Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КАШГА́Р,

рака на З Кітая (вярхоўі ў Кыргызстане і Таджыкістане). Даўж. 765 км (685 км на тэр. Кітая), пл. басейна (з р. Гёздар’я) 90,8 тыс. км². Пачынаецца на схілах Алайскага і Заалайскага хрыбтоў, цячэ па Кашгарскай раўніне. Летняя паводка. Сярэдні расход вады ў нізоўях каля 80 м³/с. Раней упадала ў р. Яркенд, цяпер губляецца ў пясках. Вада разбіраецца для арашэння зямель Кашгарскага аазіса.

т. 8, с. 198

КАШГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Тарымская раўніна,

раўніна ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, у бас. р. Тарым. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км. Пл. каля 530 тыс. км² (самая вял. ў Цэнтр. Азіі і адна з найб. бяссцёкавых упадзін у свеце). Дэльтавая вобласць левых прытокаў р. Яркенд. Абмежавана гарамі Цянь-Шань, Куньлунь і Бэйшань. Пераважаюць выш. 800—1500 м. Б.ч. паверхні занята пустыняй Такла-Макан. Каля падножжа гор дэлювіяльныя шлейфы з галечнікаў і пясчана-гліністых адкладаў. У паніжэннях саланчакі. На перыферыйных падгорных лёсавых раўнінах — вял. аазісы (Кашгарскі, Аксуйскі, Яркендскі, Хатанскі). Клімат умераны (цёплы, рэзка кантынентальны, пустынны). Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. да 26 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год. Асн. рэкі Тарым і Хатан, на У воз. Лабнор. Пустынная расліннасць на шэразёмах, па далінах тугайныя зараснікі, у аазісах земляробства, садаводства.

т. 8, с. 198

КА́ШКЕР (Анатоль Фёдаравіч) (15.12.1928, г.п. Прачыстае Першамайскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 20.3.1994),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952). З 1952 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Характарны акцёр, майстар эпізоду. Творчасць вызначалася лаканізмам, дакладнасцю ў адборы маст. сродкаў. Сярод роляў: Важаватаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Адам («Маскарад» М.​Лермантава), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Драбязгін, Башкін («Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Санька («Два капітаны» В.​Каверына), Іван Іванавіч («Лазня» У.​Маякоўскага), Солнышкін і Даніла («Далёкая дарога» і «Домік на ўскраіне» А.​Арбузава), Чарнявы («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Фрэдзі («Пігмаліён» Б.​Шоу), Хойтпляйн («Арно, прынц. фон Волькенштайн» Р.​Штраля) і інш.

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 8, с. 198

КА́ШКІН (Мікалай Дзмітрыевіч) (9.12.1839, г. Варонеж, Расія — 15.3.1920),

рускі муз. крытык, педагог. Вучыўся ў К.​Дэйнера, пазней у А.​Дзюбюка. З 13 гадоў даваў урокі музыкі, выступаў як піяніст. Выкладаў у муз. класах Маскоўскага аддз. Рас. муз. т-ва (з 1863), у Маскоўскай кансерваторыі (1866—1906, праф. з 1875). З 1862 выступаў у перыяд. друку з артыкуламі пра рус. музыку (пра творчасць П.​Чайкоўскага, М.​Глінкі, М.​Рымскага-Корсакава). Аўтар успамінаў пра М.​Рубінштэйна, С.​Танеева, А.​Барадзіна, прац па гісторыі Маскоўскай кансерваторыі, падручніка па элементарнай тэорыі музыкі (1875). Пераклаў на рус. мову многія працы Л.​Буслера, Г.​Рымана і інш.

Літ.:

Глущенко Г.С. Н.​Д.​Кашкин. М., 1974.

т. 8, с. 199

КАШКУРЭ́ВІЧ (Арлен) (Арсен) Міхайлавіч (н. 15.9.1929, Мінск),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959), выкладаў у ім у 1959—69. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Творам уласцівы глыбокае філас. асэнсаванне тэмы, маст. абагульненне. Майстар малюнка. Сярод станковых работ: серыі «Партызаны» (1969—70), «Купаліяна» (па матывах твораў Я.​Купалы, 1971; за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Блакада» (1979), «Асветнікі» (1989), «Святыя зямлі Беларускай» (з 1993), трыпціхі «Прысвячэнне В.​Быкаву» і «Спрадвечнае» (1984), дыпціх «Напалм» (1985) і інш. Аўтар ілюстрацый да выданняў: «Курган» Я.​Купалы (1967), «Авадзень» Э.​Войніч, «Каласы пад сярпом тваім» (абедзве 1968) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1983) У.​Караткевіча, «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага (1973), «Фауст» І.​В.​Гётэ (1976), «Карнікі» А.​Адамовіча (1981), «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.​Лойкі (1990), «Найвышэйшая песня Саламонава» (1995); да Новага запавету («Евангелле паводле Лукі» і «Апакаліпсіс», 1990).

Літ.:

Ганчароў М.І. А.​М.​Кашкурэвіч. Мн., 1976.

Г.​А.​Фатыхава.

А.М.Кашкурэвіч.
А.Кашкурэвіч. Апошняя калыханка. 1996.

т. 8, с. 199

КАШМІ́Р,

гістарычная вобласць у гарах паўн.-зах. Гімалаі і Каракарум (Паўд. Азія). У 3 ст. да н.э. тэр. К. ўваходзіла ў дзяржаву Маур’яў, у 2—1 ст. да н.э. — у Кушанскую дзяржаву. У 14 ст. н.э. сюды пранік іслам. З 1586 у складзе Магольскай імперыі (заваяваны Акбарам), з 1756 — Афганістана, з 1819 пад уладай сікхаў. Пасля 1-й англа-сікхскай вайны 1845—46 анексіраваны англічанамі і перададзены імі ў кіраванне раджы (правіцеля) княства Джаму; да 1947 княства. Пасля ўтварэння суверэнных дзяржаў Індыя і Пакістан (1947) б.ч. тэрыторыі К. (144 122 км²) увайшла ў склад інд. штата Джаму і Кашмір, меншая ч. (78 114 км²) кантралюецца Пакістанам (т.зв. Свабодны Кашмір).

т. 8, с. 199

КАШМІ́Р, кашамір (па назве інд. гіст. вобласці Кашмір),

тонкая мяккая шарсцяная, паўшарсцяная або баваўняная тканіна з косымі рубчыкамі. З К. шыюць жаночыя і дзіцячыя сукенкі і інш.

т. 8, с. 199

КАШМІ́РСКАЯ ДАЛІ́НА,

міжгорная даліна на Пн Індыі, у штатах Джаму і Кашмір, паміж Вял. Гімалаямі і хр. Пір-Панджал (М.​Гімалаі). Даўж. каля 200 км, шыр. да 60 км, выш. днішча каля 1600 м. Па К.д. цячэ р. Джэлам, вял. воз. Вулар. На схілах шыракалістыя і хвойныя лясы. Рысаводства, садаводства. Кліматычныя курорты. Турызм. На К.д. — г. Срынагар.

т. 8, с. 199

КАШО́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса (выцякае з возера пад назвай Гаражанка), за 4 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 4,15 км², даўж. 6,4, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 17,1 м, даўж. берагавой лініі 21,7 км. Пл. вадазбору 60,1 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м (на Пн да 10 м), разараныя, участкамі пад хмызняком, на ПнУ і ПдЗ параслі лесам. Берагі нізкія, у залівах забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае, плоская цэнтр. ч. дна выслана сапрапелем. 2 невял. астравы агульнай пл. 0,4 га. Зарастае да глыб. 1,5 м. Адзначана гнездаванне рэдкай на Беларусі птушкі — вял. крахаля.

т. 8, с. 199

КАШПО́ (франц. cache-pot ад cacher хаваць + pot гаршчок),

дэкаратыўная ваза для кветкавага гаршка, часта падвешваецца да столі, на сцяне.

т. 8, с. 199