ГЛУШЭ́Ц,
возера ў Гомельскім р-не, у пойме р. Сож, за 20 км на Пд ад Гомеля. Пл. 0,48 км², даўж. 4,77 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі 9,7 км. Старычнае. Схілы катлавіны выш. 5 — 6 м, параслі лесам і хмызняком, на Пн участкамі разараныя. Упадае р. Случ-Мільча, выцякае ручай у р. Сож.
т. 5, с. 306
ГЛУШЭ́Ц,
возера ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Дняпро, за 25 км на Пн ад г.п. Лоеў. Старычнае. Пл. 0,32 км².
т. 5, с. 306
ГЛЫ́БА, Глуба,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 32 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 1,52 км², даўж. 3,46 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 10,7 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 33,2 км². Схілы катлавіны выш. 13—14 м, пад лесам і хмызняком. Берагі пясчаныя, да ўрэзу вады расце хмызняк, на Пн — лес. Пойма 5—10 м, вакол заліваў пашыраецца да 250 м, забалочаная. Ва ўсх. ч. возера востраў пл. 0,7 га. Дно пясчанае, глыбей 2—3 м глеістае. Зарастае. Злучана пратокай з воз. Дрысы.
т. 5, с. 306
ГЛЫ́БАВЫЯ ГО́РЫ,
скідавыя горы, падняцці зямной кары, абмежаваныя тэктанічнымі разломамі. Узнікаюць звычайна ў складкавых зонах, якія мелі раней горны рэльеф, але з цягам часу страцілі пластычнасць і былі выраўнаваны дэнудацыяй. Пры наступных узыходных рухах падымаюцца ў выглядзе горстаў, разбітых скідамі на асобныя глыбы (адроджаныя горы). Для глыбавых гор характэрны масіўныя абрысы, стромкія схілы і параўнальна слабая расчлянёнасць.
т. 5, с. 306
ГЛЫБАКАВО́ДНАЯ ЎПА́ДЗІНА,
устарэлая назва жолаба акіянічнага.
т. 5, с. 306
ГЛЫ́БАЎ,
археалагічныя помнікі (гарадзішча мілаградскай культуры, 2 курганныя могільнікі дрыгавічоў) каля в. Глыбаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі 2 жытлаў і 2 гасп. ямы, фрагменты ляпной керамікі, прасліцы, каменная сякера, крамянёвы адшчэп, верхні камень ад зерняцёркі і інш. На могільніках 12 — пач. 13 ст. пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме пад насыпам. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бронзавы крыжык з выемчатай эмаллю.
т. 5, с. 306
ГЛЫ́БАЎ,
вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 21 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 70 км ад Гомеля. 206 ж., 92 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Курган Славы на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Глыбаў.
т. 5, с. 306
ГЛЫБАЧА́НСКІЯ ВАЛУНЫ́,
помнік прыроды рэсп. значэння у Беларусі (з 1988), за 5 км на ПдЗ ад в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл. 3 валуны шаравата-ружовага парфірападобнага граніту. Найбуйнейшы камень даўж. 4 м, шыр. 2,6 м, выш. над паверхняй зямлі 1,8 м, у абводзе 12 м. Другі валун ляжыць за 30 м на Пн (даўж. 2,3 м, шыр. 2,3 м, выш. над паверхняй зямлі 0,7 м). Трэці камень знаходзіцца за 1 км на ПдЗ ад вёскі, формаю нагадвае вял. прас (даўж. 3,3 м, шыр. 1,4 м, выш. 1,6 м). Глыбачанскія валуны прынесены ледавіком каля 18 — 20 тыс. гадоў назад з раёна г. Выбарг.
В.Ф.Вінакураў.
т. 5, с. 306