Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ГО́МЕЛЬСКАЯ ЖИЗНЬ»,

інфармацыйна-асветная беспарт. газета. Выдавалася з 7(20).6.1911 да 17.1.1919 у Гомелі на рус. мове. Да 10(23).10.1917 (№ 1407) наз. «Гомельская копейка». Напачатку выходзіла 3 разы на тыдзень, з 1(14).9.1914 штодзённа. Арыентавалася пераважна на сярэднія слаі гараджан яўр. нацыянальнасці. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць гар. думы, рыначную кан’юнктуру, асвятляла праблемы гандлю, прам-сці, гар. гаспадаркі. Амаль палавіна газетнай плошчы запаўнялася камерцыйнай рэкламай, аб’явамі пра тэатр. гастролі, канцэрты, цырк. Крытыкавала антысемітызм, вітала Лют. рэвалюцыю 1917, друкавала звароты Часовага ўрада. Пасля кастр. 1917 выступала супраць бальшавікоў. Закрыта Гомельскім рэв. к-там за антысав. прапаганду.

т. 5, с. 341

ГО́МЕЛЬСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА 1990.

Адбылася ў красавіку 1990 у сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Паводле рашэння канферэнцыі прац. калектыву «Гомсельмаша» 26.4.1990, у 4-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, работа прадпрыемства (30 тыс. чал.) была спынена. На інш. прадпрыемствах горада адбыліся мітынгі, спынілі работу станкабудаўнічы з-д імя Кірава, радыёзавод. Калоны рабочых прыйшлі на пл. Леніна, дзе адбыўся агульнагар. мітынг. Прынятая на ім рэзалюцыя патрабавала неадкладнага закрыцця ЧАЭС, прызнання Гомеля і вобласці зонай нац. і экалаг. Бедства. 7 — 8.7.1990 у час работы XXVIII з’езда КПСС гар. забастовачны к-т з дапамогай гарсавета і гар. рады БНФ «Адраджэнне» арганізавалі ў Маскву маршпратэст «За выжыванне». Пасля гэтага ў Гомель была накіравана ўрадавая камісія. 25.7.1990 паміж камісіяй, забастовачным к-там, СМ БССР, абл. і гар. выканкомамі быў падпісаны пратакол, паводле якога Гомелю надаваўся статус горада, пацярпелага ад экалаг. бедства, і прадугледжвалася праграма дзярж. дапамогі.

В.М.Лебедзева.

т. 5, с. 341

ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).

А.Ф.Рогалеў.

т. 5, с. 341

ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.

В.М.Чарнатаў.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-ФАНЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896—1914 у г. Гомель. У 1900 працавала 24 рабочыя, выраблена дошак на 80 тыс. руб. У 1908 мела паравы рухавік (100 к.с.). У 1913 працавала 65 рабочых.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ СТУ́ДЫЯ імя М.А.Урубеля. Існавала ў Гомелі ў 1919—21. Арганізавана мастакамі А.Быхоўскім і С.Каўроўскім. Яе навучэнцы стварылі шмат плакатаў, карыкатур, дыяграм, заклікаў для прапаганды рэв. ідэй на Беларусі. Сярод плакатыстаў вылучаўся Быхоўскі — аўтар вострых, экспрэсіўных, цікавых па задуме твораў: «Чырвоны набат», «Дапамажыце параненаму чырвонаармейцу» і інш. Сярод вучняў студыі нар. мастак СССР Г.Ніскі, мастакі А.Шаўчэнка, Я.Целяшэўскі, карыкатурыст Л.Смехаў і інш.

т. 5, с. 342

«ГО́МЕЛЬСКАЯ МЫСЛЬ»,

грамадска-палітычная і літ. газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася 3 разы на тыдзень з 5(18).2.1913 да 17(30).7.1914 у Гомелі на рус. мове. Асн. месца адводзіла асвятленню мясц. праблем. Выступала супраць курсу на хутарызацыю, за свабоду друку, усеагульнае і бясплатнае пач. навучанне. Шмат увагі аддавала сац.-эканам. і юрыд. праблемам яўр. насельніцтва ў Рас. імперыі, у т. л. супраць нацыяналізацыі крэдытнай сістэмы, якая падрывала яўр. капітал. Вітала станаўленне бел. тэатр. мастацтва, адзначала багатую нац. паэзію, прапагандавала рус. л-ру. У час 1-й сусв. вайны займала пацыфісцкія пазіцыі.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ПАЛАТНЯ́НАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1814—31 у г. Гомель. У 1814 працаваў 61 чал.; мела 32 ткацкія станкі, выраблена 14 545 аршынаў палатна.

т. 5, с. 342

ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВА-ГАНДЛЁВАЯ ФІ́РМА «8 САКАВІКА́».

Засн. ў 1926 у Гомелі як трыкатажная майстэрня па вытв-сці панчошна-шкарпэткавых вырабаў. З 1930 Гомельская панчошна-трыкатажная ф-ка «8 Сакавіка», мела швейны, вязальна-трыкатажны цэхі і лабараторыю моды, выпускала шаўковую і баваўняную бялізну, джэмперы. У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ў г. Чкалаў (цяпер Арэнбург, Расія). У 1946 адноўлена. З 1992 сучасная назва. Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі ў галіне лёгкай прам-сці. Выпускае больш за 400 найменняў прадукцыі жаночага асартыменту. У 1993 узнагароджана міжнар. прэміяй у конкурсе за якасць прадукцыі.

т. 5, с. 342

«ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА»,

абласная газета. Выдаецца з 30.10(12.11).1917 у Гомелі на бел. мове. У 1917—29 выходзіла на рус. мове, пад рознымі назвамі. Спачатку наз. «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». У час акупацыі Гомеля герм. войскамі (люты 1918 — студз. 1919) не выходзіла. З 1930 наз. «Палеская праўда», з 1938 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну орган Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б (выходзіла з 1.5 да 20.11.1943). Пасля вайны — орган Гомельскіх абл. і гар. к-таў КПБ, абл. і гар. Саветаў нар. дэпутатаў. З вер. 1991 — абл. газета. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам., гісторыка-краязнаўчага і культ. жыцця Гомельшчыны, усёй Беларусі. Асвятляе міжнар. падзеі.

т. 5, с. 342