Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КВІ́НКЕ АЦЁК, Квінке хвароба, крапіўніца гіганцкая, крапіўніца Мілтана,

абмежаваны ацёк скуры і падскурнай клятчаткі ці слізістай абалонкі, што ўзнікае востра, раптоўна. Вывучыў і апісаў ням. ўрач Г.​Квінке (1882). Найчасцей бывае ў жанчын. Да рэдкай лакалізацыі паталаг. працэсу адносіцца ацёк шаравых абалонак, слізістай абалонкі маткі і мачавога пузыра.

К.а. — рэакцыя арганізма на алерген (гл. Алергія). Значная роля ў развіцці хваробы належыць спадчынным і нервова-рэфлекторным фактарам. Праяўляецца абмежаваным ацёкам на тканках губ, павек, шчок, іншы раз высыпкамі на месцы ацёку, без болю і свербу. Найб. небяспечны ацёк гартані (20—25% выпадкаў). Лячэнне: спецыфічная і неспецыфічная дэсенсібілізацыя; сродкі, што зніжаюць пранікальнасць сасудаў.

т. 8, с. 216

КВІ́НСЛЕНД (Queensland),

штат на ПнУ Аўстраліі. Пл. 1727,5 тыс. км². Нас. 3,1 млн. чал. (1993), з іх каля 80% гарадскога. Адм. ц.г. Брысбен. Усх. частка К. занятая Вялікім Водападзельным хрыбтом (выш. да 1611 м), зах. — нізіннай раўнінай. Клімат субэкватарыяльны (на Пн) і трапічны (на Пд). На ўсх. схілах гор і прыбярэжнай нізіне выпадае каля 2 тыс. мм ападкаў, месцамі да 2,5 тыс. мм. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных і субтрапічных лясоў. Для зах. раёнаў характэрны саванны і пустыні. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. На долю К. прыпадае каля 1/3 агульнааўстралійскага пагалоўя буйн. раг. жывёлы, каля 10% авечак, каля 20% свіней. На прыбярэжных раўнінах пасадкі цукр. трыснягу, трапічных фруктаў (ананасаў, бананаў, папайі, манга і інш.). На зах. схілах гор — пасевы пшаніцы і кукурузы, часта ў спалучэнні з малочнай жывёлагадоўляй. Развіта горназдабыўная прам-сць. Значная здабыча медзі, баксітаў, цынку, свінцу, рутылу, цыркону, каменнага вугалю, вальфраму, золата, урану, волава, жал. руды і інш. Маш.-буд., хім., харч., прам-сць. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Гал. індустр. цэнтры: Брысбен, Гладстан, Таўнсвіл, Ракгемптан.

т. 8, с. 216

КВІ́НТА,

гл. ў арт. Інтэрвал.

т. 8, с. 217

КВІНТДО́ЦЫМА,

гл. ў арт. Інтэрвал.

т. 8, с. 217

КВІНТЫ́ЛІЙ ВАР Публій, гл. Вар Публій Квінтылій.

т. 8, с. 217

КВІНТЫЛІЯ́Н (Марк Фабій) (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),

старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял. пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж. Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш. Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.

т. 8, с. 217

КВІНТЫЛЬЁН (франц. quintillion),

лік, які ў дзесятковым запісе мае выгляд адзінкі з 18 нулямі (лік 10​18); у некаторых краінах К. — лік 10​30.

т. 8, с. 217

КВІНТЭСЕ́НЦЫЯ (ад лац. quinta essentia пятая сутнасць),

аснова, самая сутнасць чаго-н. У антычнай натурфіласофіі К. — эфір, уведзены Арыстоцелем, найтанчэйшы пяты элемент (стыхія) побач з вадой, зямлёй, паветрам і агнём; пазней — найтанчэйшая субстанцыя наогул, «экстракт» усіх элементаў (Парацэльс).

т. 8, с. 217

КВІНТЭ́Т (італьян. quintetto ад лац. quintus пяты),

1) ансамбль з 5 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Інстр. К. можа складацца з аднародных або разнародных інструментаў. Пашыраны К. смыковы (смыковы квартэт і 2-я віяланчэль або 2-і альт), фп. (смыковы квартэт і фп.), духавых інструментаў (квартэт драўляных духавых і валторна).

2) Муз. твор для 5 інструментаў або пеўчых галасоў. Інстр. К. як жанр камернай музыкі склаўся ў творчасці І.​Гайдна і В.​А.​Моцарта. Звычайна пішацца ў санатнай цыклічнай форме. У музыцы 19—20 ст. значна пашыраны фп. К., для якога характэрна кантрастнае супастаўленне тэмбраў фп. і стр. смыковых інструментаў. У сусв. муз. класіку ўвайшлі фп. квінтэты Ф.​Шуберта, Р.​Шумана, І.​Брамса, С.​Франка, С.​Танеева, Дз.​Шастаковіча. У бел. музыцы пачынальнік жанру М.​Аладаў (2 К., 1-ы ў 1925). Фп. К. пісалі таксама П.​Падкавыраў, У.​Чараднічэнка. К. для інш. складаў стварылі У.​Дамарацкі («Партыта» для К. медных духавых), У.​Каральчук (К. для 2 труб, валторны, трамбона і тубы), А.​Літвіноўскі (п’еса для стр. К. «U1»). Вакальныя К. звычайна ўваходзяць у оперы.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 217

КВІНЦІ́ЛА (ісп. quintilla ад лац. quintus пяты),

тое, што пяцірадкоўе.

т. 8, с. 217