Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГРАСУЛЯ́Р (ад позналац. grossularia агрэст),

мінерал з групы гранатаў, алюмасілікат кальцыю, Ca3Al2[SiO4]3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтрагонтрыэктаэдрычныя або простыя ці ў розных спалучэннях. Агрэгаты масіўныя, няправільныя зерні. Колер светла-зялёны, жаўтаваты, карычняваты ці белы. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,5. Тыповы мінерал вапняковых скарнаў і кальцыевага метасаматозу асн. і ультраасн. парод. Празрыстыя грасуляры — ювелірныя камяні.

Грасуляр.

т. 5, с. 410

ГРАТО́ЎСКІ ((Grotowski) Ежы) (н. 11.8.1933, г. Жэшаў, Польшча),

польскі рэжысёр, тэарэтык тэатр. мастацтва. Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве і Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве. Дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр эксперым. Тэатра-лабараторыі (з 1959 у г. Аполе, у 1962—84 у Вроцлаве). Насуперак агульнапрынятаму «тэатру дэкарацый» стварыў т.зв. «бедны тэатр», спектаклі якога характарызаваліся спецыфічным спалучэннем гуку і руху, цеснай узаемасувяззю паміж акцёрам і гледачом; з гэтымі мэтамі распрацаваў новы, поўны экспрэсіі метад акцёрскай ігры. Вядомасць набыў пастаноўкамі пераважна класічных твораў, якія выкарыстоўваў у якасці сюжэтнай асновы для ўласных сцэнарыяў. Найб. значныя працы: «Дзяды» А.​Міцкевіча (1961), «Кардыян» Ю.​Славацкага (1962), «Акропаліс» С.​Выспянскага (1962), «Трагічная гісторыя доктара Фауста» паводле К.​Марла (1963), «Стойкі прынц» Кальдэрона—Славацкага (1965), «Apokalypsis cum figuris» (1968). З 1973 арганізоўваў у Польшчы і за мяжой т.зв. паратэатральныя лабараторыі стажыроўкі акцёраў паводле мастацка-даследчай праграмы Special Projekt. Аўтар кнігі «У напрамку да беднага тэатра» (1970). Дзярж. прэмія Польшчы 1972.

Літ.:

Osiński Z. Grotowski i jego Laboratorium. Warszawa, 1980;

Яго ж. Grotowski wytycza trasy. Warszawa, 1993.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 410

ГРАТЭ́СК (франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),

1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл. Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.

У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар. карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.​Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.​Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.​Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.​Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.

У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.​Босх, П.​Брэйгель, Ж.​Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.​Гоі, А.​Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.​Мунк, М.​Шагал), сюррэалізму (С.​Далі, П.​Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.​Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.​Бідструпа). У бел. нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.​Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.​Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.​Бахматовіча, Я.​Горыда, Я.​Драздовіча, К.​Кукевіча, М.​Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.​Вішнеўскі, А.​Волкаў, Р.​Грамыка, В.​Губараў, М.​Гурло, А.​Карповіч, М.​Пушкар, С.​Раманаў, В.​Славук, В.​Ціхановіч, Л.​Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.

Г.​Я.​Адамовіч (гратэск у літаратуры).

Да арт. Гратэск. Ф.​Гоя. Ты, які не можаш. З серыі афортаў «Капрычас». 1797—98.
Да арт. Гратэск. В.​Губараў. Мірная ініцыятыва. 1991.

т. 5, с. 410

ГРА́ЎЖЫШКІ,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдЗ ад горада і 30 км ад чыг. ст. Ашмяны, 175 км ад Гродна. 523 ж., 190 двароў (1997).

Вядомы з 13 ст. Каля 1495 тут пабудаваны касцёл св. Пятра і Паўла. З 1518 мястэчка. У 16 — пач. 20 ст. належалі Граўжам-Сноўскім, Нарушэвічам, Камаеўскім, Корсакам, Бутрымскім, Кердзеям, Ромерам, Полазавым, Конанцавым і інш. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. больш за 230 ж., 22 двары, касцёл, школа, штогод праводзіўся кірмаш. У 1922—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Ашмянскім пав., у 1931 — 361 ж., 54 двары. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1970 — 271 ж., 67 двароў.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Георгіеўскі касцёл (канец 18 — пач. 19 ст.).

т. 5, с. 411

...ГРАФ (ад грэч. graphō пішу), другая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словазлучэнням: «які піша», «які запісвае», напр., барограф, анемограф.

т. 5, с. 411

ГРАФ (ням.

(Graf),

У раннім сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе службовая асоба, якая прадстаўляла ўладу караля ў графстве. У час феад. раздробленасці ператварыліся ў незалежных буйных феадалаў. Пазней граф — дваранскі тытул; у Расіі ўведзены Пятром I у 18 ст.

т. 5, с. 411

ГРАФ ((Graf) Штэфі) (Штэфані Марыя; н. 14.6.1969, г. Мангейм, Германія),

нямецкая спартсменка (тэніс). Чэмпіёнка свету (1987—90, 1993) і Алімпійскіх гульняў (1988). Пераможца адкрытых чэмпіянатаў Аўстраліі (1988—90, 1993), Францыі (1987—88), ЗША (1988—89, 1993), Уімблдонскага турніру (1988—89, 1991—93) у адзіночным разрадзе. Уладальніца кубка Вялікага Шлема (1988). З канца 1980-х г. займае вядучыя пазіцыі ў рэйтынгу мацнейшых тэнісістак свету.

т. 5, с. 411

ГРАФА... (ад грэч. graphō пішу),

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да пісьма, почырку, напісання, напр., графалогія, графаманія.

т. 5, с. 411

ГРАФАМА́НІЯ (ад графа... + манія),

хваравітая цяга да пісьменніцтва ў асоб, пазбаўленых літаратурных здольнасцей. Узнікае на аснове наіўнага ўяўлення пра лёгкасць і агульнадаступнасць пісьменніцкай працы або ў выніку пераацэнкі асабістых творчых магчымасцей. Часта графаманіі спрыяюць «гучнае імя», дачыненне да выдавецкага асяроддзя і неабмежаваная магчымасць друкавацца. Элементы графаманскай шматслоўнасці як відавочны элемент стылю бываюць і ў творчасці прафесійных пісьменнікаў.

т. 5, с. 411

ГРАФАПАБУДАВА́ЛЬНІК,

прыстасаванне для аўтаматычнага вычэрчвання графічнай (ці алфавітна-лічбавай) інфармацыі на папяровыя, плёначныя або інш. носьбіты запісу. Бываюць буйна- (памеры да 2×6 м) і малагабарытныя, вектарныя і растравыя, планшэтныя, барабанныя і ролікавыя, эл.-мех. (найб. пашыраныя), эл.-статычныя, струменныя і інш.

Графічная інфармацыя непасрэдна ад ЭВМ (ці з прамежкавых носьбітаў інфармацыі, напр. магн. дыскаў) узнаўляецца сімваламі (неперарыўнымі лініямі, штрыхамі, кропкамі і інш.) у адна- і шматколерным выкананні. Пішучы элемент перамяшчаецца з дапамогай крокавых або серварухавікоў. Дакладнасць узнаўлення ліній да 0,005 мм, скорасць вычэрчвання да 5 м/с, раздзяляльная здольнасць да 20 ліній на міліметр. Выкарыстоўваецца як знешняе прыстасаванне вываду даных з ЭВМ, у аўтаматызаваных сістэмах праектавання, машына- і прыладабудаванні, метэаралогіі, картаграфіі і інш. На Беларусі сям’я графапабудавальнікаў «ІТЭКАН» распрацавана Ін-там тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

М.​П.​Савік.

т. 5, с. 411