Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАФІТЫЗА́ЦЫЯ,

працэс утварэння графіту ў некаторых метал. сплавах (пераважна на аснове жалеза), якія маюць вуглярод у выглядзе няўстойлівых карбідаў. Адбываецца пры павышанай т-ры (напр., пры адпале), пад уплывам якой у метал. аснове сплаву фарміруюцца і растуць часцінкі графіту. Графітызацыя павышае зносаўстойлівасць сплаваў за кошт высокіх змазачных уласцівасцей графіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вырабаў з коўкага чыгуну.

т. 5, с. 415

ГРАФІ́ЦІ

(італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),

старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб. стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.

Г.В.Штыхаў.

т. 5, с. 415

ГРАФІ́ЧНЫЯ ВЫЛІЧЭ́ННІ,

метады атрымання лікавых рашэнняў задач з дапамогай графічных пабудаванняў. Заснаваны на выкарыстанні графікаў функцый і паўтарэнні (або замене) з пэўным набліжэннем адпаведных аналітычных аперацый (складання, аднімання, множання, дзялення, дыферэнцыравання, інтэгравання і інш.). Выкарыстоўваюцца для атрымання першых набліжэнняў, якія ўдакладняюцца інш. метадамі, а таксама ў інж. практыцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць.

Лікі пры графічных вылічэннях алг. выразаў адлюстроўваюцца ў выбраным маштабе накіраванымі адрэзкамі. Пры графічным складанні і адніманні лікаў адпаведныя адрэзкі адкладваюць на прамой у пэўным (аднімаемае — у процілеглым) напрамку адзін за адным так, каб пачатак наступнага адрэзка супадаў з канцом папярэдняга. Сума (рознасць) — адрэзак, пачатак якога супадае з пачаткам 1-га, а канец — з канцом апошняга. Множанне і дзяленне ажыццяўляюцца будаваннем прапарцыянальных адрэзкаў, што адсякаюць на старанах вугла паралельныя прамыя, і выкарыстаннем адпаведных дачыненняў. Для графічнага ўзвядзення ў цэлую дадатную (адмоўную) ступень паслядоўна паўтараюць множанне (дзяленне). Для графічнага рашэння ўраўнення f(x) = 0 будуюць графік функцыі у = f(x) і знаходзяць яго пункты перасячэння з воссю абсцыс [пры рашэнні ўраўненняў f1(x) = f2(x) знаходзяць абсцысы пунктаў перасячэння крывых y1 = f1(x) і y2 = f2(x)]. Графічнае вылічэнне вызначанага інтэграла заснавана на замене графіка падінтэгральнай функцыі ступеньчатай ломанай, плошча пад якой лікава роўная дадзенаму інтэгралу. Для графічнага дыферэнцыравання будуецца графік вытворнай па значэннях тангенса вугла нахілу датычнай у розных пунктах графіка дадзенай функцыі. Графічнае рашэнне дыферэнцыяльнага ўраўнення dy/dx = f(x,y) зводзіцца да будавання поля напрамкаў на плоскасці: у некаторых пунктах малююць напрамкі датычнай dy/dx да інтэгральнай крывой, што праходзіць праз іх. Шуканую крывую праводзяць так, каб датычныя да яе мелі зададзеныя напрамкі. Часта папярэдне будуюць сям’ю ліній f(x,y) = C (ізаклінаў) для розных значэнняў C. У кожным пункце такой лініі вытворная пастаянная і роўная C. Гл. таксама Лікавыя метады, Набліжанае вылічэнне, Набліжанае інтэграванне.

С.У.Абламейка.

т. 5, с. 415

...ГРАФІЯ (ад грэч. graphō пішу), другая састаўная ч. складаных слоў, якая азначае: апісанне, запіс, чарцёж, малюнак і да т.п. Выкарыстоўваецца як састаўная ч. тэрмінаў — назваў навук, спосабаў узнаўлення, відарысаўтварэння, выяўлення чаго-н., а таксама прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя спосабы. Напр., галаграфія, гістарыяграфія, літаграфія.

т. 5, с. 416

ГРА́ФСТВА

(позналац. comitatus, франц. comté, англ. shire, county, ням. Grafschaft),

1) у сярэдневяковых еўрап. краінах зямля, якая знаходзілася ва ўладанні графа. На тэр. ВКЛ у 16 — канцы 18 ст. неафіц. назва вял. магнацкіх маёнткаў, якія мелі асобны апарат кіравання і перадаваліся ў спадчыну. Назвы графства былі звязаны з графскімі тытуламі, якія былі атрыманы прадстаўнікамі арыстакратыі ад імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» і якімі дазвалялася карыстацца ў ВКЛ. На Беларусі існавалі Глускае, Быхаўскае, Заблудаўскае, Койданаўскае, Копыскае, Лагойскае, Шклоўскае і інш. графствы.

2) Буйная адм.-тэр. адзінка ў некат. сучасных дзяржавах (Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі).

т. 5, с. 416

ГРА́ФЦІО Генрых Восіпавіч

(26.12.1869, г. Даўгаўпілс, Латвія — 30.4.1949),

расійскі вучоны і інжынер-энергетык. Акад. АН СССР (1932). Скончыў Новарасійскі (у Адэсе) ун-т (1892) і Пецярб. ін-т інжынераў шляхоў зносін (1896). Удзельнічаў у праектаванні і буд-ве чыгунак, трамвая ў Пецярбургу, склаў праекты электрыфікацыі чыгунак Крыма і Закаўказзя, ГЭС на р. Вуоксе, Волхаве і інш. З 1907 выкладаў у Пецярб. электратэхн. ін-це (з 1921 праф.). Удзельнічаў у складанні плана ГОЭЛРО. У 1921—27 гал. інжынер буд-ва Волхаўскай ГЭС, потым узначальваў буд-ва Ніжнясвірскай ГЭС (прысвоена імя Графціо). У 1938—45 гал. інспектар па буд-ве ГЭС. Навук. даследаванні ў галіне гідраэнергетыкі.

Літ.:

Шевцов В.Н., Смирнов И.С. Генрих Осипович Графтио. М.; Л., 1955;

Шевцов В.Н. Генрих Осипович Графтио, 1869—1949 // Люди русской науки. М., 1965.

т. 5, с. 416

ГРАХО́ЎСКІ Сяргей Іванавіч

(н. 25.9.1913, мяст. Нобель Зарэчненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1983). У 1914 з бацькамі пераехаў у Глуск. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1935). Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. У 1936 беспадстаўна арыштаваны, сасланы на лесараспрацоўкі ў Горкаўскую вобл. У 1946—49 настаўнік у Слуцкім р-не. У 1949 арыштаваны паўторна і высланы ў Новасібірскую вобл.; настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1955. З 1956 у Мінску. У 1957—73 у час. «Бярозка», «Вясёлка». Друкуецца з 1926. Першы зб. вершаў «Дзень нараджэння» (1958). Грахоўскі — прыхільнік традыц. класічнай паэтыкі, канкрэтна-рэаліст. вобразнасці. Асн. рысы яго паэзіі — лірызм, роздум над складанымі праблемамі часу, спалучэнне грамадскіх і асабістых матываў, сцвярджэнне дабрыні, чалавечай годнасці, грамадз. адказнасці чалавека: зб-кі «Чаканне» (1960), «Паэма дарог» (1970), «Зачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1983), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988), «Споведзь» (1990, аповесці і вершы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і інш. Аўтар зб. апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакумент. аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1967, экранізавана ў 1972), «Суровая дабрата» (1977), «Два лёсы — дзве трагедыі» (1988), аўтабіягр. трылогіі «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) і інш. Піша для дзяцей (зб. вершаў «Сёння і заўтра», 1961; «Гарыць касцёр», 1966; аповесць «Гарачае лета», 1974, і інш.). Перакл. на бел. мову асобныя творы А.Гайдара, Р.Тагора, кн. «Выбраныя вершы і паэмы» А.Блока, зб. «Пасля спаткання» М.Дудзіна і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1994.

А.С.Гурская, І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 416

ГРАЦ

(Graz),

горад на ПдУ Аўстрыі, у перадгор’ях Штырыйскіх Альпаў, на р. Мур. Адм. ц. зямлі Штырыя. Гар. правы з 1281. 237,8 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Другі (пасля Вены) па велічыні і эканам. значэнні горад краіны. Трансп. (аўта- і вагонабудаванне), с.-г. машынабудаванне; вытв-сць вырабаў дакладнай механікі і оптыкі; эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, папяровая, гарбарная, паліграф., харч. прам-сць. Ун-т (з 1586). Музей Штырыі, першы ў свеце музей крыміналістыкі. Арх. помнікі 13—18 ст., епіскапскі палац (13 ст.), Ландгаўз (16 ст.) і інш.

т. 5, с. 416

ГРА́ЦЫІ,

у старажытнарымскай міфалогіі тры багіні прыгажосці, вытанчанасці і радасці. Вобраз Грацыі адлюстраваны ў творах мастацтва С.Батычэлі, П.П.Рубенса, А.Кановы, Б.Торвальдсена і інш. У стараж.-грэч. міфалогіі ім адпавядалі Харыты.

т. 5, с. 417

ГРА́ЦЫЯ

(ад лац. gratia вытанчанасць, краса),

1) разнавіднасць прыгожага, эстэт. характарыстыка руху, дзеянняў. У эстэтыцы Адраджэння грацыя — тое, што натхняе фармальны пачатак прыгожага, робячы яго прывабным, мілым. Англ. філосафы і эстэтыкі 18 ст. падкрэслівалі ў грацыі натуральнасць, вольнасць рухаў і ўчынкаў чалавека; А.Шэфтсберы і Ф.Хатчэсана адрознівалі знешнюю грацыю і духоўную («маральную»). У ням. асв. эстэтыцы грацыя проціпастаўлялася ўзвышанаму, праяўлялася ў дзеяннях і рухах, засяроджаных у позах (І.Вінкельман). Паводле Ф.Шылера, грацыя ёсць «заўсёды толькі хараство апанаванага свабодай аблічча». Яна — выяўленне ў з’яве прыгожай душы, у якой гарманічна спалучаюцца пачуццёвасць і розум, доўг і схільнасць. У пазітывісцкай эстэтыцы грацыя руху тлумачыцца эканомнасцю затрат мышачнай энергіі (Г.Спенсер). У мастацтве паняцце «грацыя» можа ўжывацца для характарыстыкі руху гукаў у музыцы, думак і вобразаў у паэзіі, ліній у графіцы, чалавечага цела ў харэаграфіі.

2) Від гарсэта для жанчын.

т. 5, с. 417