Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ІСПА́НІІ 1936—39,

гл. ў арт. Іспанская рэвалюцыя 1931—39.

т. 5, с. 395

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ЛІ́РЫКА,

гл. ў арт. Лірыка.

т. 5, с. 395

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ,

цывільнае грамадства, сукупнасць грамадзян, добраахвотных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія будуюць сваю дзейнасць на аснове прызнання прыярытэту грамадства і неабходнасці служэння яму дзяржавы. Гістарычна ідэя грамадзянскай супольнасці бярэ пачатак у Стараж. Грэцыі і ант. Рыме, калі склаліся ўяўленні аб грамадстве і грамадзянах, надзеленых правамі і абавязкамі (Цыцэрон, Платон, Эпікур, Лукрэцый і інш.). Паводле Арыстоцеля, грамадзянская супольнасць — сукупнасць свабодных і раўнапраўных грамадзян, звязаных паміж сабой пэўнай формай паліт. арг-цыі (дзяржава-поліс). Т.Гобс у працах «Аб грамадзяніне» (1642) і «Левіяфан» (1651) вызначыў грамадзянскую супольнасць як «саюз індывідуальнасцей», калектыў, у якім яго члены на ўзаемнай аснове адмаўляюцца ад замаху на жыццё, свабоду і ўласнасць адзін аднаго. Канцэпцыі грамадзянскай супольнасці з усімі яе праблемамі (свабоды, права, уласнасці, раздзялення ўлад і інш.) распрацоўвалі Дж.Лок, Г.Гегель, Ж.Ж.Русо, І.Кант, Ш.Л.Мантэск’ё, Т.Пейн і інш. Яны знаходзілі адлюстраванне ў творчасці бел. мысліцеляў Ф.Скарыны, С.Буднага, А.Волана, І.Страйноўскага, Ф.Багушэвіча і інш. Паводле К.Маркса, чалавек у развітой дзяржаве вядзе жыццё ў паліт. супольнасці, у якой ён прызнае сябе грамадскай істотай, і жыццё ў грамадзянскай супольнасці, у якой ён дзейнічае як прыватная асоба.

Грамадзянская супольнасць ахоплівае сукупнасць эканам., сац., рэліг., нац. і інш. адносін. Яе эканам. аснову складае разнастайнасць і роўнасць формаў уласнасці і, перш за ўсё, індывід. прыватная ўласнасць, на базе якой узнікаюць розныя формы недзярж. грамадскай уласнасці (напр., уласнасць сямейная, партнёрская, кааператыўная, калектыўна-долевая, акцыянерная і інш.). Сац. структура грамадзянскай супольнасці прадстаўлена рознымі групамі, утворанымі па класавых, прафес., дэмагр., этнічных, сацыякульт., канфесіянальных прыкметах, па ўзроўні адукацыі, тыпу месцажыхарства, ладу жыцця і г.д. Паліт. асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца легітымнасць дзярж. улады, шматпартыйнасць, наяўнасць легальнай апазіцыі, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, масавых дэмакр. рухаў, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый, якія створаны без удзелу, фінансавання і кантролю з боку дзяржавы і будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах самакіравання. Духоўныя асновы грамадзянскай супольнасці — высокі ўзровень грамадскай свядомасці, грамадзянскасці і культуры людзей. Асн. прынцыпы функцыянавання любой грамадзянскай супольнасці — індывідуалізацыя, канкурэнцыя, салідарнасць, сац. абарона і супрацоўніцтва.

Ідэя грамадзянскай супольнасці знаходзіла практычнае ўвасабленне ў працэсе пераходу ад дэспатыі да дэмакратыі, ад абсалютызму да рэспублікі або канстытуцыйнай манархіі (Англія, Швецыя, Данія і інш.), ад феад. грамадства да бурж., індустрыяльнай цывілізацыі і капіталіст. грамадскіх адносін. Такія грамадствы фарміраваліся ў краінах Зах. Еўропы, ЗША на мяжы 19—20 ст. У канкрэтных гіст. умовах таго часу ў Расіі складваліся толькі асобныя элементы грамадзянскай супольнасці, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзяржава ўзяла на сябе не толькі свае ўласныя функцыі, але і функцыі кантролю і рэгулявання самадзейнай творчасці грамадзян, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. У 2-й пал. 20 ст. развіццё грамадзянскай супольнасці стала адной з формаў ажыццяўлення найноўшых навук. ідэй грамадскага прагрэсу (стадый эканам. росту, мадэрнізацыі, адкрытага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства і інш.), пераходу ад аўтарытарна-дыктатарскіх рэжымаў да дэмакратычных (Германія, Італія, Іспанія, Грэцыя, Чылі і інш.), лібералізацыі эканам. адносін, сац.-паліт. ін-таў, нац.-культ. адраджэння і самавызначэння ў шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы, інш. рэгіёнаў свету.

Нац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь закладвае прававыя механізмы ўзмацнення ўплыву грамадства на яго паліт. арг-цыю, гарантыі неўмяшання дзяржавы ў прыватнае і асацыятыўнае жыццё грамадзян, а таксама дзярж. абавязацельствы па захаванні і абароне правоў і законных інтарэсаў членаў грамадзянскай супольнасці. Важнымі структурнымі элементамі такой супольнасці могуць стаць шматлікія няўрадавыя арг-цыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, творчыя саюзы і асацыяцыі, дабрачынныя фонды і інш. добраахвотныя арг-цыі, якія садзейнічаюць сцвярджэнню дэмакр. прынцыпаў грамадскага жыцця, стварэнню ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

Літ.:

Локк Д. Два трактата о правлении. Кн. 2 // Соч. М., 1988. Т. 3;

Гегель Г.В.Ф. Философия права: Пер. с нем. М., 1990;

Гражданское общество и правовое государство: предпосылки формирования. М., 1991;

Гражданское общество: (Сб. ст.). Вып. 1—2. Мн., 1995—96.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 5, с. 395

ГРАМАДЗЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ Ў А́НГЛІІ 1642—49,

гл. ў арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя.

т. 5, с. 397

ГРАМАДЗЯ́НСКІ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

цывільны кодэкс Рэспублікі Беларусь, сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны, што ўзнікаюць з удзелам юрыд. асоб і грамадзян. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Складаецца з 564 артыкулаў, 43 глаў і 8 раздзелаў. Законам ад 3.3.1994 у яго ўнесены пэўныя змены і дапаўненні, выключаны артыкулы, што супярэчылі новаму заканадаўству, і ўсе нормы права, якія прадугледжвалі прымяненне на тэр. Беларусі цывільнага заканадаўства СССР і інш. саюзных рэспублік. Камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве сумесна з урадам і зацікаўленымі ведамствамі даручана падрыхтаваць праект новага Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

т. 5, с. 396

ГРАМАДЗЯ́НСКІ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

цывільны працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які ўстанаўляе парадак вядзення цывільных спраў ва ўсіх судах Рэспублікі Беларусь. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Пазней у яго ўнесены адпаведныя змены і дапаўненні. Складаецца з 398 артыкулаў, 32 глаў, 6 раздзелаў, у якіх вызначаюцца задачы цывільнага судаводства і рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з разглядам і вырашэннем цывільных спраў, выкананнем пастаноў судоў і некаторых інш. органаў. У кодэкс уключаны дадаткі, якія складаюцца з пераліку відаў маёмасці грамадзян, на якую не можа быць накіравана спагнанне па выканаўчых дакументах, палажэння пра трацейскі суд і інш.

т. 5, с. 396

ГРАМАДЗЯ́НСКІ ФО́РУМ,

чэхаславацкі апазіцыйны да Камуніст. партыі Чэхаславакіі паліт. рух у 1989—91. Патрабаваў ажыццяўлення дэмакр. рэформаў у паліт., грамадскім і эканам. жыцці краіны. Гал. дзеячы — В.Гавел, В.Малы, Я.Дзенстбер. Пры падтрымцы форуму ў снеж. 1989 прэзідэнтам Чэхаславакіі стаў Гавел. У 1990 Грамадзянскі форум атрымаў перамогу на выбарах у Нац. сход краіны. У крас. 1991 адбыўся раскол Грамадзянскага форуму на Грамадз. дэмакр. партыю і Грамадз. рух (з 1993 Свабодныя дэмакраты).

Н.К.Мазоўка.

т. 5, с. 396

ГРАМАДЗЯ́НСКІ ШРЫФТ,

шрыфт, уведзены ў Расіі для друкавання свецкіх выданняў у выніку праведзенай у 1708 Пятром І рэформы рус. пісьменства. Крыніца — маскоўскае пісьменства канца 17 — пач. 18 ст. на аснове кірыліцы і лац. шрыфту антыква. Пры стварэнні грамадзянскага шрыфту з кірыліцы былі выключаны непатрэбныя для рус. мовы грэч. літары «псі», «ксі», «амега», «іжыца», лігатура «от», знак націску (моцы), скарачэнняў (цітлы), «юсы» (вял. і малы, якія служылі для перадачы насавых гукаў). У алфавіце быў узаконены новы абрыс літар «э», «я», замест абазначэння лічбаў літарамі сталі выкарыстоўваць араб. лічбы. Эскізы малюнкаў літар грамадзянскага шрыфту, верагодна, рабіў сам Пётр, шрыфт маляваў Куленбах. Літары грамадзянскага шрыфту былі адліты ў Амстэрдаме і на Маскоўскім друкарскім двары. Мяркуюць, што ў падрыхтоўцы рэформы рус. пісьменства і ўзораў шрыфтоў прымаў удзел І.Ф.Капіевіч. Першая кніга, набраная грамадзянскім шрыфтам, — «Геометриа славенски землемерие» (1708). У 18—19 ст. грамадзянскі шрыфт узяты за аснову балг. і сербскага, у 20 ст.манг. алфавітаў. Пад яго ўплывам сфарміраваліся бел. і ўкр. алфавітныя сістэмы, а таксама некат. народаў Расіі.

Літ.:

Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт: Вопр. истории и практика применения. 2 изд. М., 1985.

М.Б.Батвіннік.

т. 5, с. 396

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.У.Скаруліс.

т. 5, с. 397

ГРАМА́ДСКАЕ ГАНЬБАВА́ННЕ,

адзін з відаў крымінальнага пакарання ў праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД, а таксама мера ўздзеяння, якая выкарыстоўваецца камісіямі па справах непаўналетніх і таварыскімі судамі. Як мера пакарання заключаецца ў публічным выказванні судом грамадскага ганьбавання вінаватаму з давядзеннем пра гэта да ведама грамадскасці праз друк або інш. спосабам. Назначаецца судом як асн. мера пакарання за малазначныя злачынствы, і з’яўляецца мерай выхаваўча-папераджальнага ўздзеяння. Камісія па справах непаўналетніх можа вынесці грамадскае ганьбаванне бацькам і асобам, якія іх замяняюць, пры няправільных адносінах да дзяцей, злосным невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей, а таксама ў сувязі з правапарушэннямі іх непаўналетніх дзяцей. Таварыскі суд прымяняе грамадскае ганьбаванне да асоб, вінаватых у правапарушэннях і інш. правіннасцях, разгляд якіх аднесены да кампетэнцыі таварыскіх судоў.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 5, с. 397