Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КВА́САЎ (Аляксей Васілевіч) (1718—20.2.1772),

расійскі архітэктар. Узначальваў арх. частку Камісіі па мураваным буд-ве С.-Пецярбурга і Масквы. Кіраваў стварэннем ген. плана Пецярбурга (1763—69), склаў праект рэканструкцыі адміралцейскай ч. горада і праекты перадмаставых плошчаў у месцы перакрыжавання р. Фантанка з гар. магістралямі. Працаваў над праектамі планіроўкі Казані (1766), Цвяры (1767), Астрахані (1768), Харкава (1768) і інш.

т. 8, с. 212

КВА́САЎ (Мікалай Трафімавіч) (н. 15.3.1949, станіца Новаўладзіміраўская Тбіліскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. навук (1992), праф. (1995). Скончыў БДУ (1977). З 1980 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па радыяцыйнай фізіцы цвёрдага цела, мадэляванні працэсаў радыяцыйна-стымуляваных змен структуры тэрмадынамічна нераўнаважных крышталёў, стварэнні радыяцыйных тэхналогій у мікраэлектроніцы.

Тв.:

Термодинамический анализ состояния монокристаллического кремния после ионного легирования бором и импульсной термообработки (разам з У.​А.​Лабуновым, В.​Я.​Скобляй) // Физика и химия обработки материалов. 1989. № 5.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 8, с. 212

КВАСЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Івацэвічы — Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на З ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 147 км ад Брэста. 680 ж., 290 двароў (1998). Пухапер’евая ф-ка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 212

КВАСО́ЎКА,

вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна — в. Лунна. Цэнтр сельсавета і калект. с.-г. прадпрыемства. За 15 км на Пд ад г. Гродна. 1213 ж., 366 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. К. — цэнтр маст. рамяства.

т. 8, с. 212

КВАСЬНЕ́ЎСКІ ((Kwaśniewski) Аляксандр) (н. 15.11.1954, г. Бялогард, Польшча),

польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Гданьскім ун-це. У 1977—90 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі. У 1977—81 нам. старшыні ваяводскага праўлення Сацыяліст. саюза польск. студэнтаў, заг. аддзела культуры і чл. выканкома Гал. савета саюза. У 1981—85 гал. рэдактар штотыднёвіка «ITD» («ІТД»), газ. «Sztandar Młodych» («Сцяг маладых»), заснаваў першы ў Польшчы камп’ютэрны часопіс для моладзі. У 1985—87 міністр па справах моладзі і спорту. Старшыня К-та па справах моладзі і фіз. культуры (1987—88), Польскага Алімп. к-та (1988—91); грамадска-паліт. к-та Савета Міністраў Польшчы (1988—89). Садзейнічаў легалізацыі прафсаюза «Салідарнасць». Адзін з заснавальнікаў (1990) партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча і старшыня (1990—95) яе Гал. савета. У 1991 заснаваў Саюз дэмакратыі левых сіл (СДЛС), які пасля перамогі на парламенцкіх выбарах 1993 стаў гал. сілай урадавай кааліцыі. У 1991—95 дэп. сейма Польшчы, старшыня парламенцкай фракцыі СДЛС і Канстытуцыйнай камісіі Нац. асамблеі Польшчы. З 1995 прэзідэнт Польшчы. Выступае за міжнар. супрацоўніцтва і інтэграцыю Польшчы ў еўрап. і еўраатлантычныя паліт., эканам. і ваенныя структуры.

В.​В.​Варановіч.

А.Квасьнеўскі.

т. 8, с. 212

КВАТАРА́НЦТВА,

сумеснае жыццё жывёл розных відаў, заснаванае на прасторавых сувязях. Вылучаюць 3 катэгорыі К.: сінайкія, калі кватарант пасяляецца ў жыллі гаспадара (напр., у норах грызуноў і інш. рыючых жывёл, у гнёздах птушак, мурашніках і вуллях пчол); эпіайкія, калі кватаранты пасяляюцца на целе гаспадара (напр., некаторыя вусаногія, якія кормяцца планктонам, прымацоўваюцца да акул і кітоў і выкарыстоўваюць іх як сродак перамяшчэння); энтайкія, калі арганізм жыве ўнутры цела гаспадара пры адсутнасці кармавых зносін з ім (напр., дробныя рыбкі фіерастары, якія жывуць у клаацы галатурый і перыядычна выходзяць адтуль, каб карміцца рачкамі; нематоды, якія пасяляюцца ў кішэчніку коней і кормяцца інфузорыямі, якія там жывуць). Гл. таксама Каменсалізм.

т. 8, с. 213

КВАТАР’Е́Р (ням. Quartiermacher ад Quartier кватэра, пастой + Macher верхавод),

ваеннаслужачы, якога напярэдадні ці ў час перадыслакацыі войск высылае вайск. часць (падраздзяленне) з мэтай своечасовага абследавання намечаных раёнаў размяшчэння, выбару і размеркавання кватэр і ўчасткаў мясцовасці паміж часцямі (падраздзяленнямі).

т. 8, с. 213

КВАТАРМА́ЙСТАР (ням. Quartiermeister ад Quartier кватэра, пастой + Meister гаспадар),

1) у 16—20 ст. службовая асоба (афіцэр, генерал) у органах кіравання войскамі многіх еўрап. краін, у т. л. Расіі (з пач. 18 ст.), якая напачатку (16 ст.) займалася размяшчэннем войск лагерам ці па кватэрах, а пазней (17—20 ст.) пераважна аператыўнымі пытаннямі.

2) Начальнік тылавой гаспадаркі палка ў рас. арміі (пач. 18 ст. — 1881, наз. кватармістр), войсках ВКЛ і Польшчы (паводле штату 1789).

3) Начальнік службаў харч. і рэчавага забеспячэння ў палку Чырв. Арміі (да 1928, наз. кватармістр).

4) Пасада унтэр-афіцэра карабельнай службы ВМФ Расіі (да 1917), які загадваў гасп. пытаннямі.

5) Службовая асоба ва ўзбр. сілах ЗША і Вялікабрытаніі, якая кіруе вырашэннем усіх пытанняў кватэрнага і рэчавага забеспячэння войск.

т. 8, с. 213

КВА́ТАРЫ,

вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ваўкавыск — рабочы пас. Пагранічны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдУ ад г.п. Вял. Бераставіца, 80 км ад Гродна, 7 км ад чыг. ст. Бераставіца. 518 ж., 204 двары (1998). Базавая школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Капліца.

т. 8, с. 213

КВАТЭРНІЁН (франц. quaternion ад лац. quaterni па чатыры),

адна з сістэм гіперкамплексных лікаў. Увёў У.Р.Гамільтан (1843) у сувязі з задачай абагульнення камплексных лікаў.

К. вызначаецца як лінейная камбінацыя віду a + bi + cj + dk, дзе a, b, c, d — сапраўдныя лікі, i, j, k — уяўныя адзінкі: i2 = j2 = k2 = −1. Складанне і множанне К. выконваецца па адпаведных правілах для мнагачленаў з улікам jk = −kj = i, ki = −ki = j, ij = −ji = k. Алг. дзеянні над К. маюць усе ўласцівасці (за выключэннем камутатыўнасці множання) адпаведных дзеянняў над сапраўднымі лікамі. Гэтым К. вылучаюцца сярод гіперкамплексных лікаў.

т. 8, с. 213