Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЧУБІ́НСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (3.11.1845, Кішынёў — 26.6.1907),

расійскі філолаг-славіст, гісторык. Д-р слав. філалогіі, праф. (1877). Скончыў Маскоўскі ун-т (1867). З 1871 выкладаў слав. філалогію ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Праводзіў ідэю яднання славян і культ.-гіст. місіі Расіі. Асуджаў палітыку царызму 1815—40-х г., накіраваную на задушэнне нац.-вызв. руху, у т. л. славян, аднак быў супраць паўстання 1863—64, бо, на яго думку, палякі — «парушальнікі славянскага міру». Навук. працы: «Да пытання пра ўзаемаадносіны славянскіх гаворак» (т. 1—2, 1877—78), «Вынікі славянскай і рускай філалогіі» (1882) пра ўзаемасувязі слав. моў і культур і «Тэрыторыя дагістарычнай Літвы» (1897), прысвечаная пытанням этн. гісторыі беларусаў і літоўцаў.

Дз.​У.​Караў.

т. 8, с. 197

КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),

сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл. Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл. Лебедзі), чэрнець белавокая (гл. Чэрнеці).

Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.

т. 8, с. 197

КА́ША,

1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл. Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.

Л.​А.​Малаш.

т. 8, с. 197

КАШАВА́РАВА-РУ́ДНЕВА (Варвара Аляксандраўна) (1842, г. Віцебск — 11.5.1899),

расійскі вучоны, урач акушэр-гінеколаг, першая ў Расіі жанчына, якая атрымала вучоную ступень д-ра медыцыны (1876). Скончыла Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1868). Працавала ў Пецярбургу (1868—81) і ў Варонежскай губ. (1881—99). Навук. працы па паталаг. анатоміі жан. палавых органаў, гігіене жанчын, гісторыі мед. адукацыі ў Расіі. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Піянерка» (1886).

т. 8, с. 197

КАШАВО́Й (Пётр Кірылавіч) (8.12.1904, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна — 30.8.1976),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1968), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік сав.-польск. вайны 1920. У Вял. Айч. вайну камандзір стралк. дывізіі, корпуса; удзельнік вызвалення Данбаса, Крыма, Беларусі (Віцебска, Магілёва, Бабруйска, Оршы, Барысава, Мінска), Усх.-Прускай аперацыі. У 1945—57 1-ы нам. галоўнакамандуючага, у 1965—69 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. У 1957—65 камандуючы войскамі ваен. акруг. З 1969 у Мін-ве абароны СССР.

т. 8, с. 197

КАШАЛЁВА,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Навагрудак—Наваельня. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПдЗ ад г. Навагрудак, 172 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Наваельня. 371 ж., 158 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 197

КАШАЛЁЎ,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Ліпа, каля аўтадарогі Буда-Кашалёва—Чачэрск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 5 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 53 км ад Гомеля. 479 ж., 180 двароў (1998). Птушкафабрыка, масласырзавод. Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 197

КАШАЛЁЎСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі на Кашалёўскай дачы Рагачоўскага пав. (цяпер в. Кашалёў у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.). У 1898 на 3 прадпрыемствах працавала па 50, на 2 — па 45 чал.

т. 8, с. 197

КАША́ЛІН (Koszalin),

горад на ПнЗ Польшчы. Вядомы з 1214. 111 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. вытв-сць аўтацыстэрнаў, буд. машын, радыёэлектронных вырабаў), харч., мэблевая. Арх. помнікі 14 ст.

т. 8, с. 197

КАШАЛІ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Koszalińskie),

былая адм.-тэр. адзінка на ПнЗ Польшчы. З 1999 тэр. ў складзе Заходне-Паморскага ваяводства.

т. 8, с. 197