ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
узбурэнні гравітацыйнага поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы ў выглядзе папярочных хваль са скорасцю святла. Існаванне гравітацыйнага выпрамянення прадказана А.Эйнштэйнам (1916) на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Узнікае пры перыядычным руху цел (напр., падвойныя і вярчальныя зоркі), катастрафічных астрафіз. з’явах (успышкі звышновых зорак, несіметрычны гравітацыйны калапс); выклікае адносныя паскарэнні цел або іх пругкія дэфармацыі.
Спробы эксперым. рэгістрацыі гравітацыйнага выпрамянення ад касм. крыніц з выкарыстаннем дэтэктараў (гравітацыйных антэн) пачалі праводзіцца ў ЗША Дж.Веберам у канцы 1950-х г., аднак з-за надзвычай слабага ўзаемадзеяння з рэчывам статыстычна значных пацвярджэнняў не атрымана. Эксперым. пацвярджэннем лічаць вынікі шматгадовых назіранняў падвойнага пульсара PSR 1913+16: прадказанні аб паступовым змяншэнні яго арбітальнага перыяду за кошт гравітацыйнага выпрамянення з дакладнасцю да 0,4% узгадняюцца з данымі назіранняў.
Літ.:
Амальди Э., Пиццелла Г. Поиск гравитационных волн // Астрофизика, кванты и теория относительности: Пер. с ит. М., 1982;
Уилл К.М. Двойной пульсар, гравитационные волны и Нобелевская премия: Пер. с англ. // Успехи физ. наук 1994. Т. 164. № 7.
М.М.Касцюковіч.
т. 5, с. 382
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЗРУШЭ́ННЕ,
змяненне частаты (ці даўжыні хвалі) эл.-магн. выпрамянення пры яго распаўсюджванні ў гравітацыйным полі, абумоўленае гравітацыйным запавольваннем часу. Прадказана А.Эйнштэйнам у 1907. Адзін з эксперыментальна пацверджаных эфектаў агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Чырвонае зрушэнне.
т. 5, с. 383
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́,
поле сілы цяжару, сілавое поле, абумоўленае гравітацыйным прыцяжэннем Зямлі і цэнтрабежнай сілай, выкліканай яе сутачным вярчэннем. Нязначнае ўздзеянне на гравітацыйнае поле Зямлі аказвае таксама прыцяжэнне Месяца, Сонца, планет Сонечнай сістэмы і масы зямной атмасферы. Характарызуецца вытворнымі патэнцыялу сілы цяжару па нармалі (па адвеснай лініі) да геоіда і па каардынатных восях у кожным пункце зямной паверхні. Вытворная патэнцыялу сілы цяжару па нармалі да геоіда вызначае паскарэнне свабоднага падзення, якое вымяраецца ў галах (1 Гал = 1 см/с2). Адрозніваюць гравітацыйнае поле Зямлі: нармальнае, анамальнае і варыяцыі.
Нармальнае гравітацыйнае поле Зямлі абумоўлена прыцягненнем масы аднароднага эліпсоіда, паверхня якога блізкая да геоіда. Вагаецца ад 978 Гал на экватары да 983 Гал на полюсах. Анамальнае гравітацыйнае поле Зямлі выклікана неаднароднасцямі будовы Зямлі, гал. ч. яе верхняй абалонкі — літасферы. На раўнінных месцах знаходзіцца ў межах некалькіх дзесяткаў мілігал, у гарах і на астравах акіянаў анамаліі могуць дасягаць сотняў мілігал. Варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе звязаны з размяшчэннем Месяца адносна Зямлі і Зямлі адносна Сонца, а таксама з тэктона-фіз. працэсамі, што працякаюць на вял. глыбінях у нетрах Зямлі. Месячна-сонечныя перыядычныя варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе — да 1 мГал, варыяцыі поля тэктанічнага паходжання — 1—2 мГал за год. Гл. таксама Гравіметрыя.
Г.І.Каратаеў.
т. 5, с. 383
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ТРАНСПАРТАВА́ННЕ,
перамяшчэнне сыпкіх і штучных грузаў пад дзеяннем сілы цяжару. Для гравітацыйнага транспартавання выкарыстоўваюць нахіленыя ральгангі, горныя вырабаткі (скаты), ступеньчатыя (каскадныя) і вінтавыя спускі, грузаспускныя канвееры, метал. лісты, жалабы, трубы, драўляныя насцілы і інш. Скорасць гравітацыйнага транспартавання 2—3 м/с. Характарызуецца прастатой канструкцыі, малымі эксплуатацыйнымі расходамі, значнай прапускной здольнасцю. Выкарыстоўваецца на шматпавярховых складах, у ліцейных, мех. і інш. цэхах, у горнай прам-сці і да т.п.
т. 5, с. 383
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.
У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.
М.М.Касцюковіч.
т. 5, с. 383
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ БІЯЛО́ГІЯ,
раздзел біялогіі, які вывучае будову і функцыянаванне жывых істот у змененых умовах гравітацыі. Гравітацыйнае поле Зямлі значна ўплывае на будову жывых арганізмаў, развіццё шкілетна-мышачнай сістэмы, сістэмы кровазвароту, фарміраванне антыгравітацыйных рэфлексаў. Успрыманне змяненняў гравітацыйнага поля звязана з развіццём гравірэцэпцыі, адбываецца праз вестыбулярны аналізатар, прапрыя- і інтэрарэцэпцыю. Асаблівае развіццё гравітацыйнай біялогіі атрымала ў сувязі з правядзеннем касм. даследаванняў і неабходнасцю высвятлення дзеяння на арганізм гравітацыйных перагрузак і бязважкасці. Гл. таксама Касмічная біялогія.
Літ.:
Дмитриев А.С. Лабиринтные и экстралабиринтные механизмы некоторых соматических и вегетативных реакций на ускорение. Мн., 1969;
Онтогенез млекопитающих в невесомости. М., 1988.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 383
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ МА́СА,
фізічная велічыня, якая характарызуе ўласцівасці цела як крыніцы прыцягнення; роўная інертнай масе. Гл. Маса.
т. 5, с. 383
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,
1) універсальная (кавендышава, ньютанава) гравітацыйная пастаянная — каэфіцыент прапарцыянальнасці ў законе прыцягнення Ньютана (гл. Сусветнага прыцягнення закон); адна з фундаментальных фіз. пастаянных. Абазначаецца G. Вызначана эксперыментальна Г.Кавендышам (1798) пры дапамозе круцільных вагаў. Характарызуе гравітацыйнае ўзаемадзеянне ўсіх матэрыяльных аб’ектаў (часціц і палёў) і разглядаецца як універсальная канстанта, нязменная ў часе і прасторы, незалежная ад фіз. і хім. уласцівасцей асяроддзя і гравітуючых мас. G = (6,67259 ±0,00085)·10-11 Н·м²/кг2.
2) Гаўсава гравітацыйная пастаянная — велічыня k, звязаная з універсальнай гравітацыйнай пастаяннай суадносінамі G = k2. Служыць для вызначэння астранамічнай адзінкі, у сістэме фундаментальных астранамічных пастаянных прынятая ў якасці адзінай асн. (умоўна нязменнай) пастаяннай (1976). Лікавае значэнне k = 0,01720209895 вызначана К.Гаўсам (1809) на аснове 3-га закона Кеплера (гл. Кеплера законы) для сістэмы Сонца—Зямля і зацверджана Міжнар. астранамічным саюзам у якасці абсалютна дакладнай канстанты (1938).
М.М.Касцюковіч.
т. 5, с. 383