Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КАРЫЯЛО́ГІЯ (ад карыя... + ...логія),

навука пра будову і функцыі, эвалюцыю і асобныя структуры клетачнага ядра (храмасом, ядзерка, ядзернай абалонкі); раздзел цыталогіі. Даследуе мікраскапічную і субмікраскапічную будову і паводзіны ядзерных структур пры розных формах дзялення ядра клеткі (амітоз, мітоз, меёз, эндамітоз) і ў прамежку паміж дзяленнямі (інтэрфаза), будову і заканамернасці рэпрадукцыі (гл. Рэдуплікацыя храмасом). Выкарыстоўваюць метады аптычнай і электроннай мікраскапіі, цытахіміі, аўтарадыяграфіі, морфаметрыі. К. ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. пасля выяўлення вядучай ролі ядра клеткі ў спадчыннасці. На Беларусі даследаванні па К. праводзяцца з 1960-х г. У БДУ на кафедры генетыкі вывучаюць механізмы дзялення клетак пры мітозе і меёзе, у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі вядуць работы па К. культурных раслін і ракавых клетак жывёл, у Бел. НДІ жывёлагадоўлі — па К. с.-г. жывёл, у Мінскім мед. ін-це — па К. чалавека.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 118

КАРЫЯ́МА,

горад у Японіі, на У в-ва Хонсю, у прэфектуры Фукусіма. 320 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: тэкст. (баваўняная, шаўковая), электрамаш.-буд., алюмініевая. хім., харч., дрэваапрацоўчая. У гар. парку музей птушак.

т. 8, с. 118

КАРЫЯПЛА́ЗМА (ад карыя... + плазма),

карыялімфа, нуклеаплазма, ядзерны сок, асноўная частка змесціва клетачнага ядра, якая ўтварае ўнутрыклетачнае рэчыва (матрыкс). Складаецца з бялковых фібрыл (таўшчыня 2—3 нм), што ўтвараюць сеткападобны каркас, у якім лакалізаваны храмацін, ядзеркі, унутрыядзерныя гранулы, поравыя комплексы ядз. абалонкі і інш. структуры. У жывых клетках К. гамагенная, аднародная, пры фіксацыі мае сеткападобную структуру. Мяркуецца, што К. ствараецца пры кожнай целафазнай рэканструкцыі ядра (у пач. мітозу пры растварэнні ядз. абалонкі К. пераходзіць у цытаплазму, што акружае ядро, і паніжае яе вязкасць).

т. 8, с. 118

КАРЫЯ́Т (у хрышчэнні Міхаіл; каля 1306 — паміж 1358 і 1366),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. ВКЛ Гедзіміна і княгіні Еўны, дачкі полацкага кн. Івана Усеваладавіча. Ад бацькі атрымаў г. Новагародак і Новагародскую зямлю. У прыпісцы 1329 у Лаўрышаўскім евангеллі названы вял. князем. У 1345 прысягнуў Альгерду як вял. князю ВКЛ. У 1349 пасланы ў Арду з мэтай арганізаваць кааліцыю супраць Маскоўскага княства. Пасольства было няўдалым, К. быў выдадзены вял. князю маскоўскаму, у 1350 адпушчаны на радзіму. Пры К. ў г. Новагародак актыўна вялося буд-ва, горад стаў цэнтрам правасл. Літоўскай мітраполіі.

т. 8, с. 118

КАРЫЯТАМІ́Я (ад карыя...+ грэч. tome адсячэнне),

ядзерная фрагментацыя, няправільнае дзяленне клетачнага ядра на 2 і болей ч. аднолькавай ці рознай велічыні, якое не суправаджаецца падзелам храмасом і ўтварэннем верацяна дзялення. Напр., амітозы ў высокадыферэнцыраваных і старых тканках (без наяўнасці дэфектных анафаз).

т. 8, с. 118

КАРЫЯТЫ́ДА (грэч. kaiyatides літар. жрыцы храма Артэміды ў Карыях Стараж. Грэцыі),

скульптурная выява жанчыны ў поўны рост, якая служыць апорай бэлькі ў арх. збудаванні ці вобразна выяўляе гэту функцыю. К. звычайна прылягаюць да сцяны ці выступаюць з яе. Пашырана ў ант. (храм Эрэхтэён у Афінах) і еўрап. архітэктуры 17—19 ст. На Беларусі трапляюцца з канца 19 ст.

Карыятыды ў Афінах.

т. 8, с. 118

КАРЫЯТЫ́П (ад карыя... + тып),

храмасомны набор, сукупнасць адзнак храмасом (іх колькасць, памер, форма), характэрных для дадзенага віду. Нязменнасць К. падтрымліваецца заканамернасцямі дзялення ядра клеткі (мітозам — для аднаго арганізма і меёзам — у межах віду). Змена адбываецца праз геномныя і храмасомныя мутацыі. Дакладна ідэнтыфікавана каля 1500 генаў чалавека (1—5% ад іх агульнай колькасці). Апісанне храмасомнага набору ўключае падлік колькасці храмасом. марфаметрыю, ідэнтыфікацыю цэнтрамеры, ядзерцавага арганізатара, спадарожніка і інш. Параўнальны аналіз К. выкарыстоўваецца ў сістэматыцы.

Э.​В.​Крупнова.

т. 8, с. 118

Кары Нэнсі

т. 18, кн. 1, с. 403

КАРЭ́ (франц. carré літар. квадрат),

1) са старажытнасці да 2-й пал. 19 ст. баявы парадак пяхоты ў выглядзе квадрата (прамавугольніка), кожны бок якога складаў разгорнуты строй або калону. Вядома ўжо ў стараж. Грэцыі і Рыме, найб. пашырана ў арміях еўрап. краін у часы панавання т.зв. лінейнай тактыкі (17—19 ст.). Магло весці наступленне, ці, спыніўшыся, імгненна перайсці да абароны і адбіваць атакі праціўніка (пераважна конніцы) адначасова з усіх бакоў. Нярэдка мела конніцу і артылерыю. Утворанае з цэлай арміі К. было маларухомым, яго прарыў вёў да поўнага разгрому войск. Рас. палкаводзец П.А.Румянцаў-Задунайскі ўпершыню ўвёў больш эфектыўныя дывізійныя і палкавыя К., а яго паслядоўнік А.В.Сувораў — батальённыя і ротныя. Перастала выкарыстоўвацца ў сувязі з масавым аснашчэннем войск скарастрэльнай наразной зброяй; у рас. арміі адменена ў 1881.

2) Форма пастраення войск па-за боем для правядзення розных мерапрыемстваў і воінскіх рытуалаў, аналагічная баявому К., пры якой складаючыя яго страі стаяць на месцы і павернуты тварам унутр квадрата (прамавугольніка).

т. 8, с. 119

КАРЭ́ДЖА [Correggio; сапр. Алегры (Allegri) Антоніо; каля 1489 ці 1494, Карэджа, каля г. Мадэна, Італія — каля 15.3.1534],

італьянскі жывапісец Высокага Адраджэння. Працаваў у Карэджы і Парме. Зазнаў уплывы А.​Мантэньі, Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Мікеланджэла. Работы ранняга перыяду блізкія да маньерызму («Юдзіф і служанка», «Раство», каля 1513—14). Пазней ствараў выдатныя па каларыце дынамічныя кампазіцыі са свабодным размяшчэннем фігур, поўных пачуццёвасці і грацыі. Творы К. адлюстроўваюць паступовы адыход ад гераізаваных рэнесансавых ідэалаў і пераход да новых маст. прынцыпаў. Паклаў пачатак тыпу плафоннай размалёўкі з фігурамі ў аблоках, пададзенымі ў эфектных ракурсах, што стварала ілюзію прарыву купала і папярэднічала манум. жывапісу барока 17—18 ст. Аўтар размалёвак манастыра Сан-Паала (паміж 1517—20), царквы Сан-Джавані Эванджэліста (1520—23) і сабора (1526—30) у Парме, алтарных карцін «Мадонна са святым Іеранімам» (т. зв. «Дзень», 1527—28), «Пакланенне пастухоў» («Ноч», каля 1530) і інш., твораў на міфалагічныя тэмы («Даная», каля 1526).

Карэджа. Мадонна са святым Іеранімам («Дзень»). Фрагмент. 1527—28.

т. 8, с. 119