Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́НЗАС (Kansas),

штат у цэнтр.ч ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўн.Зах. цэнтра. Пл. 213,1 тыс. км², нас. 2572,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — Тапіка, найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры Уічыта і Канзас-Сіці. У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Паверхня — хвалістая раўніна, паката нахіленая ад перадгор’яў Скалістых гор на З (выш. каля 1200 м) да даліны р. Місуры на У (выш. каля 200—300 м). Узгоркавыя ўчасткі (Смокі-Хілс, Блу-Хілс) і даліны рэк Арканзас, Канзас і іх прытокаў ускладняюць рэльеф. Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 26 °C. Апалкаў 550—950 мм за год. Летам бываюць засухі. Каля 90% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Здабыча нафты і прыроднага газу. У апрацоўчай прам-сці развіта вытв-сць самалётаў, аўтамашын, с.-г. і дарожна-буд. машын, мінер. угнаенняў, прадуктаў нафтаперапрацоўкі, мясных кансерваў і мукі. Штат вылучаецца вял. зборамі пшаніцы і сорга, вытв-сцю ялавічыны і свініны. Мясная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Місуры.

Найбольш стараж. мясц. насельніцтва — індзейцы. Першыя еўрапейцы (іспанцы з Мексікі) з’явіліся тут у 1541. У 18 ст. ў К. заснавалі гандл. факторыю французы і ўключылі яго ў склад сваёй калоніі Луізіяна. З 1763 належаў Іспаніі. У 1803 выкуплены ЗША, у 1854 атрымаў статус тэрыторыі. Прыняцце Канзас-Небраска біля выклікала ў К. грамадз. вайну (1854—56) паміж перасяленцамі з паўд. штатаў, якія намагаліся ўвесці тут рабства неграў, і перасяленцамі з паўн. штатаў — праціўнікамі рабства. З 1861 штат ЗША У 1860—70 пабудавана транскантынент. чыгунка. Да 1890 б.ч. зямель заселена.

Інтэнсіўная распрацоўка зямель пад сельскую гаспадарку выклікала ў 1930-я г. пылавыя буры.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка).

т. 7, с. 584

КАНЗА́С-НЕБРА́СКА БІЛЬ,

закон, прыпяты ў 1854 па прапанове сенатара С.​А.​Дугласа кангрэсам ЗША, які даваў права каланістам Канзаса і Небраскі самім вырашаць пытанне аб дапушчэнні ці забароне рабства неграў на сваіх тэрыторыях. Фактычна адмяняў умоўную мяжу паміж свабоднымі і рабаўладальніцкімі штатамі, устаноўленую паводле т. зв. Місурыйскага кампрамісу 1820. Такое рашэнне адпавядала інтарэсам плантатараў-рабаўладальнікаў, якія намагаліся пашырыць рабства на ўсю тэр. ЗША. Прыняцце біля стала адной з прычын грамадз. вайны ў Канзасе паміж прыхільнікамі і праціўнікамі рабства (1854—56).

т. 7, с. 584

КА́НЗАС-СІ́ЦІ (Kansas City),

2 аднайменныя суседнія гарады ў ЗША. Знаходзяцца на правым беразе р. Місуры, у штатах Місуры і Канзас, фактычна зліліся ў агламерацыю. З агульнымі прыгарадамі каля 1,7 млн. ж. (1997). Рачны порт на р. Місуры пры ўпадзенні р. Канзас. Міжнар. аэрапорт. Буйны гандл.-фін. цэнтр і трансп. вузел Сярэдняга Захаду ЗША. Прам-сць: радыёэлектронная, аўтазборачная, металаапр., прыладабуд., нафтаперапр., хім. (у т. л. вытв-сць медыкаментаў, мыйных сродкаў, мінер. угнаенняў), ваенная, папяровая, цэментная. Чорная і каляровая металургія. Вытв-сць с.-г. і дарожна-буд. машын. Буйны цэнтр харч. прам-сці (мясакансервавая, мукамольная, вытв-сць піва). 2 ун-ты.

т. 7, с. 584

КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 585

КАНІ́ДЫІ (ад грэч. konia пыл + eidos від),

споры бясполага размнажэння ў сумчатых, базідыяльных, недасканалых і некат. перанаспоравых грыбоў. Знаходзяцца ў абалонцы. Адрозніваюцца формай, афарбоўкай, колькасцю клетак, паходжаннем. Утвараюцца экзагенна на міцэліі ці яго нарасцях (канідыяносцах). Разносяцца ветрам, вадой, насякомымі і інш. Пры прарастанні даюць парасткавую трубку, потым гіфы.

т. 7, с. 585

КАНІДЫЯНО́СЕЦ,

асаблівая нарасць міцэлія грыбоў, на якой развіваюцца споры бясполага размнажэння — канідыі. Бываюць добра развітыя, мала дыферэнцыраваныя, простыя ці разгалінаваныя. Звычайна вертыкальна прыўзняты над міцэліем. Калі К. зрастаюцца ў пучкі, утвараецца карэмій.

т. 7, с. 585

КАНІ́ЙСКІ СУЛТАНА́Т, Іканійскі султанат, Сельджукскі султанат,

дзяржава на п-ве М. Азія (цяпер тэр. Турцыі) у канцы 11 — пач. 14 ст. Сталіцы — гарады Нікея (да 1097) і Конья (адсюль назва). Утварыўся ў выніку заваявання туркамі-сульджукамі візант. зямель у М. Азіі (у араб. і перс. аўтараў наз. Рум) і распаду адзінай Сельджукаў дзяржавы. У выніку 1-га крыжовага паходу 1096—99 шэраг тэрыторый султаната, у т. л. Нікея, адышлі да Візантыі. Пазней ч. гэтых зямель адваявана, але ў процістаянні з Нікейскай імперыяй у пач. 13 ст. К.с. панёс новыя тэр. страты. Найб. росквіту дасягнуў пры султане Ала-ад-дзіне Кей Кубаду [1219—36]; цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Конья, Кайсеры і інш. З 1243 султанат — васал манг. правіцеляў (ільханаў) Ірана. У 1307 распаўся на дробныя княствы, адно з якіх — бейлік (акруга) Асмана — з пач. 14 ст. стала ядром будучай Асманскай імперыі.

т. 7, с. 585

КАНІ́КУЛЫ (польск. kanikuła, ад лац. caniculares перыяд найб. гарачых дзён у годзе),

1) перапынкі ў занятках у навуч. установах на працягу навуч. года.

2) У некат. краінах — перапынак у рабоце парламента.

т. 7, с. 585

КА́НІНГ ((Canning) Джордж) (11.4.1770, Лондан — 8.8.1827),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. Скончыў Оксфардскі ун-т (1791). З 1793 чл. парламента. У 1796—99 пам. міністра замежных спраў у кабінеце У.Піта Малодшага. У 1807—09 міністр замежных спраў. Праводзіў курс на фін. і ваен. дапамогу Іспаніі ў вызв. вайне з Напалеонам I. У 1814—16 пасол у Партугаліі. Лідэр партыі торы. З 1822 чл. кабінета Р.Б.Ліверпула і міністр замежных спраў. Садзейнічаў прызнанню брыт. урадам незалежнасці б. ісп. калоній у Паўд. Амерыцы, выступаў за аўтаномію Грэцыі. Змагаўся за ўмацаванне брыт. гегемоніі ў Еўропе ў процівагу палітыцы краін Свяшчэннага саюза.

т. 7, с. 585

КА́НІНГЕМ ((Cunningham) Уолтэр) (н. 16.3.1932, г. Крэстан, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1960). З 1951 у ВМС ЗША. У 1964—71 у групе касманаўтаў НАСА. 11—22.10.1968 з У.Шырам і Д.Эйзелам здзейсніў касм. палёт на караблі «Апалон-7» (праводзілася першае лётнае выпрабаванне асн. блока «Апалона»). Кіраваў групай касманаўтаў па праграме «Скайлэб». Правёў у космасе 10,83 сут (163 абароты вакол Зямлі).

т. 7, с. 585