КАРЫЯПЛА́ЗМА (ад карыя... + плазма),

карыялімфа, нуклеаплазма, ядзерны сок, асноўная частка змесціва клетачнага ядра, якая ўтварае ўнутрыклетачнае рэчыва (матрыкс). Складаецца з бялковых фібрыл (таўшчыня 2—3 нм), што ўтвараюць сеткападобны каркас, у якім лакалізаваны храмацін, ядзеркі, унутрыядзерныя гранулы, поравыя комплексы ядз. абалонкі і інш. структуры. У жывых клетках К. гамагенная, аднародная, пры фіксацыі мае сеткападобную структуру. Мяркуецца, што К. ствараецца пры кожнай целафазнай рэканструкцыі ядра (у пач. мітозу пры растварэнні ядз. абалонкі К. пераходзіць у цытаплазму, што акружае ядро, і паніжае яе вязкасць).

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)