Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАНТ

(ад англ. grant падарунак, ахвяраванне),

1) аднаразовае выдзяленне грашовай сумы або падараванне абсталявання, памяшкання (звычайна з асабістых сродкаў) культурным, навук. і інш. установам і арг-цыям.

2) Мэтавыя сродкі ў грашовай або матэрыяльнай форме, якія даюцца дзяржавай фіз. і юрыд. асобам на конкурснай аснове для правядзення навук. даследаванняў на дагаворных умовах, а таксама бясплатная датацыя, субсідыя гал. чынам навук. ці навуч. установам, творчым калектывам, спарт. камандам і інш. з дзярж. або мясц. бюджэту.

3) Стыпендыя, якая выплачваецца студэнтам і навучэнцам з дзярж. або мясц. бюджэту.

т. 5, с. 408

ГРАНТ

(Grant) Уліс Сімпсан (27.4.1822, г. Пойнт-Плезант, штат Агайо, ЗША — 23.7.1885),

ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч ЗША. Ген.-лейт. (1864). Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (1843). Удзельнік амер.-мекс. вайны 1846—48. У час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 на баку Поўначы кіраваў ваен. дзеяннямі ў даліне Місісіпі (у 1863 заняў г. Віксберг), у 1864—65 галоўнакамандуючы. Член Рэсп. партыі. У 1869—77 прэзідэнт ЗША. Садзейнічаў правядзенню сац.-эканам. пераўтварэнняў на Пд краіны, развіццю буйнога бізнесу, актывізацыі знешняй палітыкі і інш. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988.

т. 5, с. 408

ГРАНУЛАМЕТРЫ́ЧНЫ СКЛАД ГЛЕ́БЫ,

механічны склад глебы, колькасць у глебе элементарных (неагрэгаваных) часцінак розных памераў. Выражаецца ў працэнтах ад масы абсалютна сухой глебы. У залежнасці ад суадносін фіз. гліны (часцінак, драбнейшых за 0,01 мм) і фіз. пяску (больш за 0,01 мм) глебы па грануламетрычным складзе падзяляюць на пясчаныя, супясчаныя, сугліністыя і гліністыя. Грануламетрычны склад глебы ў значнай ступені вызначае ўрадлівасць глебы.

т. 5, с. 409

ГРАНУЛАМЕ́ТРЫЯ

(ад лац. granulum зярнятка + ...метрыя),

грануламетрычны аналіз, механічны аналіз, сукупнасць прыёмаў вызначэння наяўнасці розных па велічыні фракцый зерняў у асадкавых горных пародах, карысных выкапнях, глебах і штучных матэрыялах. Выкарыстоўваецца ў геалогіі для класіфікацыі, вызначэння калектарскіх уласцівасцей пластоў, умоў утварэння парод і інш., горнай справе — для ацэнкі якасці горнай масы, вынікаў узрыўных работ, пры абагачэнні карысных выкапняў, у грунтазнаўстве, інж. геалогіі і інш. Адрозніваюць метады дыферэнцыяльныя (метад планіметрыі і мікраскапічны аналіз з мадыфікацыямі — метад сканіравання, імпульсны, кандуктаметрычны) і інтэгральныя (сітавы і гідраўлічны аналізы). Вынікі грануламетрыі адлюстроўваюць у выглядзе лічбавых табліц або графічна. Найб. пашыраныя графікі гістаграмы, кумулятыўныя крывыя і крывыя размеркавання.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 409

ГРАНУЛАЦЫ́ТЫ

[ад лац. granulum зярнятка + ...цыт(ы)],

зярністыя лейкацыты, лейкацыты жывёл і чалавека, у цытаплазме якіх ёсць зерні (гранулы). Складаюць асн. масу лейкацытаў. Па здольнасці гранул афарбоўвацца кіслымі ці асн. фарбавальнікамі гранулацыты падзяляюць на эазінафільныя (афарбоўваюцца кіслымі фарбавальнікамі), базафільныя (афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі) і нейтрафільныя (афарбоўваюцца фарбавальнікамі 2 тыпаў). Гранулацыты маюць сегментаваныя ядры. Функцыі гранулацытаў — мікрафагацытоз і ферментатыўная актыўнасць, удзел у імуналагічных рэакцыях. Колькасныя суадносіны розных відаў гранулацытаў залежаць ад узросту, фізіял. стану арганізма, стану здароўя. У беспазваночных жывёл гранулацыты наз. зярністымі амёбацытамі.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 409

ГРАНУЛЁМА

(ад лац. granulum зярнятка + ...ома),

ачаговае разрастанне запаленчага паходжання клетак маладой злучальнай тканкі ў выглядзе невял. вузельчыка. Найчасцей бывае пры інфекц. працэсах (туберкулёз, сіфіліс, праказа, бруцэлёз, тулярэмія, актынамікоз), калагенавых хваробах і на месцы, куды трапілі ў арганізм іншародныя целы. Некаторыя гранулёмы маюць спец. назвы (пры туберкулёзе — бугарок, пры сіфілісе — гума).

т. 5, с. 409

ГРА́НУЛЬНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

атрыманне канструкцыйных металічных матэрыялаў ізастатычным прасаваннем пры высокіх цісках (кампактаваннем) найдрабнейшых часціц сплаваў пэўнага хім. саставу (гранул), якія закрышталізаваліся з высокай скорасцю; адзін з перспектыўных кірункаў парашковай металургіі.

Гранулы металаў атрымліваюць метадамі цэнтрабежнага распылення вадкага металу і распылення расплаву струменем нейтральнага газу ў спец. устаноўках. Атрыманне вырабаў з гранул уключае: магнітную сепарацыю і актывацыю гранул, раздзяленне на фракцыі, дэгазацыю і заварку капсул, прасаванне пры высокай т-ры ў газастаце (высокім ціскам аргону ці інш. газу), тэрма- і мех. апрацоўку вырабаў.

т. 5, с. 409

ГРАНУЛЯВА́ННЕ

(ад лац. granulum зярнятка),

наданне рэчывам, матэрыялам, мінер. угнаенням, кармам і інш. формы дробных шчыльных камячкоў (гранул). Паляпшае тэхнал. якасці сыравіны, стварае магчымасць выкарыстання яе дробнымі порцыямі, прадухіляе зліпанне, палягчае пагрузку, транспартаванне і г.д.

Выкарыстоўваецца ў металургіі (грануляванне вадкіх шлакаў — для ўжывання іх у дарожным буд-ве, вытв-сці цэменту і шлакавай цэглы; штэйнаў — для далейшай перапрацоўкі і выдалення серы; некат. металаў — для выкарыстання дробнымі порцыямі), энергетыцы (грануляванне кацельных шлакаў для паскарэння іх зацвердзявання), хім. прам-сці (грануляванне шкла, каталізатараў, палімераў суперфасфату, аміячнай салетры і інш. мінер. угнаенняў), сельскай гаспадарцы (грануляванне травяной мукі, камбікармоў і інш.). Расплаўленыя матэрыялы гранулююць раздрабленнем іх патоку струменем вады, сціснутага паветра, азоту або вадзяной пары, ліццём расплаву на мокры стальны барабан; хім. прадукты — акатваннем дробных часціц, распырскваннем расплаваў у полых высокіх вежах, ушчыльненнем парашкападобных матэрыялаў і інш.; кармы — кармавымі гранулятарамі, якія працуюць на прынцыпах выціскання, пракатвання і фармавання. Гл. таксама Гранульная металургія.

т. 5, с. 409

ГРА́НЫЯ ПЕ́СНІ,

гл. ў арт. Русальныя песні.

т. 5, с. 409

ГРАН-КАНА́РЫЯ

(Gran Canaria),

востраў у Атлантычным ак., у групе Канарскіх астравоў, тэр. Іспаніі. Пл. 1533 км². Выш. да 1949 м (г. Лос-Печас — Посадэ-лас-Ньевес). Гал. горад і порт — Лас-Пальмас.

т. 5, с. 408