КАРЭ́ (франц. carré літар. квадрат),
1) са старажытнасці да 2-й пал. 19 ст. баявы парадак пяхоты ў выглядзе квадрата (прамавугольніка), кожны бок якога складаў разгорнуты строй або калону. Вядома ўжо ў стараж. Грэцыі і Рыме, найб. пашырана ў арміях еўрап. краін у часы панавання т.зв. лінейнай тактыкі (17—19 ст.). Магло весці наступленне, ці, спыніўшыся, імгненна перайсці да абароны і адбіваць атакі праціўніка (пераважна конніцы) адначасова з усіх бакоў. Нярэдка мела конніцу і артылерыю. Утворанае з цэлай арміі К. было маларухомым, яго прарыў вёў да поўнага разгрому войск. Рас. палкаводзец П.А.Румянцаў-Задунайскі ўпершыню ўвёў больш эфектыўныя дывізійныя і палкавыя К., а яго паслядоўнік А.В.Сувораў — батальённыя і ротныя. Перастала выкарыстоўвацца ў сувязі з масавым аснашчэннем войск скарастрэльнай наразной зброяй; у рас. арміі адменена ў 1881.
2) Форма пастраення войск па-за боем для правядзення розных мерапрыемстваў і воінскіх рытуалаў, аналагічная баявому К., пры якой складаючыя яго страі стаяць на месцы і павернуты тварам унутр квадрата (прамавугольніка).
т. 8, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)