ГРЫМУ́ЧАЯ РТУЦЬ,
фульмінат ртуці, ртутная соль грымучай кіслаты, Hg(CNO)2; ініцыіруючае выбуховае рэчыва. Бясколерны ці шэры крышт. парашок. Нерастваральны ў вадзе. Шчыльн. монакрышталёў 4420 кг/м³. Лёгка ўзрываецца ад удару, трэння і інш. мех. і цеплавых уздзеянняў. Пры т-ры 179—180 °C самазагараецца з выбухам (цеплата выбуху 1,8 Мдж/кг). Захоўваюць пад слоем вады (вільготная менш небяспечная). Выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.
т. 5, с. 481
ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І,
грымучнікі, змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).
Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.
т. 5, с. 481
ГРЫМУ́ЧЫ ГАЗ,
сумесь 2 аб’ёмаў вадароду і 1 аб’ёму кіслароду. Пры падпальванні ўзрываецца, у прысутнасці губчатай плаціны гарыць: 2H2 + O2 = 2H2O + 572 кДж. Вадародна-кіслароднае полымя (т-ра да 2800 °C) выкарыстоўваюць для газавай зваркі і рэзкі металаў.
т. 5, с. 481
ГРЫН Аляксандр Сцяпанавіч
(сапр. Грынеўскі; 23.8.1880, г. Слабадскі Кіраўскай вобл., Расія — 8.7.1932),
рускі пісьменнік. Сын ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—64. Шмат вандраваў па Расіі; неаднойчы арыштоўваўся, быў у ссылцы. Першае апавяданне «Заслуга радавога Панцялеева» (1906) было канфіскавана і знішчана. Напісаў больш за 350 апавяданняў, аповесцей, вершаў, паэм, сатыр. мініяцюр. Апублікаваў зб. «Славутая кніга» і «Здарэнне на вуліцы Пса» (1915), «Шукальнік прыгод» і «Трагедыя пласкагор’я Суан» (1916). Грын стварыў свой непаўторны свет, авеяны рамантыкай прыгод, і засяліў яго мужнымі, высакароднымі і свабоднымі людзьмі. У яго творах арганічна пераплецены рэальнасць і невычэрпная фантазія, якая адлюстравала вечную мару пра чалавечае шчасце. Да найб. папулярных належаць аповесць «Пунсовыя ветразі» (1923, экранізавана ў 1961), раманы «Бліскучы свет» (1924, экранізаваны ў 1984), «Залаты ланцуг» (1925), «Бягучая па хвалях» (1928, экранізаваны ў 1967), «Дарога нікуды» (1930) і інш. Яго творчасць доўгі час замоўчвалася і набыла прызнанне ў 1960-я г.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980;
Собр. соч. [Кн. 1—5]. СПб., 1993—94.
Літ.:
Михайлова Л. Александр Грин: Жизнь, личносгь, творчество. 2 изд. М., 1980.
т. 5, с. 481
ГРЫН
(Greene) Генры Грэм (2.10.1904, Беркхэмстэд, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 3.4.1991),
англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1925). Быў журналістам, служыў у разведцы. Аўтар раманаў «Чалавек унутры» (1929), «Стамбульскі экспрэс» (1932, экранізаваны ў 1934; бел. пер. 1993), «Мяне стварыла Англія» (1935), «Сіла і слава» (1940, экранізаваны ў 1962), «Сутнасць справы» (1948), «Ціхі амерыканец» (1955), «Наш чалавек у Гаване» (1958, экранізаваны ў 1959), «Цаной страты» (1961), «Камедыянты» (1966, экранізаваны), «Ганаровы консул» (1973), «Чалавечы фактар» (1978), «Доктар Фішэр з Жэневы, або Банкет з бомбай» (1980), «Мансеньёр Кіхот» (1982) і інш. Пісаў публіцыстыку, вершы, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, літ.-крытычныя эсэ, аўтабіяграфічныя творы. Аддаваў перавагу праблемам індывідуальнай віны і адказнасці, выбару і лёсу, сумлення і абавязку, разглядаў «цёмныя глыбіні» чалавечага духу. Глыбокае раскрыццё паліт. падзей спалучаецца з дасканалым псіхалагізмам, багаццем падтэкстаў, парадаксальнасцю вобразаў і сітуацый. Многія яго творы напісаны ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1992—96.
Е.А.Лявонава.
т. 5, с. 482
ГРЫН
(Green) Джордж (14.7.1793, Снейнтан, цяпер у межах г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 31.3.1841),
англійскі матэматык. Самастойна вывучаў матэматыку, потым скончыў Кембрыджскі ун-т (1837). Навук. працы па матэм. фізіцы. Развіў тэорыю электрычнасці і магнетызму, увёў паняцце патэнцыялу, устанавіў сувязь паміж інтэграламі па аб’ёме і па паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём (гл. Грына формулы), вывеў асн. ўраўненне тэорыі пругкасці. Яго імем названа т.зв. функцыя распаўсюджвання (гл. Грына функцыя).
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. М., 1969.
т. 5, с. 482
ГРЫ́НА ФО́РМУЛЫ,
формулы інтэгральнага злічэння, якія звязваюць паміж сабой інтэгралы розных тыпаў. Самая простая з іх, вядомая яшчэ Л.Эйлеру (1771), звязвае падвойны інтэграл па плоскай паверхні S з крывалінейным інтэгралам па яе мяжы L:
; яе фіз. сэнс: паток вадкасці, якая цячэ па плоскасці са скорасцю V(Q, -P) праз мяжу L, роўны інтэгралу ад інтэнсіўнасці (дывергенцыі) крыніц і сцёкаў, размеркаваных па паверхні S. Дзве інш. формулы, што звязваюць інтэгралы па аб’ёме і па паверхні, якая яго абмяжоўвае, апублікаваны Дж.Грынам у 1828 у сувязі з даследаваннямі па тэорыі патэнцыялу. Гл. таксама Астраградскага формула, Стокса формула.
Р.Т.Вальвачоў.
т. 5, с. 482
ГРЫ́НА ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, звязаная з інтэгральным выяўленнем рашэнняў краявых задач для дыферэнцыяльных ураўненняў. Апісвае вынік уздзеяння кропкавай (засяроджанай) крыніцы сілы, зараду ці інш. (функцыя крыніцы) або распаўсюджванне палёў ад кропкавых крыніц (функцыя распаўсюджвання, напр., патэнцыял поля кропкавага эл. зарада, размешчанага ўнутры заземленай праводнай паверхні). Названа ў гонар Дж.Грына. Грына функцыя і яе аналагі выкарыстоўваюцца ў тэорыі функцый, канечна-рознасных ураўненняў, тэарэт. фізіцы, квантавай тэорыі поля, стат. фізіцы і інш.
Грына функцыя зводзіць вывучэнне ўласцівасцей дыферэнцыяльнага аператара да вывучэння ўласцівасцей адпаведнага інтэгральнага аператара, дае магчымасць знаходзіць рашэнні неаднароднага ўраўнення, трактуецца як фундаментальнае рашэнне лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўн., якое адпавядае аднародным краявым умовам, і г.д. Напр., поле, створанае сістэмай крыніц (у т. л. працяглымі крыніцамі), апісваецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі (суперпазіцыі) уплываў асобных крыніц. Гл. таксама Ураўненні матэматычнай фізікі.
Р.Т.Вальвачоў, Л.А.Яновіч.
т. 5, с. 482
ГРЫ́НБЕ́КЕРЫ
(англ. greenbackers ад greenbacks літар. зялёныя спінкі),
удзельнікі фермерскага руху ў ЗША у 1870—80-я г. Выступілі ў 1875 з мэтай захаваць у абарачэнні абясцэненыя папяровыя грошы (т.зв. грынбекі, іх адваротны бок меў зялёны колер, адсюль назва), спадзеючыся заплаціць імі працэнты па даўгах. У 1875—76 створана паліт. партыя грынбекераў, якая пасля аб’яднання з дробнымі гар. прадпрымальнікамі і рабочымі стала называцца Нац. грынбекерска-рабочай партыяй. Пасля паражэння іх кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 1884 партыя перастала існаваць. У 1890-я г. грынбекеры прынялі ўдзел у руху папулістаў.
т. 5, с. 482
ГРЫ́НБЕРГ Анатоль Саламонавіч
(н. 14.2.1934, Мінск),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1981), праф. (1989). Чл. Нью-Йоркскай АН (1996). Скончыў БПІ (1956) і ленінградскі Паўн.-Зах. завочны політэхн. ін-т (1961). З 1963 у Цэнтр. НДІ арганізацыі і тэхнал. кіравання, з 1992 у Акадэміі кіравання. Навук. працы па тэорыі складаных камп’ютэрных сістэм кіравання і праектавання. Распрацаваў тэарэт. асновы, мадэлі і метады аўтаматызаванага кіравання буйнымі прамысл. аб’ектамі. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Основы построения систем проектирования АСУП. М., 1983;
Элементы компьютерных информационных технологий. Мн., 1996 (у сааўт.).
М.П.Савік.
т. 5, с. 482