Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭЛФТ (Delft),

горад на З Нідэрландаў, на канале Рэйн—Схі. Засн. ў 1075. Каля 100 тыс. ж. (1994). Старадаўні цэнтр вытв-сці керамічных вырабаў, т.зв. дэлфцкі фаянс. Прам-сць: металаапр. і маш.-буд. (кабель, металаканструкцыі, харч., хім., трансп. абсталяванне), аптычная, хім., харчовая. Маст. музеі, у т. л. гар. музей «Прынсенгоф» з карцінамі мастакоў дэлфцкай школы 17 ст. Шматлікія арх. помнікі 13—18 ст. Д. захаваў сярэдневяковы выгляд «воднага горада» з каналамі і цаглянымі дамамі 16—18 ст.

т. 6, с. 343

ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Бертальд) (26.7.1842, г. Путбус, Германія — 3.1.1922),

нямецкі лінгвіст. Вучыўся ў Гале і Берліне. Праф. санскрыту і кампаратывістыкі ў Іене (1870). Залажыў асновы вывучэння параўнальнага сінтаксісу індаеўрап. моў: «Сінтаксічныя даследаванні» (т. 1—5, 1871—88; з Э.​Віндышам), «Асновы параўнальнай граматыкі індаеўрапейскіх моў» (т. 1—5, 1886—1900, з К.​Бругманам). Вывучаў веды, выдаў «Ведыйскую хрэстаматыю» (1874). У працы «Асноўныя пытанні даследавання мовы» (1901) абараняў младаграматычную канцэпцыю мовы, ад якой пазней адышоў.

т. 6, с. 343

ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Ганс) (11.11.1848, г. Берген, в-аў Руген, Германія — 14.7.1929),

нямецкі ваен. гісторык і паліт. дзеяч. Праф. Берлінскага ун-та (1896—1921). Паслядоўнік Г. фон Трайчке. Вучыўся ў Гайдэльбергскім і Бонскім ун-тах. Чл. прускай палаты дэпутатаў (1882—85) і дэп. рэйхстага ад партыі свабодных кансерватараў (1884—90). У 1883—1919 рэдагаваў (да 1889 разам з Трайчке) орган кансерватараў Прусіі час. «Preußische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»), У 1-ю сусв. вайну выступаў за скасаванне сістэмы трохкласавага выбарчага права ў Прусіі на карысць дэмакр. канстытуцыйнай манархіі і інш. Гал. творы — «Гісторыя ваеннага майстэрства ў рамках палітычнай гісторыі» (т. 1—4, 1900—20; прадоўжана Э.​Даніэльсам і О.​Гайнцам, т. 5—7, 1926—36), «Сусветная гісторыя» (т. 1—5, 1923—28).

т. 6, с. 343

ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Макс) (4.9.1906, Берлін —9.3.1981),

нямецка-амерыканскі фізік, генетык і вірусолаг, адзін з заснавальнікаў малекулярнай біялогіі. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. АН і мастацтваў, Каралеўскай акадэміі Даніі, АН Францыі, Лонданскага каралеўскага т-ва. Вывучаў фізіку ў Цюбінгенскім, Бонскім, Берлінскім і Гётынгенскім ун-тах. Доктарская ступень па фізіцы (1930). З 1937 у ЗША. У 1947—77 праф. Каліфарнійскага тэхнал. ун-та ў Пасадэне (у 1961—63 ва ун-це г. Кёльн). Навук. працы па атамнай фізіцы, мутагенезе, рэпрадукцыі вірусаў. Адкрыў феномен генет. рэкамбінацыі ў бактэрыяфагаў. Нобелеўская прэмія 1969 (разам з А.Д.Хершы і С.Э.Лурыя).

М.Дэльбрук.

т. 6, с. 343

ДЭ́ЛЬВІГ (Антон Антонавіч) (17.8.1798, Масква — 26.1.1831),

рускі паэт, крытык, журналіст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817), дзе зблізіўся з А.​С.​Пушкіным. Дэбютаваў одай «На ўзяцце Парыжа» (1814). Выдаваў альманах «Северные цветы» (1825—31) і з Пушкіным «Литературную газету» (1830—31). Аўтар зб. «Вершы барона Дэльвіга» (1829). Асн. жанры яго лірыкі — перайманні стараж.-грэч. паэтаў (ідыліі) і вершы ў духу рус. нар. песень, элегіі, рамансы, пасланні. Адзін з першых распрацаваў у рус. паэзіі форму санета. Некат. тэксты Д. пакладзены на музыку: «Салавей» (муз. А.​Аляб’ева) і інш.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. 2 изд. Л., 1959;

Соч. Л., 1986.

Літ.:

Рассадин С.Б. Спутники. М., 1983. С. 9—58.

т. 6, с. 343

ДЭЛЬКРЭ́ДЭРЭ (ад італьян. del credere напавер),

у цывільным праве адна з умоў дагавору камісіі. Заключаецца ў прыняцці камісіянерам на сябе парукі за выкананне трэцяй асобай здзелкі, якая робіцца камісіянерам на карысць камітэнта. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь камісіянер, які прыняў Д., атрымлівае ад камітэнта асобнае ўзнагароджанне, памер якога вызначаецца пагадненнем бакоў, калі іншае не ўстаноўлена законам.

т. 6, с. 343

ДЭЛЬСА́РТ ((Delsarte) Франсуа Аляксандр Нікала Шэры) (19.12.1811, г. Салем, Францыя — 19.7.1871),

французскі спявак (тэнар), тэарэтык і педагог вакалу. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1826—30). Напачатку выступаў у т-ры «Апера камік». Потым стаў хормайстрам парыжскага сабора абацтва Шатэль, пры якім адкрыў курсы спеваў, наладжваў т.зв. гіст. канцэрты, выконваў у іх творы франц. муз. класікаў. Распрацаваў тэорыю вак. майстэрства, важнае значэнне надаваў сродкам акцёрскай ігры, міміцы, жэсту. Аўтар метадычных твораў для голасу з фп.; вынайшаў апарат для кантролю за чысцінёй інтанавання. Яго тэорыі найб. пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (асабліва ў ЗША) і ўплывалі на некалькі пакаленняў вак. педагогаў, выкарыстоўваліся і ў харэаграфіі (у прыватнасці, А.Дункан).

т. 6, с. 344

ДЭ́ЛЬТА (назва ад абрысу вял. літары грэч. алфавіта Δ дэльта),

нізіна ў вусці ракі, складзеная рачнымі наносамі і парэзаная сеткай рукавоў і праток. Утвараецца ў выніку ўзаемадзеяння рачнога сцёку, хвалявання мора, прыліваў і згонна-нагонных цячэнняў, нарастае ад некалькіх метраў да соцень метраў за год. Адрозніваюць Д. трохвугольныя (р. Ніл), лопасцевыя (р. Місісіпі), дугападобныя (р. Лена), дзюбападобныя (р. Тыбр), запоўненыя (р. Кубань), высунутыя (р. Волга) і інш. Д. часта займаюць вял. плошчы (Амазонкі — 100 тыс. км², Волгі — 13 тыс. км²).

т. 6, с. 344

ДЭЛЬТАПЛА́Н (ад дэльта + план),

балансірны планёр з гнуткім (мяккім) крылом трохвугольнай (дэльта- або трапецападобнай) формы. Мае трубчасты каркас (звычайна з дзюралюмінію), тросавыя расцяжкі і нясучую паверхню — крыло (з дакрону або лаўсану). Выкарыстоўваецца ў дэльтапланёрным спорце.

Пілот прывязваецца да Д. рамянямі. Узлёт адбываецца ў выніку разбегу з высокага месца, кіраванне палётам — зменай паставы цела з дапамогай ручкі-трапецыі. Абрыс Д. даў Леанарда да Вінчы, патэнт на Д. атрымаў Ф.​Рагала ў 1951 (ЗША). Першыя палёты адбыліся ў канцы 1960 — пач. 1970-х г. у ЗША, Аўстраліі, СССР і інш. Створаны Д. «Славуціч» (Кіеў), «Сокал» (Ленінград), «Масквіч» (Масква) і інш. Найб. зафіксаваная працягласць палёту на Д. 28 гадз, далёкасць — каля 165 км (1979).

Дэльтаплан у палёце.

т. 6, с. 344

ДЭЛЬТАПЛАНЁРНЫ СПОРТ,

від авіяц. спорту, падобны да планёрнага; выкананне планіруючых і лунаючых палётаў на прасцейшых лятальных апаратах. Дэльтаплан — просты па канструкцыі лятальны апарат масай да 35 кг. Старт робіцца са схілаў гор ці ўзвышша або з дапамогай буксіроўкі за катэрам ці аўтамабілем. Кіраванне ажыццяўляецца перамяшчэннем цэнтра цяжару спартсмена адносна канструкцыі. Палёты выконваюцца на скорасць або макс. далёкасць. Вопытныя спартсмены ў спрыяльных умовах пераадольваюць адлегласць у некалькі соцень км на выш. да 3 км. Д.с. узнік у ЗША (1973). Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1977. Бел. федэрацыя звышлёгкай авіяцыі зарэгістравана ў 1995. На 1.1.1997 у Беларусі Д.с. займалася 150 чал., з іх 7 майстроў спорту. Як асобны кірунак інтэнсіўна развіваецца мотадэльтапланёрны спорт (дэльталётны).

Ф.​Я.​Пастушонак.

т. 6, с. 344