ГАЛА́КТЫКІ,
гіганцкія гравітацыйна звязаныя зорныя сістэмы, падобныя да нашай Галактыкі. Асн. маса рэчыва сканцэнтравана ў зорках, колькасць якіх у галактыках 106—1012. Галактыкі ўтрымліваюць таксама газ і касм. пыл. Размеркаваныя ў прасторы нераўнамерна, утвараюць скопішчы ў выглядзе буйнамаштабнай ячэістай структуры. Назіраюцца як светлыя туманныя плямы.
Адрозніваюць эліптычныя (E), лінзападобныя (SO), спіральныя (S), спіральныя з перамычкай (SB) і няправільныя (Ir) галактыкі. Найб. пашыраны эліптычныя, лінзападобныя, спіральныя. Эліптычныя галактыкі маюць вось сіметрыі, зоркі аварочваюцца вакол цэнтра мас сістэмы ў розных плоскасцях; як цэлае галактыкі зварочваюцца вельмі павольна. Іх дыяметр 5—50 кпк, масы 106—1013 мас Сонца, свяцільнасці 106—1012 свяцільнасцей Сонца. Яны складаюцца з жоўтых і чырвоных зорак, у іх практычна няма газу. У гэтых сістэмах рана спыніліся працэсы зоркаўтварэння. Прыклад карлікавых эліптычных галактык — спадарожнікі Андрамеды Туманнасці. Спіральныя галактыкі — моцна сплюшчаныя сістэмы з цэнтр. ядром; дастаткова хутка аварочваюцца ў напрамку закручвання спіралей. Маюць 2 і больш спіральных галін, дзе сканцэнтраваны іх самыя яркія і маладыя зоркі, рассеяны зорныя скопішчы, газапылавыя комплексы. Асн. маса зорак знаходзіцца ў дыску галактыкі. Спіральная структура абкружана сферычнай кампанентай, якая складаецца са старых зорак і шаравых скопішчаў. Лінзападобныя галактыкі моцна сплюшчаныя, але не маюць спіральнай структуры; у іх адрозніваюць ядро, лінзу-дыск і слабы арэол — гала. Галактыкі SO, S і SB хутка аварочваюцца (скорасць вярчэння на адлегласці 10 кпк ад ядра дасягае 300 км/с) і абкружаны сферычнымі каронамі. Спіральныя галактыкі з перамычкай маюць выгляд выцягнутага ядра з перамычкай паміж дзвюма спіральнымі галінамі. Да няправільных адносяцца галактыкі, у якіх не назіраюцца выразнае ядро і вярчальная сіметрыя (напр., Магеланавы воблакі). Масы спіральных і няправільных галактык 109—1012 мас Сонца, свяцільнасці 108—1011 свяцільнасцей Сонца. Існуюць таксама пекулярныя галактыкі (кожная мае унікальную форму), узаемадзейныя галактыкі (падвойныя сістэмы, паміж якімі назіраюцца перамычкі светлай матэрыі), квазары.
Літ.:
Ходж П. Галактики: Пер. с англ. М., 1992;
Гуревич Л.Э., Чернин А.Д. Происхождение галактик и звезд. 2 изд. М., 1987;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.
Н.А.Ушакова.
т. 4, с. 448
ГАЛАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
гл. Зорная астраномія.
т. 4, с. 449
ГАЛАКТЫ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
адна з сістэм нябесных каардынат.
т. 4, с. 449
ГАЛАКТЫ́ЧНЫ ГОД,
прамежак часу, за які Сонечная сістэма робіць 1 абарот вакол цэнтра Галактыкі. Складае каля 230 млн. зямных гадоў.
т. 4, с. 449
ГАЛАКУ́ЧНІК
(Gymnokarpium),
род папарацей сям. шчытоўнікавых, або апсідыевых. 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляюцца галакучнік трохраздзельны, або папараць Лінея (Gymnokarpium dryopteris), што расце групамі або зараснікамі ў хвойных (пераважна яловых) лясах, лясных ярах, і галакучнік Роберта (Gymnokarpium robertianum), які зрэдку трапляецца ў паўн. раёнах на вапнавых агаленнях у хвойных лясах.
Шматгадовыя папараці з тонкімі, часта галінастымі паўзучымі карэнішчамі, укрытымі светла-карычневымі шырокаяйцападобнымі лускавінамі. Лісце адзіночнае, прамастойнае, трохраздзельнае з двойчыперыстай пласцінкай, на ніжнім баку якой размешчаны сорусы са спорамі. Спараносяць у чэрв.—ліпені. Дубільныя і дэкар. расліны.
т. 4, с. 449
ГАЛАКЦІЁНАЎ Сцяпан Піліпавіч
(1779, С.-Пецярбург — 2.7.1854),
рускі графік. Вучыўся ў Пецярб. АМ (1785—1800) у М.М.Іванава і С.Шчадрына. Выкладаў там жа (1817—54; праф. з 1831). Працаваў гал. чынам у тэхніцы разцовай гравюры ў спалучэнні з афортам; адзін з першых у Расіі авалодаў тэхнікай літаграфіі. Аўтар краявідаў Пецярбурга і яго ваколіц («Від Марлі і Залатой гары з боку Парнаса ў Пецяргофе», гравюра на медзі, пач. 1800-х г., 12 замалёвак Пецярбурга, літаграфіі па ўласных малюнках, 1821—24), віньетак для пецярб. альманахаў і часопісаў, ілюстрацый да твораў А.Пушкіна, І.Крылова і інш. Займаўся таксама жывапісам.
т. 4, с. 449
ГАЛАЛЕ́ДЗІЦА,
тонкі слой лёду на зямной паверхні, не пакрыты снегам. Утвараецца пасля адлігі, дажджу або імжы пры раптоўным пахаладанні або пры выпаданні ці асяданні вадкіх атм. ападкаў на пераахалоджаную паверхню (гл. Галалёд).
т. 4, с. 449
ГАЛАЛЁД,
слой шчыльнага лёду, які намярзае на паверхні зямлі і прадметаў з пераахалоджаных кропляў дажджу, туману або імжы. Утвараецца пераважна з наветранага боку пры т-рах паветра ад 0 да -3 °C, зрэдку да -16 °C. Пры галалёдзе можа ўтварацца скарынка лёду таўшчынёй некалькі сантыметраў, што з’яўляецца прычынай траўматызму і трансп. аварый, пашкоджанняў дрэў і азімых пасеваў, абрыву правадоў электраперадач і тэлеф. сувязі. Галалёд — від абледзянення, асабліва небяспечнага для самалётаў. На тэр. Беларусі галалёд бывае ў сярэднім 7—19 сут за год.
т. 4, с. 449
ГАЛАМБЁЎСКІ
(Gołębiowski) Лукаш Іосіфавіч (13.10.1773, в. Пагост Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.1.1849),
польскі гісторык, этнограф, архівіст. Скончыў манаскую школу ў Дубровіцы на Палессі. Працаваў бібліятэкарам у гісторыка Т.Чацкага. Удзельнік паўстання ў 1794. У 1818—23 бібліятэкар у Пулавах. З 1818 чл. Т-ва сяброў навук, у 1824—31 яго сакратар (звольнены пасля задушэння паўстання 1830—31). З 1827 праф. л-ры пед. ін-та. Аўтар адной з першых прац па гісторыі Варшавы «Гістарычна-статыстычнае апісанне горада Варшавы» (1826). У кн. «Люд польскі, яго звычаі, забабоны» (1830) змясціў свае назіранні над адзеннем беларусаў, апісанні вяселля, радаўніцы, інш. абрадаў і звычаяў, узятыя з прац З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Чарноўскай і інш. Бел. матэрыялы і ў кн. «Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях» (1831). Упершыню ў этнагр. л-ры апісаў абрад «Куста» на Палессі, апублікаваў забаўлянку «Сарока-варона», дажынкавую песню, легенды пра папараць-кветку, ноты бел. купальскай і русальнай песень. З працы Чарноўскай запазычыў апісанні святкавання купалля і русалак. Апісваў побыт, нар. абрады, звычаі, святы, фальклор палякаў, беларусаў, украінцаў, рускіх. Аўтар прац «Гісторыя Польшчы» (т. 1—3, 1846—48), «Кабінет польскіх медалёў з часу панавання Станіслава Аўгуста» (1843; змешчана ў кн. Э.Рачынскага «Кабінет польскіх медалёў»), «Гісторыя польскай ваеннай справы» і інш. (многія ў рукапісах).
Літ.:
Васілевіч У.А. [Лукаш Галамбёўскі] // Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 61—64.
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 449
ГАЛАМЯ́НКІ
(Comephorus),
адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэмікі воз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.
Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.
т. 4, с. 450