Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д ГАНДЛЁВАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ.

Засн. ў 1961 для выпуску пасудамыйных машын для прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Гал. вытв. цэхі ўведзены ў дзеянне ў 1963—73. З 1987 Гродзенскае вытворчае аб’яднанне гандл. машынабудавання, з 1.4.1995 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): пасудамыйныя машыны для прадпрыемстваў грамадскага харчавання, быт. і прамысл. электраводанагравальнікі, вырабы мед. і с.-г. тэхнікі, тавары культ.-быт. прызначэння.

т. 5, с. 432

ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д КАРДА́ННЫХ ВАЛО́Ў.

Дзейнічае з 1951 як рамонтна-падшыпнікавы з-д. У 1955 рэарганізаваны ў з-д «Аўтазапчастка». У 1961 перайменаваны ў з-д карданных валоў. З 1995 АТ «Белкард». Асн. прадукцыя (1996): карданныя валы для аўтамабіляў, аўтобусаў і трактароў, с.-г. машын, трамваяў, тралейбусаў, чыг. пасажырскіх вагонаў, аўтакранаў і аўтагрэйдэраў, рулявыя цягі да трактароў МТЗ і інш. Рэалізуецца ў Беларусі і Расіі.

т. 5, с. 432

ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д «БЕЛТАПА́З».

Створаны ў 1958 як з-д сан.-тэхн. абсталявання. У 1960 перайменаваны ў з-д «Электрасвятло», у 1966 у з-д тэхнал. аснасткі, у 1976 у вытв. аб’яднанне па выпуску тэхнал. аснасткі, у 1986 з-д такарных патронаў, з 1996 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1996): такарныя патроны розных мадыфікацый, дамкраты да легкавых аўтамабіляў, мэблевая фурнітура, фільтры аўтамаб. і інш.

т. 5, с. 432

ГРО́ДЗЕНСКІ ЗАВО́Д «РАДЫЁПРЫЛА́ДА».

Засн. ў 1926 як прыватнае прадпрыемства. У пасляваенны перыяд — з-д быт. прылад, пасля рэканструкцыі ў 1965 з-д «Электрапрылада», з 1978 з-д «Радыёпрылада», выпускаў аўтамагнітолы. З 1995 пасля аб’яднання з ВА «Хваля» (выпускала дэталі для аўтамагнітол) — ВА «Радыёхваля». Асн. прадукцыя (1997): аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары, генератары і агрэгаты для дызельных рухавікоў, эл.-тэхн. вырабы с.-г. прызначэння і абсталяванне для кабельнага тэлебачання.

т. 5, с. 432

ГРО́ДЗЕНСКІ КАМБІНА́Т БУДМАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створаны ў 1950 на базе цагельнага, кафляна-плітачнага і вапнавага прадпрыемстваў. З 1958 буйное механізаванае прадпрыемства па выпуску будматэрыялаў. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і вонкавая каляровая, арміраваныя панэлі з ячэістага і шчыльнага сілікатабетону, ячэістыя блокі, вапна будаўнічая, плітка аддзелачная каляровая сілікатабетонная, уцяпляльнік газасілікатны, чарапіца палімерпясчаная. Гасп. сувязі з Літвой і Расіяй.

т. 5, с. 432

ГРО́ДЗЕНСКІ КАРАЛЕ́ЎСКІ ПАЛА́Ц,

гл. Гродзенскі Новы замак.

т. 5, с. 432

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры 16—18 ст., у якім спалучаны прыёмы і формы готыкі, рэнесансу і барока. Комплекс уключае касцёл, жылы корпус, вежу-званіцу, якія звязаны паміж сабой і ўтвараюць замкнёны ўнутр. двор. Размешчаны на высокім правым беразе Нёмана і з’яўляецца дамінантай сілуэта забудовы цэнтра горада.

Драўляны кляштар засн. ў 1494 у Гродне (фундатар А.Ягелончык). Буд-ва мураванага касцёла пачалося ў 1602. У 1656 кляштар пашкоджаны пажарам. У 1680 перакрыта страха касцёла, рэстаўрыраваны алтар св. Антонія, пабудавана капліца св. Барбары. У 1736 пабудаваны 3 алтары ў капліцы св. Міхаіла, перабудаваны алтары св. Міхаіла, св. Банавентуры, св. Ануфрыя, св. Пятра з Алькантары. У 1738 рэстаўрыравана званіца.

Касцёл — 3-нефавая 6-стаўповая базіліка, у архітэктуры якой спалучаюцца стылявыя элементы готыкі, рэнесансу і барока. Гал. фасад дэкарыраваны антаблементам, пілястрамі карынфскага ордэра, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам. У 1788 інтэр’ер аздоблены жывапісам, разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на падпружных арках, размаляваных у тэхніцы грызайль (гербы заказчыкаў, раслінны арнамент). Над прытворам хоры з арганам (устаноўлены ў 1680-я г.). У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў (за выключэннем аднаго, зробленага ў 20 ст. мясц. рэзчыкам І.Болдакам) выкарыстаны элементы карынфскага ордэра, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць скульпт. і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы «Чатыры евангелісты», «Святая сям’я», «Маленне аб чашы», выкананыя ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны гал. алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам. Двухпавярховы жылы корпус далучаны да паўд. сцяны касцёла. Сцены члянёны прамавугольнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Да гал. фасада касцёла з паўд. боку прымыкае вежа-званіца. Два верхнія ярусы званіцы, перабудаваныя ў 1788, выкананы ў стылі позняга барока, маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт.

С.Г.Багласаў, М.М.Яніцкая.

т. 5, с. 433

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК,

помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1634—42 у Гродне па фундацыі К. і А.Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, гасп. пабудовы (збярогся толькі лямус, гл. ў арт. Гродзенскія лямусы), мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), сад, агарод, званіцу-капэлу (стаяла асобна, на другім баку вуліцы; знішчана ў 1960-я г.). Касцёл — аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай. Гал. фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з 3-часткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтр. плоскасць і 2 вуглавыя вежы. Ніжні ярус члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі. Над пілястрамі праходзіць антаблемент, фрыз якога аформлены манум.-дэкар. жывапісам у тэхніцы сграфіта. Гал. фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохвугольным франтонам і 2-яруснымі дэкар. вежачкамі. Інтэр’ер вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус — прамавугольны ў плане 2-павярховы аб’ём з вял. унутр. дваром. На паўн. фасадзе захаваўся партал, аздоблены маст. тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па вуглах якой былі невял. 6-гранныя вежы (захаваўся 1-ы ярус адной з іх). Агароджа мела 4 брамы (захаваліся 3 найб. манум. перад касцёлам). Зберагліся таксама брамы для пешага люду і праезная брама гасп. двара.

С.Г.Багласаў, Т.Р.Маліноўская.

т. 5, с. 433

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1633—1832 у Гродне. Засн. літ. падкаморыем Фрыдрыхам Сапегам і яго жонкай Крысцінай. Мураваны, з 2-вежавым фасадам, касцёл Дзевы Марыі Ружанцавай асвячоны ў 1726. У храме было 8 разьбяных алтароў, арган на 10 галасоў, бронзавы бюст караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У мураваным 2-павярховым корпусе кляштара размяшчаліся школы. Сярод прыбораў кабінетаў былі 5 электрычных машын, магнітныя вагі, тэлескоп, мікраскоп, барометры і інш. Мелася хімічная лабараторыя, у б-цы было больш за 10 тыс. тамоў. У 1832 кляштар закрыты, будынкі не захаваліся.

А.А.Ярашэвіч.

т. 5, с. 433

ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пачаў фарміравацца пасля 1622. У комплекс уваходзілі касцёл, будынкі калегіума, б-ка, Гродзенскай аптэкі будынак, друкарня, жылыя карпусы і гасп. пабудовы. Першы «касцёльчык» Пятра і Паўла быў драўляны і існаваў з 2-й чвэрці 17 ст. да 1700. Езуіцкая рэзідэнцыя будавалася пасля 1664 (калі атрымала статус калегіума), мураваны касцёл — з 1678 (фундатары Самуэль і Канстанцыя Лозы; набажэнства ў касцёле пачалося ў 1700). У 1725 на вежы-званіцы касцёла ўстаноўлены гадзіннік (помнік тэхнікі сярэднявечча, раней знаходзіўся на вежы калегіума), які выконваў ролю гарадскога. У 1750—52 надбудаваны вежы. Стары мураваны калегіум будавалі ў 1677—83, новы — у 1691 (1-ы паверх) і ў 1740—44 (2-і і 3-і паверхі). Касцёл (з 1783 наз. фарны) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка (выш. 53,6 м, у плане 30×60 м). Двухвежавы амаль плоскі фасад падзелены паясамі антаблементаў на 3 ярусы, 2 ніжнія раскрапаваны падвойнымі карынфскімі пілястрамі. У арачных нішах драўляныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, св. Ксаверыя (разьбяр Г.Гіс, 1768). У цэнтры фасада вял. акно і балкон для аркестра. Сілуэт ажыўляюць увагнутыя сцены і 2 вазы мураваных барочных купалаў над вежамі. Бакавыя нефы высокія (10,5 м), асветлены вял. лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі, перакрыты крыжовымі скляпеннямі.

Высокамастацкі багаты і ўрачысты інтэр’ер насычаны скульптурай, арх. пластыкай і фрэскамі. Гал. драўляны 3-ярусны алтар (выш. 21 м) створаны ў 1736 у стылі позняга барока, аздоблены шматлікімі калонамі і пілястрамі. У касцёле 12 бакавых алтароў: 2 у капліцах, 4 у трансепце і 6 кулісных. Інтэр’ер касцёла дапаўняюць помнік А.Тызенгаўзу (пач. 20 ст.), мемар. дошка праф. Ягелонскага ун-та З.Ф.Урублеўскаму (1845—88), творы дэкар.-прыкладнога мастацтва. Кляштар займаў цэлы квартал (120 х 160 м), у сярэдзіне якога знаходзіўся калегіум. Складаўся з гал. 3-павярховага (новы калегіум), зах. 2-павярховага і ўсх. 3-павярховага (стары калегіум) крылаў. На стыку старога і новага калегіумаў была трапезная, над якой размяшчалася б-ка з сенцамі, над імі — капліца. Абапал старога калегіума размяшчаліся гасп. двары з флігелямі, дзе былі майстэрні, стайні, вазоўні. Пры гал. браме стаяла бурса. Побач з касцёлам будынак аптэкі, на Пн ад яго была мураваная школа, дзе размяшчаўся т-р. Астатнюю тэр. займаў вял. сад. Захаваліся касцёл, аптэка, стары і новы калегіумы, бурса, трапезная, б-ка, майстэрні, стайні, вазоўні.

А.У.Міленкевіч, Е.Пашэнда.

т. 5, с. 433