. наз. правільным, калі ўсе яго стораны і ўнутраныя вуглы роўныя (напр., квадрат).

Многавугольнікі: 1 — стораны (A1A2, ..., A6A1) і вяршыні (A1, ..., A6) адвольнага шасцівугольніка; 2 — выпуклы шасцівугольнік; 3 — правільны выпуклы пяцівугольнік; 4 — правільны зорчаты пяцівугольнік.

т. 10, с. 501

МНОГАКАНА́ЛЬНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від электрасувязі, які забяспечвае адначасовую і незалежную перадачу многіх паведамленняў па адной лініі сувязі. Ёмістасць лічбавых сістэм М.с. да дзесяткаў тысяч каналаў сувязі. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачанні і інш. для перадачы паведамленняў па паветраных, кабельных, хваляводных, аптычных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях сувязі.

Грунтуецца на частотным, часавым, палярызацыйным або кодавым (ці іх камбінацыі) ушчыльненні сігналаў (раздзяленні каналаў для кожнага паведамлення); канальныя сігналы ўшчыльняюцца ў групавы, які падаецца ў лінію сувязі пасля лінейных пераўтварэнняў для ўзгаднення з яе характарыстыкамі. Частотнае ушчыльненне, калі кожнаму каналу адпавядае пэўны ўчастак спектра частот у агульнай паласе прапускання лініі, выкарыстоўваецца пераважна ў аналагавых сістэмах перадачы; часавае ушчыльненне (адпавядае пэўны прамежак часу) — у аналага-імпульсных і лічбавых сістэмах; палярызацыйнае (тыл палярызацыі хвалі) — у спалучэнні з інш. ў спадарожнікавых і аптычных сістэмах; кодавае ўшчыльненне — у сістэмах рухомай сотавай радыёсувязі і інш. сістэмах з шумападобнымі сігналамі.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 10, с. 501

МНОГАКАРЭ́ННІК (Spirodela),

род кветкавых раслін сям. раскавых. 4 віды. Пашыраны ва ўмераных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 1 від — М. звычайны (S. polyrhiza). Трапляецца ў стаячай і павольнай вадзе азёр, сажалак, канаў.

М. звычайны (травяністая водная расліна) нагадвае маленькі ліст, які плавае на паверхні вады. Недаразвітае сцябло (лісцец) у выглядзе пласцінкі даўж. 3—10 мм і шыр. 1,2—8 мм круглаватай формы, знізу часта чырв. ці чырванавата-фіялетавае, мае з бакоў маленькія лускавінкі (недаразвітае лісце). Каля асновы лісцяца знаходзяцца 2 вузкія кішэнькі, у іх закладваюцца вегетац. пупышкі, часам развіваюцца суквецці, знізу пучкамі адыходзяць фіялетава-пурпуровыя ніткападобныя карэньчыкі (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, без калякветніка. Плод — 1—6-насенны.

Многакарэннік звычайны. Калоніі раслін: 1 — выгляд знізу; 2 — выгляд зверху.

т. 10, с. 502

МНОГАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, паліхеты (Polychaeta),

клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.

Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.

Многашчацінкавыя чэрві: 1 — нераіс пелагічны; 2 — нераіс зялёны; 3 — афрадыта; 4 — пескажыл; 5 — лічынка нераіса зялёнага; 6 — лічынка пескажыла.

т. 10, с. 502

МНО́ЖАННЕ,

аперацыя ўтварэння па двух дадзеных аб’ектах a і b (сумножніках) трэцяга аб’екта с (здабытку). Абазначаецца c = a x b=a∙b=ab. Уласцівасці М. вывучаюцца ў агульнай алгебры, тэорыях груп і кольцаў.

Мае розны канкрэтны сэнс ў залежнасці ад канкрэтнага віду сумножнікаў і здабытку. Напр., у выніку М. цэлых дадатных лікаў a і b атрымліваецца лік с, роўны суме b складаемых, кожнае з якіх роўнае a: c = a + a + ... + a (b складаемых). М. лікаў адназначнае і мае ўласцівасці камутатыўнасці, асацыятыўнасці і дыстрыбутыўнасці. Абагульненні М. звязаныя з магчымасцю разглядаць лікі як аператары ў сукупнасці вектараў на плоскасці. Напр., камплекснаму ліку z = r (cosφ+ і sinφ) адпавядае аператар расцяжэння ўсіх вектараў у r разоў і павароту іх на плоскасці на вугал φ вакол пачатку каардынат. Пры гэтым М. камплексных лікаў адпавядае М. адпаведных аператараў. Такое вызначэнне аператараў пераносіцца на інш. іх віды, якія ўжо нельга выразіць з дапамогай лікаў, напр., лінейныя пераўтварэнні, М. вектараў, матрыц, кватэрніёнаў. Пры гэтым часта парушаюцца некаторыя ўласцівасці М. (звычайна камутатыўнасць).

т. 10, с. 502

МНО́ЖНЫ СКЛЕРО́З,

тое, што рассеяны склероз.

т. 10, с. 502

МНО́СТВА ў матэматыцы,

набор, сукупнасць, збор якіх-н. аб’ектаў (элементаў), што маюць агульную для ўсіх характарыстычную ўласцівасць. Каб задаць М., неабходна зрабіць пералік усіх яго элементаў або назваць правілы, па якіх вызначаецца прыналежнасць дадзенага элемента да пэўнага М. Паняцце М. — адно з пачатковых фундаментальных паняццяў, якое нельга выразіць праз інш. больш простыя паняцці, а можна толькі патлумачыць з дапамогай прыкладаў. Напр., М. кніг дадзенай бібліятэкі, М. пунктаў дадзенай лініі, М. рашэнняў дадзенага ўраўнення.

А.​А.​Гусак.

т. 10, с. 502