КАНЁНКАЎ (Сяргей Цімафеевіч) (10.7.1874, в. Караковічы Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 9.10.1971),
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1958). Акад.АМСССР (1954). Герой Сац. Працы (1964). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892—96), Пецярбургскай АМ (1899—1902). Экспанент «Свету мастацтваў», чл.Саюза рускіх мастакоў. Раннія творы вылучаюцца жанрава-апавядальным («Каменябоец», 1898) і манум.-абагульненым характарам («Самсон», 1902). У час рэвалюцыі 1905—07 выканаў некалькі абагульнена-сімвалічных партрэтаў яе ўдзельнікаў («Рабочы-баявік 1905 года Іван Чуркін»). З сярэдзіны 1900-х г. творчасці К. ўласцівы фальклорна-казачныя матывы («Стрыбог», «Дзядок-палевічок», абедзве 1910), пошукі нац., эстэт. і этычных ідэалаў праз вобраз дасканалага, гарманічнага чалавека («Ніке», 1906). Пасля 1917 удзельнічаў у ажыццяўленні плана манум. прапаганды (мемар. дошка «Загінуўшым у барацьбе за мір і брацтва народаў», 1918). У 1924—45 у ЗША, рабіў партрэты (М.Горкі, 1928, Ф.М.Дастаеўскі, 1933). Пасля вяртання на радзіму выканаў шэраг псіхалагічных партрэтаў (Ф.І.Шаляпін, 1952; аўтапартрэт, 1954 і інш.) і станковых кампазіцый, якім уласцівы рысы манументальнасці [«Вызвалены чалавек» («Самсон»), 1947]. Дзярж. прэмія СССР 1951.