ДЭНАМІНА́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. nominatio найменне),
узбуйненне грашовай адзінкі краіны (без яе перайменавання) з мэтай упарадкавання грашовага абарачэння і надання большай паўнацэннасці нац. валюце. Часта прычынай Д. бываюць складанасці тэхн. забеспячэння (друкаванне грашовых знакаў, захаванне неабходных суадносін паміж рознымі купюрамі, выраб разменнай манеты буйных наміналаў і да т.п.) грашовага абарачэння ва ўмовах інфляцыі. У Рэспубліцы Беларусь апошняя Д. нац. валюты адбылася ў 1994.
т. 6, с. 350
ДЭНАНСА́ЦЫЯ (ад франц. dénoncer абвяшчаць, касаваць),
адмова аднаго з бакоў міжнароднага дагавора ад яго выканання. Звычайна права Д., яе формы і тэрміны прадугледжваюцца ў самім дагаворы. Д. шматбаковых дагавораў мае сілу толькі для той дзяржавы, якая яго дэнансавала; паміж яго інш. ўдзельнікамі дагавор працягвае дзейнічаць. Д. міжнар. дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Палатай прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.
т. 6, с. 350
ДЭНА́РЫЙ (ад лац. denarius які складаецца з дзесяці),
1) сярэбраная манета Стараж. Рыма, чаканілася ў 269 да н.э. — 1-й пал. 3 ст. 2) Сярэбраная манета герм. дзяржаў у 5 — сярэдзіне 8 ст., якая імітавала рымскі Д.
3) Сярэбраная манета дзяржаў Зах. Еўропы ў сярэдзіне 8—1-й пал. 12 ст. У Беларусі абарачалася ў канцы 10 ст. — сярэдзіне 1060-х г. 4) Сярэбраная, потым білонная і медная разменная манета ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 13—17 ст. 5) Сярэбраная манета ВКЛ у 14—15 ст., білонная — у 16 ст. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. вядомы білонны двайны Д.
6) Сучасная назва разменнай манеты ў Іраку, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Югаславіі.
т. 6, с. 350
ДЭНАТУРАВА́НЫ СПІРТ, дэнатурат,
этылавы спірт-сырэц з дабаўкамі фарбавальніку, які надае яму сіне-фіялетавы колер, а таксама спец. рэчываў (пераважна пірыдзінавых асноў) з непрыемным пахам і смакам. Мае сівушнае масла, метанол і інш. шкодныя для арганізма прымесі, якія нельга вылучыць перагонкай, вымарожваннем і інш. найпрасцейшымі фізіка-хім. метадамі. Выкарыстоўваюць як растваральнік лакаў і палітур. Таксічны.
т. 6, с. 350
ДЭНАТУРА́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. natura прыродныя ўласцівасці, сутнасць) у біяхіміі, страта біяпалімерамі прыроднай (натыўнай) канфігурацыі і біял. уласцівасцей у выніку разбурэння іх другаснай і трацічнай структуры пад уплывам фіз. і хім. фактараў. Пры Д. з малекул бялкоў, нуклеінавых к-т і інш. біяпалімераў утвараецца сумесь неўпарадкаваных ланцугоў поліпептыдаў, полінуклеідаў і інш. біяпалімераў, якія могуць выпадаць у асадак. Асн. фактары, што выклікаюць Д., — т-ра, змены pH (пры дабаўленні к-т і шчолачаў), арган. растваральнікі, іоны цяжкіх металаў, хаатропныя рэагенты тыпу дэтэргентаў. З’ява Д. выкарыстоўваецца пры выпечцы хлеба, у кандытарскай, кансервавай і інш. галінах прам-сці.
т. 6, с. 351
ДЭНАЦЫФІКА́ЦЫЯ,
комплекс мерапрыемстваў дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) па ліквідацыі наступстваў нацыянал-сацыялісцкага рэжыму ў Германіі і Аўстрыі пасля 2-й сусв. вайны. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 прадугледжвалася знішчыць фаш. нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі, яе філіялы і падкантрольныя арг-цыі; распусціць усе нацысцкія ўстановы і не дапусціць іх адраджэння ў любой форме; прыцягнуць да адказнасці злачынцаў супраць міру і чалавечнасці і інш. На Нюрнбергскім працэсе асуджаны гал. ням. ваен. злачынцы, абвешчаны злачыннымі кіраўніцтва нацыянал-сацыялісцкай партыі, гестапа, СД і СС. Найб. актыўна і паслядоўна Д. праводзілася ў сав. акупац. зоне (Усх. Германія), дзе яна завяршылася ў сак. 1948 (напр., да жн. 1947 з розных органаў кіравання звольнена каля 500 тыс. актыўных нацыстаў). На З Германіі ва ўмовах «халоднай вайны» Д. з 1949 па даручэнні амер., брыт. і франц. акупац. адміністрацый працягвалі ўлады навастворанай ФРГ (да сярэдзіны 1950-х г. да адказнасці прыцягваліся 6,08 млн. чал., з іх большасць апраўдана). У Аўстрыі Д. завершана паміж 1948 (частковая амністыя) і 1957 (агульная амністыя б. нацыстаў).
т. 6, с. 351
ДЭНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + нацыяналізацыя),
1) у сац.-эканам. і паліт. сэнсе — пераўтварэнне дзярж. (нац.) уласнасці, якая ўзнікла ў выніку нацыяналізацыі, у прыватную, каап., калект., акцыянерную або змешаную. Стала асн. зместам сац.-эканам. пераўтварэння ў час т. зв. першай хвалі лібералізму і свабоднага гандлю ў краінах Зах. Еўропы, ЗША, Японіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. і новай хвалі лібералізму і рэфармавання эканомікі, якая пачалася ў пачатку 1980-х г. і ахапіла фактычна ўвесь свет. У 1950-я г. праводзілася звычайна шляхам продажу дзярж. уласнасці (прамысл. прадпрыемстваў, зямельных участкаў, акцый і інш.) або распродажу часткі акцый дзярж. кампаній, калі дзярж. ўласнасць ператваралася ў змешаную дзярж.-прыватную ўласнасць. Спецыфічнымі формамі Д. быў распродаж дзярж. прадпрыемстваў, пабудаваных за кошт дзяржавы, у час 2-й сусв. вайны, продаж акцый рабочым і служачым дзярж. прадпрыемстваў (ЗША, Германія, Італія, Бельгія і інш.). У Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах звычайна ўжываецца ў адносінах да часткі нацыяналізаваных галін нар. гаспадаркі (прамысловасць, банкі, транспарт, сувязь і г.д.). З 2-й пал. 1980 — пач. 90-х г. Д. стала найб. важнай умовай фарміравання асноў эканам. свабоды грамадзян, пераадолення манапалізму і стварэння канкурэнтнага асяроддзя для эфектыўнага функцыянавання эканомікі ў краінах Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Усх. Еўропы і інш.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (1993) Д. ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы або продажу дзярж. або муніцыпальнай уласнасці калектывам, замежным фірмам, прыватным асобам (гл. таксама Прыватызацыя, Раздзяржаўленне).
2) У этнічным сэнсе — тое, што дээтнізацыя.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 6, с. 351
ДЭ́НБІ (Denbigh),
Крамянёвы комплекс Дэнбі, даэскімоская археал. культура Паўн. Амерыкі. Адкрыта ў 1948 у эскімоскім паселішчы Аятэет на мысе Дэнбі у зал. Нортан (Аляска). Блізкія да Д. культуры выяўлены на мысе ў зал. Кацэбу, на Арктычным узбярэжжы Аляскі, у Канадзе і ПнУ Грэнландыі. Для Д. характэрны дробныя ножападобныя пласцінкі, маленькія абабітыя бакавыя і канцавыя лёзы-ўкладышы, разцы, скрабкі і нажы, вастрыі стараж. амер. тыпаў. Датуецца часам больш за 2500 гадоў да н.э.
т. 6, с. 351
ДЭ́НВЕР (Denver),
горад на З ЗША, каля ўсх. падножжа Скалістых гор, на р. Саўт-Плат. Адм. ц. штата Каларада. Засн. ў 1858 золаташукальнікамі. 467,6 тыс. ж., з горадам Боўлдэр і агульнымі прыгарадамі каля 2 млн. ж. (1990). Гал. прамысл., гандл.-фін. цэнтр і трансп. вузел Горных штатаў. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр вял. с.-г. (жывёлагадоўля, цукр. буракі) і горнапрамысл. (каштоўныя і рэдкія металы, уран) раёна. Прам-сць: авіяракетная, радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ і інш.), маш.-буд. (прылада- і аўтабудаванне, вытв-сць дарожна-буд. машын, горнага і інш. прамысл. абсталявання), харчасмакавая (мясная, малочная, мукамольная, цукр., піваварная), металаапр., паліграф., цэм., хім., гумава-тэхн., гарбарна-абутковая. Вытв-сць спарт. інвентару. 2 ун-ты. Музеі. Турызм, цэнтр зімовага спорту. Каля Д. нац. парк Рокі-Маўнтын.
т. 6, с. 351