Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАДУЛЯ́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

змена ў часе паводле зададзенага закону інтэнсіўнасці светлавога патоку. Неабходна для перадачы па светлавым прамяні інфармацыі (тэлевізійнага адлюстравання, гаворкі), для аптычнай лакацыі і далёкаметрыі.

Бывае ўнутраная (ажыццяўляецца ўздзеяннем на крыніцу святла) і знешняя (уздзеяннем на светлавы паток). Для знешняй М.с. выкарыстоўваюць мадулятары, пераважна электрааптычныя (ячэйкі Кера, элементы Покельса). З паяўленнем магутных кагерэнтных патокаў святла ад лазераў пачала ажыццяўляцца фазавая М.с., пры якой паводле зададзенага закону зменьваецца зрух фазы светлавых ваганняў.

т. 9, с. 492

МАДУ́РА (Madura),

востраў у Малайскім архіпелагу, каля паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Явы, паміж морамі Балі і Яванскім. Тэр. Інданезіі. Пл. каля 4,5 тыс. км². Берагі расчлянёны слаба, месцамі акаймаваны каралавымі рыфамі і водмелямі. Рэльеф узгорысты, выш. да 471 м. Складзены пераважна з мергеляў і вапнякоў, пашыраны карст. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Лістападныя трапічныя лясы, саванны, зараснікі хмызнякоў. Плантацыі рысу, кукурузы, тытуню. Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Рамёствы. Радовішчы нафты, газу. На М. гарады Сампанг, Суменеп.

т. 9, с. 493

МА́ДУРАЙ, Мадура,

горад на Пд Індыі, на р. Вайгаі, у штаце Тамілнад. Вядомы з 2 ст. Каля 1,2 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, у т. л. чыг. сувязь з Шры-Ланкай. Аэрапорт. Адзін з буйнейшых тэкст. (баваўняная, шаўковая) цэнтраў краіны. Развіты металаапр., харч. (цукровая, тытунёвая, рысаачышчальная), цэм. прам-сць. Стараж. саматужнае ткацтва, разьбярства па дрэве. Ун-т. Грандыёзны комплекс храмаў Шывы (12—17 ст.) і інш. арх. помнікі. Цэнтр турызму.

т. 9, с. 493

МА́ДХ’Я-ПРА́ДЭШ,

штат у цэнтр. ч. Індыі. Пл. 444 тыс. км². Нас. каля 70 млн. чал. (1997), гарадскога каля 20%. Адм. ц. — г. Бхопал. Найбольшыя гарады Джабалпур, Дург-Бхілаінагар, Індаур, Уджайн. Займае паўн. ч. Дэканскага пласкагор’я, на Пн заходзіць у межы Інда-Гангскай раўніны. Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў ад 700 мм (на ПнЗ) да 1600 мм (на Пд і ПдУ); дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. У натуральнай расліннасці пераважаюць лістападныя лясы. Сельскай гаспадаркай занята 75% насельніцтва. Вырошчваюць рыс, проса, пшаніцу, бавоўнік, алейныя культуры. Шаўкаводства. Здабыча марганцавай і жал. руд, баксітаў, каменнага вугалю, алмазаў. Прам-сць: баваўняная, металургічная, металаапр. і маш.-буд., буд. матэрыялаў, харч., джутавая, папяровая, хімічная.

т. 9, с. 493

МАДЫЛЬЯ́НІ ((Modigliani) Амедэо) (12.7.1884, г. Ліворна, Італія — 25.1.1920),

італьянскі жывапісец і скульптар. Прадстаўнік парыжскай школы. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі. З 1906 у Парыжы. Зазнаў уплывы А. дэ Тулуз-Латрэка, П.​Сезана, П.​Пікасо, афр. пластыкі, як скульптар — К.​Брынкушы. У скульптуры імкнуўся да спрошчаных геаметрызаваных форм і падоўжаных прапорцый («Галава», 1913, і інш). Жывапісная манера вызначаецца дэкар. плоскаснасцю, лаканічнасцю пераважна аднафігурных кампазіцый, музыкальнасцю сілуэтна-лінейных рытмаў, насычанасцю каларыту. Ствараў партрэты і ню, якім уласцівы інтымная індывідуальнасць і псіхалагізм вобразаў, паэтычнасць, якая часта спалучаецца з трагічным адчуваннем безабароннасці чалавека ў свеце: «М.​Жакоб» (1916), «Л.​Збароўскі», «Аголеная» (абодва 1917), «Маленькі селянін» (1918), «Вялікая аголеная», «Цыганка», «Хлопчык у сіняй куртцы», «Жоўты купальнік» (усе 1919) і інш.

Літ.:

Виленкин В.В. Амедео Модильяни. М., 1970.

А.Мадыльяні. Аголеная. 1917.

т. 9, с. 493

МАДЫЛЬЯ́НІ ((Modigliani) Франка) (н. 18.6.1918, Рым),

эканаміст ЗША. Д-р сац. н. (1944). Скончыў ун-т у Рыме (1939). Працаваў у амер. каледжах і ун-тах (Ілінойскім, Чыкагскім, Карнегі-Мелана, Паўн.-Заходнім, Гарвардскім), у Новай школе сац. даследаванняў, Масачусецкім тэхн. ін-це. З 1966 навук. кансультант Савета кіраўнікоў Федэральнай рэзервовай сістэмы, з 1971 — старшы саветнік Брукінгскай камісіі па эканам. актыўнасці. Навук. працы ў галіне аналізу праблем зберажэнняў і фін. рынкаў; распрацаваў тэорыі асабістых фінансаў і фінансаў карпарацый. Адзін з аўтараў кн. «Кошт капіталу, фінансы карпарацый і тэорыя інвестыцый» (1958). Нобелеўская прэмія 1985.

т. 9, с. 493

МА́ДЫСАН (Madison),

горад на Пн ЗША. Адм. ц. штата Вісконсін. Засн. ў 1836. 194,6 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 400 тыс. ж. (1997). Важны трансп. вузел (чыгункі і аўтадарогі). Прам-сць: харч., паліграф., прыладабуд., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Каляровая металургія. Вытв-сць с.-г. машын. Ун-т (з 1848). Неарэнесансавы капітолій, унітарыянская царква (1947—52, арх. Ф.​Л.​Райт).

т. 9, с. 493

МАДЫФІКАВА́ННЕ металаў,

увядзенне ў расплавы металаў (сплаваў) невялікай колькасці (звычайна не больш за дзесятыя долі працэнта) спец. рэчываў — мадыфікатараў. Садзейнічае здрабненню структурных часцінак, якія ўтвараюцца ў працэсе крышталізацыі расплаву, іх раўнамернаму размеркаванню ў злітку, што паляпшае мех. ўласцівасці металаў. Выкарыстоўваюць пры вытв-сці высокатрывалага чыгуну і алюмініевых сплаваў.

т. 9, с. 493

МАДЫФІКА́ЦЫІ ў біялогіі,

змена прыкмет арганізма (яго фенатыпу), што ўзнікае пад уплывам навакольнага асяроддзя і не звязана са зменай генатыпу. Фактары М. — асвятленне, вільготнасць, т-ра і інш. Напр., пігментацыя скуры ў чалавека (загар) пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў, форма лісця ў стрэлкаліста (надводнае — стрэлападобнае, што плавае — шырокае, падводнае — стужкападобнае). Узнікаюць М. ў межах нормы рэакцыі арганізма на змену асяроддзя і абмежаваны спадчыннымі задаткамі. Звычайна не перадаюцца наступным пакаленням, з’яўляюцца адаптыўнай рэакцыяй (павялічваюць прыстасаванасць да ўмоў існавання). Адрозніваюць М. ўзроставыя, сезонныя і экалагічныя. Асн. ўласцівасць — масавасць (аднолькавыя фактары выклікаюць амаль аднолькавыя змены ў генатыпічна падобных асобін). Выкарыстоўваюцца ў агратэхніцы і заатэхніцы для павелічэння прадукцыйнасці раслін і жывёл. Прыватны выпадак М. — марфозы і фенакопіі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 493

МАДЫФІКА́ЦЫЯ (ад позналац. modificatio змяненне),

1) відазмяненне чаго-н., якое адзначаецца з’яўленнем новых уласцівасцей.

2) Адна з некалькіх форм рэчыва, якая характарызуецца пэўнай структурай і ўласцівасцямі (гл. Алатропія, Полімарфізм).

т. 9, с. 493