Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАЛІ́ВА-ДАБРАВО́ЛЬСКІ Міхаіл Восіпавіч

(2.1.1862, С.-Пецярбург — 15.11.1919),

расійскі інжынер-вынаходнік у галіне электратэхнікі. Скончыў Дармштацкае вышэйшае тэхн. вучылішча (1884, Германія). Працаваў на электратэхн. з-дах у Германіі. Стварыў асн. часткі сістэмы трохфазнага току: генератар з вярчальным магнітным полем (1888), асінхронны электрарухавік (1889), трансфарматар (1890), сканструяваў фазометр, дзельнік напружання, пускавыя рэастаты і інш. электравымяральныя прылады. Упершыню ажыццявіў перадачу эл. энергіі трохфазнага пераменнага току на адлегласць (каля 170 км; 1891).

Тв.:

Избр. труды (о трехфазном токе). М.; Л., 1948.

Літ.:

Веселовский О.Н. ДоливоДобровольский. М., 1963.

М.В.Даліва-Дабравольскі.

т. 6, с. 19

ДАЛІ́ДЗЕ Сямён Вісарыёнавіч

(6.2.1903, г. Махарадзе, Грузія — 17.6.1983),

грузінскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1965). Скончыў Тбіліскі ун-т (1925). Сярод фільмаў: «Апошнія крыжаносцы» (1934), «Дарыко» (1937), «Шчыт Джургая» (1944, разам з Д.Рандэлі), «Страказа» (1954), «Фаціма» (1959), «Дзень апошні, дзень першы» (1960), «Горад прачынаецца рана» (1968), «Сады Семіраміды» (1971), «Кукарача» (1983). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 6, с. 19

ДАЛІДО́ВІЧ Аляксандр Ільіч

(2.8.1914, в. Ямнае Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 24.9.1952),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір аддзялення разведкі сяржант Д. вызначыўся 21 6.1944 каля г. Ладзейнае Поле Ленінградскай вобл. пасля пераправы цераз р. Свір, 18.3 і 4.4.1945 у баях на тэр. Германіі.

т. 6, с. 19

ДАЛІДО́ВІЧ Генрых Вацлававіч

(н. 1.6.1946, в. Янкавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў. З 1973 у час. «Полымя», з 1979 нам. гал. рэдактара, з 1991 гал. рэдактар час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Першы зб. апавяданняў «Дажджы над вёскай» (1974). Творы Д. адметныя лірызмам, увагай да побытавых дэталей, дакладным псіхалагізмам. У рамане «Гаспадар-камень» (1984, Літ. прэмія імя І.Мележа 1987), прысвечаным пярэдадню 1-й сусв. вайны, шматбакова паказаў жыццё тагачасных вёскі і горада, няпростыя шляхі нац. інтэлігенцыі, у якой расло ўсведамленне свайго абавязку. У раманах «Пабуджаныя» (1988) і «Свой дом» (1989) побач з героямі, вядомымі з «Гаспадара-каменя», шмат новых персанажаў — удзельнікаў і кіраўнікоў паліт. руху розных кірункаў на Беларусі ў 1917—18. У рамане «Заходнікі» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1996) створана панарамная карціна жыцця зах.-бел. сялянства і інтэлігенцыі пачынаючы з канца 1940-х г., іх «перавыхаванне», рэпрэсіі, міграцыі. Выступае з літ.-крытычнымі і публіцыст. артыкуламі. На бел. мову пераклаў раман Дж.Ф.Купера «Апошні з магікан».

Тв.:

Цяпло на першацвет. Мн., 1976;

Маладыя гады. Мн., 1979;

Міланькі. Мн., 1980;

На новы парог. Мн., 1983;

Станаўленне. Мн., 1985;

Міг маладосці. Мн., 1987;

Жывы покліч. Мн., 1995;

Жар кахання. Мн., 1996;

Кліч роднага звона. Мн., 1997.

Літ.:

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981. С. 159—165;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983. С. 124—125, 129—133, 155—156.

А.У.Рагуля.

Г.В.Далідовіч.

т. 6, с. 19

ДАЛІ́ЛА, Даліда,

у біблейскай міфалогіі філістымлянка, каханка стараж.-яўр. героя Самсона. Выведаўшы, што неадольная сіла Самсона ў яго валасах, усыпіла юнака, загадала астрыгчы яму валасы, а пасля выдала Самсона ворагам-філістымлянам. На міф пра Д. і Самсона напісаны карціны А.Мантэнья, А.Джэнтылескі, опера К.Сен-Санса і інш.

т. 6, с. 19

ДАЛІ́НАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І СУГЛІ́НКАЎ,

у Гродзенскай вобл., за 6,5 км на ПнЗ ад г.п. Дзятлава. Пластавы паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Гліны і суглінкі светла- і жаўтавата-шэрыя, шчыльныя, вязкія, пластычныя, карбанатныя, з зернямі жвіру. Разведаныя запасы 4,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,1—15,7 м, ускрышы 0,3—8 м. Гліны і суглінкі прыдатныя на выраб аглапарыту.

т. 6, с. 19

ДАЛІ́НА АЗЁР,

міжгорная ўпадзіна паміж Габійскім Алтаем і Хангаем, на ПдЗ Манголіі. Даўж. каля 500 км, шыр. да 100 км. Выш. 1000—1400 м. Днішча ўпадзіны — ланцуг замкнёных катлавін, складзеных з рыхлых адкладаў і падзеленых узгоркамі і скалістымі градамі. Шматлікія бяссцёкавыя азёры (Бонцаган-Нур, Арог-Нур і інш.). Пераважаюць апустыненыя ландшафты: кучавыя пяскі, саланчакі, такыры.

т. 6, с. 19

ДАЛІ́НА МГГ,

паніжэнне ледавіковай паверхні ва Усх. Антарктыдзе, паміж плато Савецкім і зал. Прудс. Даўж. каля 1000 км, шыр. амаль 600 км. Паступова павышаецца ад м. Садружнасці да Полюса адноснай недаступнасці да выш. 2500—2800 м. На Пн частка даліны ўтворана Ламберта ледавіком. Названа ў гонар Міжнар. геафіз. года (МГГ, 1957—58).

т. 6, с. 19

ДАЛІ́НА ПРАРЫ́ВУ,

гл. Скразная даліна.

т. 6, с. 19

ДАЛІ́НА СМЕ́РЦІ

(Death Valley),

міжгорная бязводная ўпадзіна на ПдЗ ЗША (штат Каліфорнія), у пустыні Махаве. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 250 км. Адна з найб. глыбокіх (85 м ніжэй узр. м.) і бязводных упадзін на Зямлі, самае нізкае месца Паўн. Амерыкі. Абс. максімум т-ры паветра 56,7 °C (самая высокая ў Зах. паўшар’і). Назва звязана з золаташукальнікамі, якія загінулі тут у 1849 ад недахопу вады. Нацыянальны помнік прыроды (1933).

т. 6, с. 19