Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭВІ́З (франц. devise),

1) першапачаткова — надпіс ці эмблема на гербе, шчыце; кароткае выслоўе, якое выражае асн. ідэю паводзін або дзейнасці.

2) Слова або выслоўе, якое на конкурсах аўтар ставіць на творы замест свайго імя.

т. 6, с. 322

ДЭВІ́ЗНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

адзін з асноўных (з дысконтнай палітыкай) метадаў уздзеяння дзяржавы на рух курсу нац. валюты шляхам куплі-продажу замежнай валюты. З мэтай павышэння курсу сваёй валюты цэнтр. банк прадае замежную валюту за нацыянальную, штучна павялічваючы попыт на яе на валютных рынках. Купля дэвізаў павялічвае прапанову нац. валюты і зніжае яе курс. Умова правядзення Д.п. — наяўнасць у краіне буйных валютных рэзерваў. Гл. таксама Валютная палітыка.

т. 6, с. 322

ДЭВІ́ЗЫ (франц. devises),

плацежныя сродкі ў замежнай валюце, якія выкарыстоўваюцца ў міжнар. разліках. Першапачаткова Д. пераважалі ў выглядзе камерцыйных пераводных вэксаляў (трат), выпісаных экспарцёрам на імпарцёра. З пашырэннем сусв. гандлю і карэспандэнцкіх сувязей банкаў набылі форму банкаўскіх плацежных сродкаў: вэксаляў, чэкаў, акрэдытываў, плацежных даручэнняў, а таксама ўзаемных міждзярж. кароткатэрміновых крэдытаў. Паняцце Д. ўзнікла пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі залаты монаметалізм быў заменены золатадэвізным стандартам, заснаваным на золаце і вядучых валютах зах. краін (долар ЗША, фунт стэрлінгаў, франц. франк). Цана Д. ў нац. валюце вызначаецца валютным курсам (гл. таксама Дэвізная палітыка).

т. 6, с. 322

ДЭ́ВІСАН ((Davisson) Клінтан Джозеф) (22.10.1881, г. Блумінгтан, штат Ілінойс, ЗША — 1.2.1958),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Чыкагскі (1908) і Прынстанскі (1911) ун-ты. З 1911 у Тэхнал. ін-це Карнегі, з 1917 у Лабараторыях Бэл-Тэлефон, у 1946—54 візіт-праф. Віргінскага ун-та. Навук. працы па электроніцы, цеплавым выпрамяненні, фізіцы крышталёў і квантавай фізіцы. Незалежна ад Дж.​П.​Томсана адкрыў разам з амер. фізікам Л.​Джэрмерам (1927) дыфракцыю электронаў на крышталях нікелю, што стала эксперыментальным пацвярджэннем хвалевых уласцівасцей мікрааб’ектаў. Нобелеўская прэмія 1937.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 403—404.

К.Дэвісан.

т. 6, с. 322

Дэвіс Рэйманд

т. 18, кн. 1, с. 383

ДЭ́ВІТ ((Davitt) Майкл) (25.3.1846, Стрэйд, каля г. Белфаст, Вялікабрытанія — 31.5.1906),

дзеяч ірландскага нац.-вызв. руху. З 1865 удзельнік руху феніяў, у 1870—77 зняволены. Адмовіўшыся ад тэрарыст. тактыкі феніяў, выступаў за спалучэнне масавага руху за аграрныя пераўтварэнні з парламенцкай барацьбой за нац. вызваленне. У 1879 разам з Ч.​С.​Парнелам заснаваў Зямельную лігу. У 1890 парваў з лідэрамі руху за Гомруль. З 1895 чл. парламента, у 1899 у знак пратэсту супраць англабурскай вайны 1899—1902 склаў з сябе парламенцкія паўнамоцтвы. Удзельнік к-та рабочага прадстаўніцтва (засн. ў 1900, з 1906 Лейбарысцкая партыя).

т. 6, с. 322

ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,

паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 6, с. 322

ДЭВІЯ́ЦЫЯ (ад позналац. deviatio адхіленне),

1) адхіленне рухомых цел (карабля, самалёта, снарада, кулі і інш.) ад зададзенага (вызначанага) напрамку руху (разліковай траекторыі). Напр., Д. снарада, кулі выклікаецца мех. парушэннямі руху ў канале ствала (зрыванне снарада з нарэзкі) ці ў паветры (няспраўнасць апярэння стабілізатара, выпадковыя рэзкія змены кліматычных умоў у час палёту, гл. таксама Дэрывацыя).

2) Адхіленне рухомай сістэмы компаса ад напрамку на магн.магн. компаса) ці геагр. (у гіракомпаса) полюс Зямлі. Узнікае пад уплывам магн. і эл. палёў, паскоранага руху, гайданкі і інш. Кампенсуецца з дапамогай адпаведна дадатковых магнітаў ці карэктараў.

3) Адхіленне частаты ваганняў ад сярэдняга значэння (найб. пры частотнай мадуляцыі). Уплывае на склад і значэнні амплітуд складальных спектра частотна мадуляваных ваганняў, перашкодаўстойлівасць радыёсістэм і інш. 4) У біялогіі — эвалюцыйнае адхіленне ў развіцці органа на сярэдніх этапах яго фарміравання (у час эмбрыянальнага развіцця); разнавіднасць філэмбрыягенезу. Прыводзіць да змены будовы гэтага органа ў дарослага арганізма ў параўнанні з продкамі. Напр., эпідэрмальная частка зачаткаў лускі ў паўзуноў на сярэдніх стадыях яе развіцця падвяргаецца арагавенню, а не акасцяненню, як у акул. У раслін прыклад Д. — клубні і цыбуліны, якія сфарміраваліся з першаснай эмбрыянальнай расліннай пупышкі. Тэрмін увёў ням. вучоны Ф.​Мюлер (1864).

т. 6, с. 323

ДЭВО́ЙНА (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 15.8.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1994). Скончыў БПІ (1955). З 1957 у Ін-це цепла- і масаабмену. З 1965 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі, з 1990 у Ін-це радыяцыйнай бяспекі (з 1996 нам. дырэктара). Навук. працы па фізіцы цеплавых працэсаў у ядз. энергет. устаноўках (ЯЭУ), па стварэнні і эксплуатацыі сістэмы радыяцыйнага маніторынгу. Эксперыментальна ўстанавіў заканамернасці нестацыянарных цеплавых працэсаў пры аварыйных рэжымах ЯЭУ.

Тв.:

Теплообмен при охлаждении диссоциирующих теплоносителей АЭС. Мн., 1978;

Некоторые закономерности процесса вскипания диссоциирующего теплоносителя N2O4 в большом объеме при разгерметизации сосуда под давлением (разам з У.​С.​Высоцкім) // Весці АН БССР. Сер. фіз.-энергет. навук. 1985. № 3.

А.​І.​Болсун.

т. 6, с. 323

ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,

чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.​І.​Мурчысанам і А.​Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.

Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).

Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.

На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б. ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс. м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 6, с. 323