Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЫ́БАС

(Grybas) Віннае Юргё (3.10.1890, в. Пелянай Шакяйскага р-на, Літва — 3.7.1941),

літоўскі скульптар. Вучыўся ў Варшаўскай школе малявання (1909—12), Каўнаскім маст. вучылішчы (1923—25) і ў студыі Э.А.Бурдэля ў Парыжы (1925—27). Аўтар дэкар. пластыкі («Сава»), бюста С.Даўкантаса і помніка яму ў пас. Папіле, партрэтаў П.Вілейшыса, кн. Вітаўта (усе 1930), манумента «Жэмайціс» у Расейняі (1933—34), кампазіцыі «Бірутэ і Кастуціс» (1939) і інш. Для твораў характэрны рамант. ўздым, псіхалагізм, абагульненыя рэаліст. формы, часам стылізацыя.

т. 5, с. 470

ГРЫ́БАЎ Аляксей Мікалаевіч

(31.1.1902, Масква — 26.11.1977),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Герой Сац. Працы (1972). З 1924 у МХАТ. Ствараў драм. і камедыйныя вобразы, псіхалагічна распрацаваныя, натуральныя, сцэнічна выразныя: Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Чабутыкін, Фірс («Тры сястры», «Вішнёвы сад» А.Чэхава), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.Дастаеўскага), Лука («На дне» М.Горкага), Глоба («Рускія людзі» К.Сіманава), Няпрахін («Залатая карэта» Л.Лявонава). З 1935 здымаўся ў кіно: «Вяселле», «Без віны вінаватыя», «Верныя сябры», «Паласаты рэйс», «За ўсё ў адказе» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951, 1952 і Расіі 1974 за тэатр. работы.

т. 5, с. 470

ГРЫ́БАЎ Сяргей Яфімавіч (17.7.1895, г. Рослаўль Смаленскай вобл., Расія — 29.7.1938, савецкі ваен. дзеяч, камкор (1935). З 1914 у арміі. З 1918 у Чырв. Арміі, камандзір палка, брыгады на Зах. фронце. Удзельнічаў у баях супраць войск С.Н.Булак-Балаховіча, у вызваленні Беларусі ад польск. войск. Узнаг. 3 ордэнамі Чырв. Сцяга. З 1922 пам. камандзіра 2-й Бел. дывізіі, з 1924 пам. нач. Гал. ўпраўлення РСЧА. З 1928 камандзір 5-га стрэлк. корпуса, які размяшчаўся ў БССР. З 1935 нам. камандуючага, з 1937 камандуючы войскамі Паўн.-Каўказскай ваен. акругі. Чл. Ваен. савета пры НКА СССР. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1930—32, чл. ЦК КП(6)Б у 1932—36. Чл. ЦВК БССР у 1929—35 і ЦВК СССР. 28.1.1938 арыштаваны, 27.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Селиванов П.А. Комкор Сергей Грибов. Мн., 1972.

П.А.Селіванаў.

т. 5, с. 470

ГРЫБАЧО́Ў Мікалай Мацвеевіч

(19.12.1910, в. Лопуш Бранскай вобл., Расія — 10.3.1992),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Гал. рэдактар час. «Советский Союз» (1950—54 і 1956—91). Аўтар паэтычных зб. «Паўночны Захад» (1935), «Па дарогах вайны» (1945), «Пасля навальніцы» (1952), «Дарагія землякі» (1954), «Роздум» (1955), «Белае — чорнае» (1965), «І вецер з чатырох бакоў...» (1968), «Споведзі на шляху» (1970), «... І песня зорак» (1979), «Секунды, дні, гады» (1982); паэм «Відліца» (1940), «Калгас «Бальшавік» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Вясна ў «Перамозе» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «У нашых знаёмых» (1955), «Амерыка, Амерыка!» (1961), «Сталь і моль» (1962); аповесці «Белы анёл у полі» (1967); раманаў «Ударная сіла» (1971), «Бітва» (1976). Пісаў нарысы, публіцыстыку (кн. «Выбар стагоддзя», 1983), артыкулы пра л-ру (кн. «Палеміка», 1963). Ленінская прэмія 1960.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1971—73.

т. 5, с. 470

ГРЫ́БІНА,

вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Падпарадкоўваецца Круглянскаму пасялковаму Савету. Цэнтр калгаса. За 6 км на ПнЗ ад г.п. Круглае, 68 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Славені. 339 ж., 105 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 5, с. 470

ГРЫБКО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ СКУ́РЫ,

дэрматамікозы, хваробы скуры і слізістых абалонак, выкліканыя патагеннымі грыбкамі. Крыніца хваробы — хворыя людзі ці жывёлы (цяляты, каты, пацукі). Прычыны: наяўнасць хранічных інфекц. і неінфекц. хвароб (туберкулёз, цукровы дыябет, злаякасныя пухліны і інш.), хранічныя інтаксікацыі (наркаманія, алкагалізм, таксікаманія), пашкоджанні скуры і слізістых абалонак, ужыванне доўгі час антыбіётыкаў, цытастатычных і кортыкастэроідных прэпаратаў, прамянёвая тэрапія і інш. Падзяляюцца на 4 групы: кератамікозы, дэрматафітыі, кандыдозы, глыбокія мікозы.

Кератамікозы (вотруб’епадобны лішай) мала заразныя. Узбуджальнікі іх паразітуюць у паверхневым слоі скуры, запаленне яе не выклікаюць. Дэрматафітыя (трыхафітыя, мікраспарыя, эпідэрмафітыя, фавус) выклікае хваробы скуры, валасоў, пазногцяў, а кандыдоз, акрамя таго, слізістых абалонак. Пры глыбокіх мікозах (какцыдыяідоз, гістаплазмоз, хромамікоз і інш.) пашкоджваюцца не толькі скура і слізістая абалонкі, але і ўнутр органы, нерв. сістэма і касцявы апарат. Лячэнне: прэпараты з фунгістатычным і фунгіцыдным дзеяннем, анілінавыя фарбы.

М.З.Ягоўдзік.

т. 5, с. 470

ГРЫБКО́ЎСКІ Віктар Паўлавіч

(н. 30.4.1932, в. Асташкавічы Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1977), д-р фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). З 1956 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі, адначасова ў 1975—85 нам. старшыні Савета па каардынацыі навук. дзейнасці пры прэзідыуме Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай оптыцы, лазернай фізіцы, люмінесцэнцыі, фізіцы стрымерных разрадаў у паўправадніках. Развіў тэорыю люмінесцэнцыі і паглынання святла пры інтэнсіўным узбуджэнні, увёў паняцце параметра нелінейнасці, вызначыў заканамернасці эфектаў насычэння ў паўправадніках і асн. характарыстыкі аптымальнага рэжыму генерацыі паўправадніковых лазераў. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Введение в теорию люминесценции. Мн., 1963 (разам з Б.І.Сцяпанавым);

Теория поглощения и испускания света в полупроводниках. Мн., 1975;

Полупроводниковые лазеры. Мн., 1988.

т. 5, с. 470

ГРЫ́БНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 46 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,8 км², даўж. 1,83 км, найб. шыр. 700 м, найб. Глыб. 1,2 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 19,6 км².

Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн да 11 м), параслі лесам і хмызняком, на ПнЗ разараныя. Берагі забалочаныя, сплавінныя, на Пн пясчаныя. Пойма шыр. да 200 м, забалочаная, тарфяністая. Дно выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае падводнай расліннасцю. Упадае ручай з воз. Званае, выцякае ручай у воз. Клетнае.

т. 5, с. 471

ГРЫБНА́Я КАПУ́СТА,

спарасіс кучаравы (Sparassis crispa), базідыяльны грыб з роду спарасіс сям. рагацікавых. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца рэдка, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў хвойных лясах, каля асновы ствалоў, радзей на свежых пнях. Выклікае жоўта-бурую гніль каранёў і асновы ствалоў хвоі. Малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у жн. — лістападзе.

Пладовае цела дыям. 10—35 см, масай да 10 кг, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль назва); у маладых грыбоў белаватае, у старых вохрыстае, светла-карычневае. Тканка белая, валакністая, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Споры эліпсоідныя, гладкія, жаўтаватыя.

т. 5, с. 471

ГРЫБНІ́ЦА,

тое, што міцэлій.

т. 5, с. 471