Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭЙР-ЭЛЬ-БА́ХРЫ,

мясцовасць на зах. беразе Ніла ў Верхнім Егіпце насупраць г. Фівы, дзе паміж скаламі ўзведзены 2 пахавальныя храмы. Храм Ментухатэпа I, цара XI дынастыі (2050 да н.э.), складаўся з камернай грабніцы і піраміды, размяшчаўся ў дакладна спланаваным ансамблі з каланад і тэрас. Храм царыцы Хатшэпсут, XVIII дынастыі (1480 да н.э.) аналагічнай планіроўкі, але без піраміды; знакаміты сваімі рэльефамі, адзін з якіх выяўляе гандл. экспедыцыю ў Пунт.

т. 6, с. 329

ДЭ́ЙТАН (Dayton),

горад на ПнУ ЗША, на р. Маямі, у штаце Агайо. Засн. ў 1796. 182 тыс. ж., з г. Спрынгфілд і агульнымі прыгарадамі каля 950 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны цэнтр машынабудавання: вытв-сць станкоў, інструментаў, кавальска-прэсавай і выліч. тэхнікі, авіяц. і ракетнага абсталявання, дэталей і вузлоў для аўтамабіляў, абсталявання для харч. і паліграф. прам-сці, электрабыт. прылад, рознай прамысл. тэхнікі. Развіта таксама металаапр., металургічная, папяровая, хім., паліграф. прам-сць. Перапрацоўка пластмас. 2 ун-ты. Даследчы цэнтр аэранаўтыкі і база ВПС ЗША Райт-Патэрсан. Музей авіяцыі.

т. 6, с. 329

ДЭЙТО́НА-БІЧ (Daytona Beach),

прыморскі кліматычны курорт у ЗША. На ПдУ ад г. Джэксанвіл, на беразе Атлантычнага ак. Вельмі цёплы субтрапічны клімат з гарачым летам, сусветна вядомы пляж (37 км) са шчыльнага белага пяску, багатая расліннасць, іанізаванае паветра ствараюць умовы для адпачынку (асабліва зімовага) і лячэння многіх хвароб. Цэнтр паруснага спорту і турызму.

т. 6, с. 329

ДЭЙТРО́Н,

стабільнае ядро атама цяжкага ізатопа вадароду (дэйтэрыю) з масавым лікам 2. Абазначаецца ​2H, D. Складаецца з пратона і нейтрона і з’яўляецца найпрасцейшай сістэмай, звязанай ядзернымі сіламі. Выкарыстоўваецца як мішэнь у многіх ядз. рэакцыях.

т. 6, с. 329

ДЭЙТЭРАМІЦЭ́ТЫ,

тое, што недасканалыя грыбы.

т. 6, с. 329

ДЭЙТЭ́РЫЙ (лац. Deuterium),

цяжкі вадарод, стабільны ізатоп вадароду з масавым лікам 2. Абазначаецца D, ​2Н. Ядро атама (дэйтрон) складаецца з пратона і нейтрона. З кіслародам утварае цяжкую ваду. Выкарыстоўваецца як запавольнік нейтронаў у ядз. рэактарах, ядз. паліва.

т. 6, с. 329

ДЭ́ЙЦЫЯ (Deutzia),

род кветкавых раслін сям. гідрангіевых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 16 відаў, з іх для зялёнага буд-ва рэкамендаваны Д. пышная (D. magnifica), пурпуровая (D. purpurascens) і шурпатая (D. scabra). Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.

Пераважна лістападныя кусты выш. да 2,5 м. Лісце простае, яйцападобнае, даўж. да 12 см, зубчастае, зверху ўкрытае зорчатымі валаскамі. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, да 2 см у дыям., сабраныя ў шчыткі, гронкі або мяцёлкі, рэдка адзіночныя. Плод — шматнасенная шарападобная каробачка. У бат. садах і парках Беларусі трапляюцца таксама Д. зграбная (D. gracilis), драбнакветная (D. parviflora), Шнейдэра (D. schneideriana), Максімовіча (D. maximowicziana) і інш. Дэкар. расліны.

Дэйцыя зграбная.

т. 6, с. 329

ДЭКА... (ад грэч. deka дзесяць), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10 зыходным адзінкам. Абазначаецца да. Напр., 1 дал (дэкалітр) = 10 л, 1 даг (дэкаграм) = 10 г.

т. 6, с. 330

ДЭКА́ДА [ад грэч. dekas

(dekados) дзесятак),

1) прамежак часу ў дзесяць дзён; трэцяя частка месяца.

2) Грамадскія мерапрыемствы, прысвечаныя якой-н. падзеі, з’яве, якія праводзяць дзесяць дзён (напр., Д. бел. мастацтва і літаратуры).

т. 6, с. 330

ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),

агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.​Бадлера, Т.​Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ. прэрафаэлітаў, паэзію П.​Верлена, А.​Рэмбо, С.​Малармэ, С.​Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.​М.​Рыльке, «тэатр маўчання» М.​Метэрлінка, прозу О.​Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.​Мінскага, Д.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, К.​Бальмонта, Ф.​Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.​Франс, Т.​Ман, Л.​Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл. Мадэрнізм).

Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.​Малевіч, М.​Шагал, Л.​Лісіцкі, Р.​Фальк, В.​Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.​Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.​Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.​Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.​Андрэеў, А.​Белы, Ф.​Салагуб, С.​Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.​Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.​Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.​Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.​Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.​Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.

П.​В.​Васючэнка (Д. на Беларусі), Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 330