ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),
«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКІЯ СУПО́ЛЬНАСЦІ,
агульная назва трох узаемазвязаных рэгіянальных эканам. арг-цый: Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі (ЕАВС), Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі (Еўратам) і Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС), утвораных у 1951—57. У сістэму Е.с. уваходзяць таксама інш. еўрап. інтэграцыйныя ін-ты (Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Фонд еўрапейскага рэгіянальнага развіцця і інш.). У 1965 паводле Брусельскага дагавора створаны адзіныя органы трох супольнасцей. З 1986 Е.с. выкарыстоўваюць уведзены ў 1955 Саветам Еўропы еўрап. сцяг, у 1972 ода «Да радасці» Л.Бетховена на словы Ф.Шылера зацверджана ў якасці еўрап. гімна. Паводле Маастрыхцкіх пагадненняў 1992 Е.с. сталі афіц. называцца Еўрапейскім саюзам.
т. 6, с. 400
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ БАНК РЭКАНСТРУ́КЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ́ (European Bank for Reconstruction and Development; ЕБРР),
спецыялізаваная міжнар. эканам. арг-цыя. Створаны ў 1991. Чл. ЕБРР — 57 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Месца знаходжання — г. Лондан. Мэта ЕБРР — фін. падтрымка краін Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія заявілі аб сваёй прыхільнасці дэмакр. прынцыпам (шматпарт. дэмакратыя, плюралізм, рыначная эканоміка), садзейнічанне іх пераходу да адкрытай рыначнай эканомікі і прыватнага прадпрымальніцтва. Устаноўчы капітал банка 10 млрд. ЭКЮ. Гал. органы — Савет кіраўнікоў, Савет дырэктараў, Кансультатыўны савет па пытаннях навакольнага асяроддзя. Мае прадстаўніцтвы ў краінах, якім аказваецца дапамога, у т. л. на Беларусі.
С.Ф.Свілас.
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ВАЛЮ́ТНЫ САЮ́З,
форма інтэграцыі краін-членаў Еўрапейскага саюза (ЕС) у валютна-фін. сферы. Рашэнне аб стварэнні саюза абвешчана Маастрыхцкім дагаворам 1992. План паэтапнага пераходу да Е.в.с. прадугледжваў «эканамічную канвергенцыю» і стабілізацыю валютных курсаў, абмежаванне інфляцыі і доўгатэрміновых працэнтных ставак. нац. запазычанасці і межаў дэвальвацыі нац. валют. Яго рэалізацыя прадугледжвае стварэнне ў 1998 Еўрап. цэнтр. банка, у якім будуць прадстаўлены нац. цэнтр. банкі, і ўвядзенне ў абарачэнне адзінай грашовай адзінкі з 1.1.1999 ва ўсіх краінах ЕС.
Л.І.Шмыгава.
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ГУМАНІТА́РНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,
недзяржаўная вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1992 у Мінску. Арыентуецца на адукац. стандарты вядучых еўрап. і паўн.-амер. ун-таў. Рыхтуе эканамістаў, тэолагаў, псіхолагаў, філосафаў, мастацтвазнаўцаў, дызайнераў, прававедаў, палітолагаў і інш. У 1997/98 навуч. г. ф-ты: мастацтваў, права, эканомікі, псіхалогіі, тэалогіі, франка-бел. ф-т паліт. і адм. навук. Мае цэнтры: эканам. і сац. даследаванняў, амер., еўрап., гендэрных даследаванняў; б-ку і выд-ва.
т. 6, с. 399
ЕЎРАП́Е́ЙСКІ ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ БАНК (European Investment Bank; ЕІБ),
банк, створаны для падтрымкі праектаў, якія маюць значэнне для некалькіх краін — членаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, а таксама для фінансавання больш адсталых еўрап. краін у выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў. Дзейнічае з 1959. ЕІБ — інстытут з аўтаномным фін. статусам. Яго кіруючы орган — Савет упраўляючых у складзе міністраў фінансаў краін-удзельніц, які вызначае крэдытную палітыку, зацвярджае гадавыя балансы, прымае рашэнні аб выдачы крэдытаў і гарантый, аб выпуску пазык і памеры працэнтных ставак. Статутны капітал ЕІБ каля 15 млрд. ЭКЮ.
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ПАРЛА́МЕНТ, Еўрапарламент,
кансультатыўны і рэкамендацыйны орган Еўрапейскага саюза (ЕС). Створаны паводле Рым. дагавора (1957) пры заснаванні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС). Дэпутаты (626 чл.) з 1979 выбіраюцца на аснове прамога ўсеагульнага галасавання грамадзян краін — удзельніц ЕС (ЕЭС) тэрмінам на 5 гадоў. Месцазнаходжанне — г. Страсбур (Францыя). Е.п. удзельнічае ў абмеркаванні бюджэту ЕС, заканад. працэсе, кантралюе работу Камісіі і Савета ЕС. Кіруючы орган — прэзідыум (старшыня і 14 намеснікаў, 5 квестараў з дарадчымі галасамі), пастаянныя к-ты, падкамітэты, часовыя і следчыя к-ты рыхтуюць матэрыялы для пленарных пасяджэнняў Е.п. (праходзяць адкрыта кожны месяц). Пратаколы і тэксты рашэнняў распаўсюджваюцца на 9 еўрап. мовах.
С.Ф.Свілас.
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЦЫЯ́ЛЬНЫ ФОНД (European Social Fund),
фонд Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, накіраваны на павышэнне занятасці ў краінах — членах Супольнасці праз аказанне фін. дапамогі ў перападрыхтоўцы і перасяленні рабочых. Засн. ў 1959; у выніку рэформы 1971 больш дакладна вызначаны прыярытэты яго дзейнасці. Фонд дае субсідыі для развіцця прафес. адукацыі, фінансавання праграм павышэння занятасці, развіцця галін, якія перажываюць спад, дапамогі ў працаўладкаванні імігрантам. жанчынам. Вялікая ўвага аддаецца фінансаванню праграм па ўладкаванні моладзі.
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,
(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап. цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр. ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. Грамадзянства ЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 399