ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПЕРАПЛЁТНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1849—1914. Вырабляла блакноты, альбомы, календары, канторскія кніжкі, партфелі. У 1913 працавала 230 чал. Мела газавы рухавік.
т. 5, с. 428
«ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная грамадска-паліт. газета. З 9.10.1939 выдавалася ў Беластоку пад назвамі «Освобожденный Белосток», «Вольная праца» (студз. 1940 — чэрв. 1941), «Белостокская правда» (ліст. 1943—чэрв. 1944; выдавалася падпольна на бел., рус. і польск. мовах). З 22.10.1944 выдаецца ў Гродне пад сучаснай назвай 5 разоў на тыдзень. У 1963—91 выходзіла на рус. мове, у 1948—63 і з 1991 — на бел. і рус. мовах. Асвятляе грамадска-паліт., эканам. і культ. жыццё Гродзенскай вобл., інфармуе пра рэспубліканскія, міжнар. падзеі. Друкуе матэрыялы па гісторыі, л-ры, мастацтве Беларусі, пра экалагічныя і інш. праблемы.
т. 5, с. 428
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. Пабудавана майстрамі Гродзенскай школы дойлідства. Пашкоджана пажарам у 1654. Рэшткі яе выяўлены археолагамі ў 1980 на тэр. Гродзенскага манастыра базыльянак.
6-слуповы 3-нефавы храм меў 3 прамавугольныя ў плане апсіды са зрэзанымі вугламі. Сцены (таўшчыня 1—1,1 м) складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. У верхнія часткі сцен і скляпенні былі ўмураваны керамічныя збаны (галаснікі). Фасады былі аздоблены лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога, выкладзеная маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колеру разнастайнай формы, сваім малюнкам нагадвае падлогу Гродзенскай Ніжняй царквы.
І.М.Чарняўскі.
т. 5, с. 428
ГРО́ДЗЕНСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са снеж. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Гродзенскага р-на; уваходзіла ў Беластоцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю. Складалася з падп. груп (больш за 80 чал.) у Адэльскім, Індурскім, Капцёўскім, Крынкаўскім, Кузніцкім, Сакольскім, Эйсмантаўскім сельсаветах. Узначальваў яе раённы антыфаш. к-т (старшыня А.М.Шумілін). Члены арг-цыі вялі масава-паліт. работу ў населеных пунктах, распаўсюджвалі падп. газеты, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, забяспечвалі партызан разведданымі аб праціўніку, зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі, харч. прадуктамі. Разам з партызанамі прымалі ўдзел у дыверсіях на чыгунках Гродна—Беласток і Гродна—Масты, пашкодзілі тэлеф. лінію на адрэзку ў 7 км, знішчылі 2 вагоны з авіябомбамі і інш.
т. 5, с. 428
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА.
Засн. ў 1861 (паводле інш. звестак у 1859) у Гродне акц. кампаніяй Шарашэўскага і інш. Вырабляла тытунь, цыгарэты і папяросы. Сыравіну прывозілі з Расіі, Крыма, Украіны, Амерыкі. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1945—49. У 1964—87 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Нёман». З 1988 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): папяросы і цыгарэты, у т. л. вышэйшага гатунку («Мінск», «Космас», «Пушча», «Арбіта», «Гродна», «Фільтр» і інш.). Супрацоўнічае з фірмамі краін СНД, Англіі, Германіі, Швейцарыі.
т. 5, с. 428
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКАЯ РА́ДА,
Беларускі вучыцельскі саюз Гродзеншчыны, прафесійна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў. Дзейнічала ў Гродне ў ліп. 1919 — крас. 1920 ва ўмовах польск. акупацыі. Узначальвалі І.Антонаў, са жн. 1919 — Л.Дзекуць-Малей. Выступала за беларусізацыю нар. асветы, арганізацыю бел. школьніцтва ў Гродзенскай губ., паліт. і сац. абарону бел. настаўніцтва; супраць абмежавання польск. ўладамі бел. асветы і паланізацыі бел. школ. Накіроўвала на вучобу на бел. настаўніцкія курсы ў Вільню настаўнікаў Гродзеншчыны. Яе намаганнямі ў 1919 1-я бел. пач. школа ў Гродне пераўтворана ў прагімназію. Падтрымлівала сувязь з Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Цэнтр. бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, мясц. Грамадой беларускай моладзі ў Гродне, з інш. бел. настаўніцкімі саюзамі. Паўнамоцтвы перадала Беларускай школьнай радзе ў Гродне.
У.В.Ляхоўскі.
т. 5, с. 429
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, якая склалася ў 12 ст. ў Гродне. Пабудовы Гродзенскай школы дойлідства вызначаліся арыгінальнымі сродкамі выразнасці — выкарыстаннем у роўнаслаёвай муроўцы з плоскай цэглы (плінфы) дэкар. прыроднага каменю (абчасаных, паліраваных валуноў), геам. кампазіцый з каляровых паліваных кафляў, наборнай маёлікавай падлогі з плітак разнастайных формаў. Для аб’ёмна-прасторавых кампазіцый характэрна адносна невял. таўшчыня апорных канструкцый, круглая і гранёная форма ўнутр. слупоў. Каб палепшыць акустыку, у верхнія часткі сцен умуроўваліся керамічныя збаны (галаснікі). Узоры Гродзенскай школы дойлідства — Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, Гродзенскі княжацкі церам, царква ў Ваўкавыску (сярэдзіна 12 ст.; у 1956 выяўлены рэшткі падмурка на замчышчы).
т. 5, с. 429
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
феадальная каралеўская (велікакняжацкая) гаспадарка ў ВКЛ у 1589—1796. Створана ў выніку пераўтварэння Гродзенскага староства ў дзярж. маёнтак, прыбыткі ад якога ішлі на ўтрыманне вял. князя, яго двара, дзярж. апарата, войска і інш. Мела асобнае адм.-гасп. кіраванне. У 1783 падзялялася на «губерні» (Азёрскую, Дамброўскую, Квасаўскую, Крынкаўскую, Сакольскую, Яноўскую), у склад якіх уваходзілі 49 ключоў, 24 фальваркі, 1 лентвойтаўства, 13 гарадоў і мястэчак, 368 вёсак і 5 пушчаў; нас. 42 380 чал. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) уладанні эканоміі перададзены, часткова прададзены прыватным асобам.
т. 5, с. 429
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВОДАНАПО́РНЫЯ ВЕ́ЖЫ,
помнікі вытворчай архітэктуры; 2 вежы, пабудаваныя ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Гродне ў эклектычным стылі. Мураваныя 8-гранныя ў плане збудаванні (выш. 22 м) падзелены па вышыні на 6 частак. Кожная з іх мае звязаныя паміж сабой 4 адсекі (размешчаны інж. абсталяванне і службовыя памяшканні). У цэнтры — трубы для падачы вады ў рэзервуар у верхняй частцы вежы.
Фасады паўн. вежы, пабудаванай у 1910-я г., багата дэкарыраваны. Карнізы з арнаментамі, паясы, дэнтыкулы падзяляюць будынак знадворку на 4 ярусы. Спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі надае пабудове маляўнічасць. Паўд. вежа, пабудаваная ў 19 ст., мае падобную структуру. Дэкор яе фасадаў больш стрыманы.
т. 5, с. 440
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936.
Выяўляліся ў форме забастовак, дэманстрацый, мітынгаў, накіраваных супраць наступу прадпрымальнікаў на правы рабочых; састаўная частка барацьбы за стварэнне адзінага рабочага і антыфаш. нар. фронту. Адбыліся пад кіраўніцтвам міжпарт. к-та, створанага з мясц. арг-цый КПЗБ, ППС і Бунда. У лютым адбыліся стачкі гарбароў, швейнікаў, харчавікоў; у сакавіку — рабочых фанернай ф-кі, металічнага, шклянога, лесапільнага і кафельнага з-даў. 17 сак. рабочыя ўсіх прадпрыемстваў Гродна падтрымалі агульнапольскую забастоўку; стачкі пратэсту прайшлі ў адказ на расправу паліцыі над рабочымі Кракава, Чанстахова і Львова. Першамайская дэманстрацыя (больш за 4 тыс. чал.) і мітынг (больш за 8 тыс. чал.) прайшлі пад лозунгамі антыфаш. нар. барацьбы супраць вайны і фаш. тэрору, у абарону СССР, за ліквідацыю канцлагера ў Бярозе-Картузскай.
І.І.Коўкель.
т. 5, с. 440