Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАНЕЛЮ́РЫ (ад франц. cannelure жалабок) у архітэктуры, жалабкі вертыкальныя на ствале калоны або пілястры і гарызантальныя на базе калоны іанічнага ордэра. У якасці дэкар. элемента сфарміраваліся ў архітэктуры Стараж. Грэцыі ў дарычным ордэры. У Зах. Еўропе, Расіі і на Беларусі былі пашыраны ў архітэктуры барока і класіцызму.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 583

КА́НЕМ-БО́РНУ,

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы ў 9 — канцы 19 ст. Першапачаткова ўключала вобл. Канем (на ПнУ ад воз. Чад), у 14 ст. цэнтр дзяржавы перамясціўся ў вобл. Борну (на З ад воз. Чад). Дзярж. лад — манархія, пануючая рэлігія — іслам, аснова эканомікі — сельская гаспадарка, заснаваная на працы залежных сялян і надзеленых зямлёй рабоў. Найб. росквіт у 13 і 16—17 ст. У канцы 19 ст. тэр. К.-Б. ўваходзіла ў склад Рабаха дзяржавы, у пач. 20 ст. — у калан. ўладанні Вялікабрытаніі (асн. частка), Германіі і Францыі; цяпер у складзе дзяржаў Нігерыя, Чад, Камерун.

т. 7, с. 583

КА́НЕЎ,

горад на Украіне, раённы цэнтр Чаркаскай вобл., на р. Дняпро, за 45 км ад чыг. ст. Таганча. Вядомы з 1149. 29,7 тыс. ж. (1991). Рачны порт. Прадпрыемствы эл.-мех., мед. тэхнікі і спец. тэхнал. абсталявання, дрэваапр., харчасмакавай прам-сці. ГЭС. Музей нар. дэкар. мастацтва, б-ка-музей А.​П.​Гайдара (пахаваны ў К.). Каля К. на Тарасавай гары літ.-мемар. музей-запаведнік Т.​Г.​Шаўчэнкі (магіла паэта). Юр’еўскі (Успенскі) сабор (1144).

т. 7, с. 583

КАНЕ́ЎСКІ (Амінадаў Майсеевіч) (29.3.1898, г. Кіраваград, Украіна — 14.6.1976),

расійскі графік. Нар. маст. Расіі (1966). Нар. маст. СССР. Акад. АМ СССР (1973). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (Масква, 1930). Аўтар ілюстрацый да дзіцячых кніг, якія вызначаюцца жывым гумарам, камічнай гіпербалізацыяй сітуацый і вобразаў («Залаты ключык, альбо Прыгоды Бураціна» А.​Талстога, 1942—43; «Мыйдадзір» К.​Чукоўскага, 1950), да твораў М.​Салтыкова-Шчадрына («За мяжой», 1939), У.​Маякоўскага (зб. «Сатыра», 1967), М.​Гогаля («Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна», 1946). Працаваў у жанрах карыкатуры (з 1936 супрацоўнік час. «Крокодил»), плаката, у станковым малюнку.

А.Канеўскі. Ілюстрацыя да аповесці М.​В.​Гогаля «Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна». 1946.

т. 7, с. 583

КАНЕ́ЦІ ((Canetti) Эліяс) (25.7.1905, г. Русе, Балгарыя — 14.8.1994),

аўстрыйскі пісьменнік. Скончыў Венскі ун-т (1929). З 1938 у эміграцыі. Вядомасць прынёс раман «Асляпленне» (1935). Майстэрствам псіхал. аналізу адметныя п’есы «Вяселле» (1932), «Камедыя пыхлівасці» (1934), «Асуджаныя» (1956), зб. «Той, які чуў сваімі вушамі» (1974). У філасофска-сацыялагічным трактаце «Maca і ўлада» (1960) даследаваў прыроду аўтарытарнай улады. Асн. тэмы прозы К. — чалавек і натоўп, індывідуальнасць і ўлада, яна вызначаецца філасафічнасцю і псіхалагізмам, спалучэннем абсурду і парадоксу, гратэску і ўмоўнасці. Аўтар кн. дзённікаў і афарызмаў «Правінцыя чалавека» (1973), мемуараў (т. 1. — «Выратаваная мова», 1977; т. 2. — «Факел у вуху», 1980; т. 3. — «Гульня вачэй. Гісторыя жыцця 1931—1937», 1985). Нобелеўская прэмія 1981.

Тв.:

Рус. пер. — Ослепление. М., 1988;

Человек нашего столетия. М., 1990.

М.​А.​Папова.

Э.Канеці.

т. 7, с. 583

КАНЕ́ЧНАЕ,

гл. ў арт. Бесканечнае і канечнае.

т. 7, с. 583

КАНЕ́ЧНЫХ РО́ЗНАСЦЕЙ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае функцыі пры дыскрэтных (перарывістых) зменах аргумента; дыскрэтны аналаг матэм. аналізу. Асн. паняцце — канечная рознасць — выраз спец. віду, які звязвае значэнні функцыі ў розных пунктах. Выкарыстоўваецца пры набліжаны дыферэнцаванні і набліжаным інтэграванні функцый, набліжаным рашэнні дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.

К.р.з. развівалася паралельна з асн. раздзеламі матэм. аналізу, у 18 ст. набыло характар самаст. матэм. дысцыпліны. Першае яе сістэм. выкладанне дадзена Б.​Тэйларам у 1715. Працы матэматыкаў 19 ст. падрыхтавалі глебу для сучаснага развіцця К.р.з. і тэорыі метаду канечных рознасцей. Ідэі і метады К.р.з. набылі дастасаванні да аналітычных функцый камплекснай пераменнай і задач выліч. матэматыкі. Гл. таксама Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый.

Л.​Я.​Яновіч.

т. 7, с. 584

КАНЕ́ЧНЫ АЎТАМАТ,

матэматычная мадэль сістэмы, якая пераўтварае дыскрэтную інфармацыю і мае канечны фіксаваны аб’ём памяці; важнейшы від кіравальных і вылічальных сістэм. Мае ўваходны і выхадны каналы і ў кожны дыскрэтны (тактавы) момант часу знаходзіцца ў адным з унутр. станаў з пэўнага канечнага набору (мноства).

У кожны тактавы момант часу на ўваход падаецца некаторы сімвал уваходнага канечнага алфавіта, аўтамат выдае адпаведны выхадны сімвал (вызначаецца функцыяй выхаду) і пераходзіць у інш. ўнутр. стан (вызначаецца функцыяй пераходу). Найб. важныя кірункі тэорыі К.а. — сінтэз надзейных элементаў сістэм і даследаванне паводзін К.а. ў выпадковых асяроддзях; яе метады выкарыстоўваюцца пры праектаванні дыскрэтных прылад і прыстасаванняў, напр., лічбавых ЭВМ, у біялогіі, псіхалогіі і інш. Гл. таксама Аўтаматаў тэорыя.

А.​Дз.​Закрэўскі.

т. 7, с. 584

КАНЁНКАЎ (Сяргей Цімафеевіч) (10.7.1874, в. Караковічы Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 9.10.1971),

расійскі скульптар. Нар. маст. СССР (1958). Акад. АМ СССР (1954). Герой Сац. Працы (1964). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892—96), Пецярбургскай АМ (1899—1902). Экспанент «Свету мастацтваў», чл. Саюза рускіх мастакоў. Раннія творы вылучаюцца жанрава-апавядальным («Каменябоец», 1898) і манум.-абагульненым характарам («Самсон», 1902). У час рэвалюцыі 1905—07 выканаў некалькі абагульнена-сімвалічных партрэтаў яе ўдзельнікаў («Рабочы-баявік 1905 года Іван Чуркін»). З сярэдзіны 1900-х г. творчасці К. ўласцівы фальклорна-казачныя матывы («Стрыбог», «Дзядок-палевічок», абедзве 1910), пошукі нац., эстэт. і этычных ідэалаў праз вобраз дасканалага, гарманічнага чалавека («Ніке», 1906). Пасля 1917 удзельнічаў у ажыццяўленні плана манум. прапаганды (мемар. дошка «Загінуўшым у барацьбе за мір і брацтва народаў», 1918). У 1924—45 у ЗША, рабіў партрэты (М.​Горкі, 1928, Ф.​М.​Дастаеўскі, 1933). Пасля вяртання на радзіму выканаў шэраг псіхалагічных партрэтаў (Ф.​І.​Шаляпін, 1952; аўтапартрэт, 1954 і інш.) і станковых кампазіцый, якім уласцівы рысы манументальнасці [«Вызвалены чалавек» («Самсон»), 1947]. Дзярж. прэмія СССР 1951.

С.Канёнкаў. Партрэт Ф.​М.​Дастаеўскага. 1933.
С.Канёнкаў. Аўтапартрэт 1954.

т. 7, с. 584

КА́НЗАС (Kansas),

рака ў ЗША, правы прыток р. Місуры. Утвараецца ад сутокаў рэк Смокі-Хіл і Рэпаблікан, якія пачынаюцца на перадгорных плато Скалістых гор. Даўж. 228 км, з р. Рэпаблікан каля 1200 км, пл. басейна 158,8 тыс. км². Цячэ па Высокіх і Цэнтр. раўнінах. Веснавое разводдзе, летняя межань, высокія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады 225 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. На К. — гарады Тапіка, Канзас-Сіці (у вусці).

т. 7, с. 584