Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЮ́ДЭНДОРФ ((Ludendorff) Эрых) (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каля г. Познань, Польшча — 20.12.1937),

германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2-ю рас. армію ген. А.В.Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).

т. 9, с. 403

ЛЮ́ДЭРСА—ПА́ЎЛІ ТЭАРЭ́МА, тэарэма CPT («цэ-пэ-тэ»),

адна з асн. тэарэм квантавай тэорыі паля. Паводле Л.—П.т. ўраўненні захоўваюць свой від, калі адначасова правесці пераўтварэнне зарадавага спалучэння, прасторавай інверсіі і абарачэння часу (замена часу t на -t). Сфармулявана і даказана ням. фізікам Г.Людэрсам і швейц. фізікам В.Паўлі (1955).

Сцвярджае, што калі ў прыродзе адбываецца які-н. працэс, то з той жа імавернасцю можа адбывацца працэс, у якім часціцы заменены на антычасціцы, праекцыі іх спінаў набылі процілеглы знак, а пачатковыя і канцавыя станы працэсу памяняліся месцамі. Устанаўлівае пэўную сувязь паміж характарыстыкамі часціцы і адпаведнай антычасціцы, якія маюць аднолькавыя масы спакою, час жыцця, энергетычныя спектры, а таксама вуглавыя размеркаванні прадуктаў распаду (калі ўзаемадзеянне часціц у канцавым стане слабае), а праекцыі спінаў на зададзеную вось процілеглыя. У доследах адхіленняў ад Л.—П.т. не выяўлена.

І.С.Сацункевіч.

т. 9, с. 404

«ЛЮД ПО́ЛЬСКІ»

(Lud polski),

польская эмігранцкая рэв.-дэмакр. арг-цыя, якая дзейнічала ў 1835—46 у Вялікабрытаніі. Уключала пераважна б. удзельнікаў паўстання 1830—31, якія паходзілі з дробнай шляхты, сялян і гар. плебсу. Створана на аснове 2 секцый Польскага дэмакратычнага таварыства (ПДТ), якія ў 1835 выйшлі з ПДТ і прынялі назвы грамада «Грудзёндз» і грамада «Умань». Праграма арг-цыі, заснаваная на ідэях утапічнага камунізму, змяшчала патрабаванні ліквідацыі прыватнай уласнасці, ураўнавання саслоўяў, надзялення сялян зямлёй, перадачы ўлады народу. Прычыну паражэння паўстання 1830—31 чл. арг-цыі бачылі ў згодніцкіх паводзінах шляхты і адсутнасці праграмы радыкальных агр. рэформ. Ідэолагі «Л.п.»: С.Ворцаль, Т.Крэмпавецкі, З.Свентаслаўскі. Пасля 1840 дзейнасць арг-цыі паступова згасла ў выніку ўнутр. спрэчак і ізаляцыі.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 401

«ЛЮД ПО́ЛЬСКІ», Сацыялістычнае таварыства «Люд польскі» (Stowarzyszenie Socjalistyczne Lud Polski),

польская эмігранцкая дэмакр. арг-цыя, якая дзейнічала ў 1881—82 у Швейцарыі. Засн. ў Жэневе групай польск. эмігрантаў на чале з Б.Ліманоўскім. Праграма «Л.п.» прадугледжвала адраджэнне Польшчы ў яе гіст. межах і стварэнне дзяржавы на федэратыўных асновах, ідэю нац. вызвалення спалучала са справай сац. вызвалення шляхам рэвалюцыі. Арг-цыя «Л.п.» была ідэалаг. і арганізацыйнай папярэдніцай Польскай сацыяліст. партыі.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 401