Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРОГ

(англ. grog),

напітак з гарэлкі, рому або каньяку і гарачай вады з цукрам.

т. 5, с. 419

ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,

помнік эклектычнай архітэктуры. Пабудаваны ў Гродне ў 1884. Трохпавярховы цагляны будынак на высокім цокалі. З паўд. боку да яго прымыкае 2-павярховае крыло. Насычаны арх.-пластычны дэкор уключае руст, прафіляваныя філёнгі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнаментальныя паясы меандра і дубовых галінак. Па баках фасада над прафіляваным карнізам з сухарыкамі пастаўлены лучковы і прамавугольны атыкі. Бакавы ўваход вылучаны рызалітам з балконам. На дваровым фасадзе выступаюць глыбокія рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў.

А.М.Кулагін, І.Г.Трусаў.

т. 5, с. 419

ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА ШПІТА́ЛЯ БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры канца 18 — пач. 19 ст.

Узнікненне шпіталя ў Гродне звязана з дзейнасцю ордэна баніфратаў, які ў канцы 18 ст. меў драўляны будынак шпіталя. У пач. 1840-х г. шпіталь размяшчаўся ў мураваным 2-павярховым будынку бровара баніфратаў, а пасля скасавання ордэна яго будынак перададзены пад акр. шпіталь. У 1857 і 1891 будынак перабудаваны, да яго дабудаваны 2 трохпавярховыя флігелі, і ў такім выглядзе ён захаваўся да нашага часу.

Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з цокальным паверхам. Сіметрычная кампазіцыя гал. фасада падкрэслена 3 рызалітамі, завершанымі фігурнымі атыкамі. Аперацыйная зала ў сярэдзіне асн. аб’ёму мела купал. З 1902 у будынку размяшчаліся акр. ўправа і паштова-тэлегр. кантора з кватэрамі для служачых. У 2-й пал. 20 ст. з гал. фасада зняты балконы, ліквідаваны купал, зменена ўнутр. планіроўка.

Р.М.Акінчыц.

т. 5, с. 419

ГРО́ДЗЕНСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1913 у Гродне паводле праекта арх. Б.Астравумава. Мае рысы стылю мадэрн. 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам з купалам у месцы злучэння аб’ёмаў. У дэкар. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытага муру з жоўтай цэглы і белых ляпных дэталей. Будынак аздабляюць каваныя агароджы балконаў, унутранай лесвіцы, навес над уваходам.

В.М.Чарнатаў.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1793—95. Цэнтр — г. Гродна. Утворана паводле рашэння Гродзенскага сейма 1793, калі Гродзенскі пав. Трокскага ваяв. пераўтвораны ў самаст. ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) указам рас. ўрада ад 25.12.1795 ваяводства пераўтворана ў Гродзенскі пав. Слонімскай губ. 2) Назва, якая выкарыстоўвалася паўстанцамі ў адносінах да Гродзенскай губ. ў перыяд падрыхтоўкі і ў ходзе паўстання 1863—64.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «АЗО́Т» імя С.В. Прытыцкага. Адно з найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Засн. ў 1963 як Гродзенскі азотна-тукавы з-д. З 1970 хім. камбінат, з 1975 сучасная назва. У складзе Бел. дзяржканцэрна «Белхімнафтапрам». Супрацоўнічае з шэрагам буйнейшых фірмаў і НДІ. Мае ўласныя навук. падраздзяленні. Асн. Прадукцыя (1997): аміяк, мінер. ўгнаенні, капралактам, тавары нар. ўжытку. Асн. сыравіна: прыродны газ з газаправода Таржок—Мінск—Івацэвічы, сера з Польшчы і Украіны, бензол з Наваполацка і г. Тальяці. Экспарт прадукцыі ў Кітай, Індыю, Канаду, Францыю, Англію, ЗША, краіны СНД, Міжземнаморскага рэгіёна і Скандынавіі.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́».

Засн. ў 1978 як з-д сінт. валакна. З 1983 сучасная назва. Выпускала кордавую тканіну для шыннай прам-сці. У 1980 уведзена 2-я чарга па вытв-сці тэкстураванай жгутавай ніткі дывановага асартыменту, у 1989 — 3-я чарга па выпуску звыштрывалай кордавай тканіны, у 1997 — устаноўка па выпуску капронавай крошкі. Асн. прадукцыя (1996): ніткі жгутавыя капронавыя для дываноў, кордавая капронавая тканіна, валакно штапельнае, паліаміды; тавары нар. ўжытку (больш за 30 відаў). Асн. спажыўцы (1996): Англія, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Галандыя, Германія, ЗША, Італія, Польшча, Чэхія, Швейцарыя, Японія, краіны СНД і Прыбалтыкі.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ПРАДЗІ́ЛЬНА-НІ́ТАЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.

Засн. ў 1967 як бавоўнапрадзільная ф-ка. З 1973 прадзільна-нітачны камбінат. З 1980 сучасная назва. Уключае бавоўнапрадзільную і нітачную ф-кі. Асн. прадукцыя (1996): пража баваўняная і змешаная, швейныя ніткі баваўняныя і арміраваныя (бавоўна з поліэфірным стрыжнем). Прадукцыя з’яўляецца сыравінай для трыкатажных, галантарэйных, ткацкіх, швейных і абутковых прадпрыемстваў, ідзе на выраб бялізнавага і верхняга трыкатажу, панчошна-шкарпэтачных вырабаў, пашыў адзення, абутку і інш.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ТОНКАСУКО́ННАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.

Засн. ў 1947 як тонкасуконны камбінат. З 1986 сучасная назва. Уключае ткацка-апрацоўчую (галаўное прадпрыемства) і прадзільную ф-кі. Асн. прадукцыя: паўшарсцяныя палітовыя і касцюмныя тканіны.

т. 5, с. 420

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Гродне. Складалася з 6 груп

(60 чал.): б. ваеннаслужачых і сав. работнікаў (кіраўнік М.А.Волкаў),

рабочых мясакамбіната (В.Д.Разанаў), рабочых з-да па рамонце аўтамаб. тэхнікі (С.П.Лямаў), 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо (Н.Н.Багатыроў, С.П.Панасюк, Г.І.Святлічны). Падполле працавала ў цесным кантакце з партызанамі брыгад імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай, імя К.Каліноўскага Беластоцкай абл., са спецгрупамі Чырв. Арміі. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перавязачныя сродкі, адзенне, разведданыя аб праціўніку і варожай агентуры, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і газеты. Падпольшчыкі групы Лямава вывелі са строю каля 150 машын, шмат абсталявання аўтарамонтных майстэрняў, групы Панасюка знішчылі воданапорную калонку на ст. Гродна; большасць «адрамантаваных» групай чыгуначнікаў паравозаў хутка выходзіла са строю, закладзеныя імі ў тэндэры толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль, вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарваны таксама 2 эшалоны, учынена крушэнне 2 сустрэчных цягнікоў на ст. Гродна і інш.

М.Ф.Шумейка.

т. 5, с. 420