Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЬЯ́НАС (ісп. llanos, множны лік ад llano раўніна),

назва некаторых раўнінных тэрыторый у раёнах ісп. каланізацыі (напр., Лана-Эстакада ў ЗША, Л.Арынока, Л.-Мохас і інш. у Паўд. Амерыцы). Таксама тып высакатраўнай саванны на раўнінах у бас. р. Арынока (тэр. Венесуэлы і Калумбіі). Укрыты густым і высокім травяным покрывам з перавагай злакаў, ёсць асобныя дрэвы або іх групы (тыпова маўрыкіева пальма). Па далінах рэк галерэйныя лясы. Выкарыстоўваюцца як паша, месцамі — пад земляробства.

т. 9, с. 390

ЛЬЯ́НАС-АРЫНО́КА (Llanos del Orinoco),

прыродная вобл. у Калумбіі і Венесуэле, уздоўж левабярэжжа р. Арынока, паміж Андамі (на ПнЗ), Гвіянскім пласкагор’ем (на У) і р. Гуаўярэ (на Пд). Даўж. каля 1400 км, шыр. да 400 км. Пераважае раўнінны рэльеф. Клімат субэкватарыяльны гарачы, з рэзкай зменай вільготнага (летам) і сухога (зімой) сезонаў. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Расліннасць саваннаў. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла), пасевы кукурузы, рысу, бавоўніку і інш. культур. Гл. таксама Льянас.

т. 9, с. 390

ЛЬЯ́ЧКА,

гліняная пасудзіна, якая са стараж. часоў выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе для разліўкі расплаўленых каляровых металаў. Узнікла ад тыгля з ручкай. 3 развіццём ювелірнай справы ўдасканальвалася. Паводле формы падзяляюцца на лыжкападобныя з закрытым верхам і масіўнай утулкавай ручкай (11 ст.), выцягнутая закрытая пасудзіна авальнай формы з дзвюма круглымі адтулінамі і ручкай (11—12 ст.), моцнапаглыбленая лыжка з плаўным пераходам корпуса ў ручку (13—14 ст.). Ва ўсх.-слав. гарадах 11—14 ст. знойдзена больш за 150 Л. На Беларусі знойдзены ў Віцебску, Гродне, Лукомлі, Навагрудку і інш.

Л.У.Калядзінскі.

Льячкі. 12—13 ст. Гродна.

т. 9, с. 391