«ГО́МАН»,
рэвалюцыйная народніцкая група ў Пецярбургу ў 1880-я г. Аформілася да пач. 1884. Складалася са студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі. Выдавала падпольны час. «Гомон». Утварылася па ініцыятыве былых членаў Віцебскага рэв. гуртка А.І.Марчанкі і Х.А.Ратнера. Належала да заснавальнікаў бел. нац. плыні ў рас. народніцкім руху, адным з ініцыятараў якой быў І.Я.Грынявіцкі. Група «Гоман» упершыню паставіла і тэарэтычна абгрунтавала бел. нац. пытанне. Ажыццяўленне сац. і нац. разнявольвання бел. народа звязвала з перамогай нар. рэвалюцыі ў Расіі, пераходам улады да Устаноўчага сходу і ўтварэннем федэрацыі свабодных раўнапраўных аўтаномных абласцей. Мела сувязі з арг-цыяй «Народнай волі» ў Паўн.-Зах. краі, з рэв. гурткамі Віцебска, Мінска, Магілёва, Гродна. Спыніла існаванне ў выніку разгрому арг-цыі «Народная воля».
Літ.:
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии: (40-е — начало 80-х годов XIX в.). Мн., 1972;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг. Мн., 1983.
М.В.Біч.
т. 5, с. 330
«ГО́МАН»
(«Homan»),
бел. грамадска.-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. адраджэнскага кірунку. Выдавалася з 15(28).2.1916 да канца 1918 у Вільні на бел. мове з дазволу акупац. герм. улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В.Ластоўскі і Я.Салавей (з сярэдзіны 1917). Выступала за нац.-культ. адзінства бел. народа, незалежную Бел. рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае ВКЛ. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі, асвятляла дзейнасць Дзярж. думы, друкавала інфармацыю з франтоў. Надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню апублікавала некат. творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, Ц.Гартнага, А.Гурло, а таксама даследаванні М.Нікіфароўскага, літ.-крытычныя нарысы А.Луцкевіча (пад. псеўд. А.Навіна).
У.М.Конан.
т. 5, с. 330
ГО́МАНАЎ Леанід Міхайлавіч
(н. 22.11.1953, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),
бел. мастак-плакатыст. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1974), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1991). Працуе ў выд-ве «Навука і тэхніка» (з 1991). Асн. творы: «Спыніць гонку ўзбраенняў» (1984), «Перабудова» (1986), «Чарнобыль. 26.4.86» (1988), «Дапамажы дзецям Чарнобыльскай зоны», «Хто адкажа?» (абедзве 1990), серыя плакатаў «Беларускія асветнікі» (Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі; 1991), плакаты да кінафільмаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1989), «Сівая легенда» (1992). Працуе таксама ў жывапісе і кніжнай графіцы.
Г.А.Фатыхава.
т. 5, с. 330
ГО́МАНАЎ Леанід Уладзіміравіч
(н. 20.6.1958, Мінск),
бел. жывапісец. Сын У.К.Гоманава. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). З 1989 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Пралескі» (1985), «Чайная на ферме», «Смутак» (1986), «Пастух» (1987), «Праз стагоддзі. Ф.Скарына» (1990); партрэт даяркі С.М.Сузько (1978); пейзажы «Стары Мазыр» (1978), «Від горада Сянно» (1990), «Бездарожжа» (1992), «Маўчанне птушак» (1995), нацюрморт з гармонікам (1989) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 330
ГО́МАНАЎ Уладзімір Кірылавіч
(н. 2.2.1929, г. Сянно Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1962), выкладаў у ім у 1963—78. Працуе ў жанрах гіст., бытавым, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Апошні бой К.Заслонава» (1964), «На сценах старога Слуцка» (1973), трыпціх «А хто там ідзе?» (1969), «Дажынкі» (1978), «Мой родны кут» (1982), «Касіў Ясь канюшыну» (1985), серыя «З эцюднікам па Еўропе», «Лазня» (абедзве 1986), «Свет Скарыны», «Зоркі не гаснуць» (абедзве 1991), «Крыжы зямлі» (1995), «Божа, дапамажы!» (1996); партрэты Героя Сац. Працы Т.Р.Арды (1982), драматурга А.Петрашкевіча (1984), Кастуся Каліноўскага («Чорная пятля», 1989); пейзажы «Прыпяцкія плёсы» (1976), «Зіма» (1988); нацюрморты «Галінка арабіны» (1988), «Бэз» (1995) і інш. Творчасць насычана нац. каларытам, дынамікай, гармоніяй колеру, у ёй — спалучэнне лірыкі і публіцыстыкі.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 330
ГОМАСЕКСУАЛІ́ЗМ
(ад гома... + лац. sexualis палавы),
сексуальная інверсія, гомаэратызм, сексуальнае адхіленне, якое характарызуецца палавой схільнасцю да асоб свайго полу. Вядомы са старажытнасці. Сюжэты на гэту тэму трапляюцца на наскальных відарысах каменнага веку. Пашыранасць гомасексуалізму ў свеце вагаецца сярод мужчын ад 1 да 4%, у жанчын ад 1 да 3%. Пры мужчынскім гомасексуалізме задавальненне палавой цягі ажыццяўляецца рознымі шляхамі, у т. л. праз увядзенне палавога члена ў задні праход партнёра (педэрастыя), пры жаночым гомасексуалізме (гл. Лесбіянства) — шляхам узбуджэння палавых органаў рознымі часткамі цела партнёршы або шляхам імітацыі палавога акта. Гомасексуалізм можа быць пастаянны або часовы. На фарміраванне гомасексуалізму ўплываюць генетычныя фактары і асаблівасці індывід. развіцця.
Гомасексуалізм асуджаўся грамадствам ва ўсе часы. Адмоўныя адносіны да гомасексуалізму ўзмацніліся з пераходам да хрысціянства. У сярэднявеччы гомасексуалізм праследаваўся законам, царквой, інквізіцыяй. У наш час гомасексуалізм небяспечны ў сувязі з пашырэннем СНІДу, адной з крыніц якога з’яўляюцца гомасексуальныя кантакты. Сучасныя навук. ўяўленні зыходзяць з таго, што гомасексуалізм — толькі інш. сексуальная арыентацыя (не хвароба ці ненармальнасць). У шэрагу краін Амерыкі і Еўропы пачаліся працэсы легалізацыі гомасексуалізму. Прафілактыка гомасексуалізму заключаецца найперш у правільным гігіенічным і палавым выхаванні, фарміраванні ў дзіцяці адпаведных паларолевых паводзін і арыентацый.
т. 5, с. 330
ГОМАСТЫЛІ́Я
(ад гома... + грэч. stylos слуп),
роўнаслупковасць, аднолькавая даўжыня слупкоў і тычынкавых нітак у кветках усіх асобін раслін дадзенага віду. Уласціва большай ч. кветкавых раслін. Гл. таксама Гетэрастылія.
т. 5, с. 331
ГОМАТАЛІ́ЗМ
(ад гома... + грэч. thallos галінка, атожылак),
двухполавасць у некат. грыбоў і водарасцей, пры якой да зліцця (капуляцыі) здольны гаметы, што паходзяць з аднаго талома (з адной клеткі). Такія віды называюць гоматалічнымі. Гл. таксама Гетэраталізм.
т. 5, с. 331
ГО́МАТЫ,
Гумты, рака ў Індыі, левы прыток Ганга. Даўж. 800 км, пл. бас. каля 28 тыс. км². Увесь басейн ракі — у межах Інда-Гангскай раўніны. Летнія паводкі, бываюць навадненні. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гоіатах — г. Лакхнаў.
т. 5, с. 331
ГОМАЦЭНТРЫЧНЫ ПУЧО́К прамянёў, пучок светлавых прамянёў, якія (самі або іх прадаўжэнні) перасякаюцца ў адным пункце. Хвалевая паверхня, што адпавядае гомацэнтрычнаму пучку, — сфера, яе цэнтр — пункт перасячэння гомацэнтрычнага пучка. Відарыс аптычны будзе дакладна адпавядаць арыгіналу (кожнаму пункту арыгінала адпавядае пэўны пункт відарыса), калі гомацэнтрычны пучок пасля праходжання праз аптычную сістэму пераўтвараецца ізноў у гомацэнтрычны.
т. 5, с. 331