МАДЫЛЬЯ́НІ ((Modigliani) Амедэо) (12.7.1884, г. Ліворна, Італія — 25.1.1920),

італьянскі жывапісец і скульптар. Прадстаўнік парыжскай школы. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі. З 1906 у Парыжы. Зазнаў уплывы А. дэ Тулуз-Латрэка, П.Сезана, П.Пікасо, афр. пластыкі, як скульптар — К.Брынкушы. У скульптуры імкнуўся да спрошчаных геаметрызаваных форм і падоўжаных прапорцый («Галава», 1913, і інш). Жывапісная манера вызначаецца дэкар. плоскаснасцю, лаканічнасцю пераважна аднафігурных кампазіцый, музыкальнасцю сілуэтна-лінейных рытмаў, насычанасцю каларыту. Ствараў партрэты і ню, якім уласцівы інтымная індывідуальнасць і псіхалагізм вобразаў, паэтычнасць, якая часта спалучаецца з трагічным адчуваннем безабароннасці чалавека ў свеце: «М.Жакоб» (1916), «Л.Збароўскі», «Аголеная» (абодва 1917), «Маленькі селянін» (1918), «Вялікая аголеная», «Цыганка», «Хлопчык у сіняй куртцы», «Жоўты купальнік» (усе 1919) і інш.

Літ.:

Виленкин В.В. Амедео Модильяни. М., 1970.

А.Мадыльяні. Аголеная. 1917.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)