ДЭ́БЕТ (ад лац. debet ён павінен),
частка бухгалтарскага ўліку. У актыўных рахунках па Д. запісваецца павелічэнне, а ў пасіўных — змяншэнне аб’ектаў уліку. У разліковых рахунках па Д. адлюстроўваецца запазычанасць юрыд. і фіз. асоб дадзенаму прадпрыемству — т.зв. дэбіторская запазычанасць.
т. 6, с. 320
ДЭ́БЕЦ (Георгій Францавіч) (7.12.1905, г. Томск, Расія — 19.1.1969),
рускі антраполаг. Д-р біял. н. (1941), праф. (1944). Скончыў Іркуцкі ін-т (1925). З 1927 у Ін-це антрапалогіі пры Маскоўскім ун-це, з 1945 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Даследаваў пытанні расазнаўства, этнічнай антрапалогіі і антрапалагічнага складу народаў СССР і Афганістана, палеаантрапалогіі і антрапагенезу. Сабраў і даследаваў у этнагенетычным плане матэрыял пра стараж. насельніцтва на тэр. СССР. Упершыню даследаваў у этнагістарычным плане краніялагічны матэрыял аб насельніцтве Беларусі 10—13 ст. Распрацоўваў методыку антрапалагічных даследаванняў.
Тв.:
Чарапы Люцынскага могільніка і старажытных славян Беларусі і месца апошніх у палеаантрапалогіі Усходняй Еўропы // Працы секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН Мн., 1932. Т. 3;
Палеоантропология СССР. М.;Л., 1948.
т. 6, с. 320
ДЭБІДУ́Р ((Debidour) Антанен) (31.1.1847, г. Нантрон, Францыя — 21.2.1917),
французскі гісторык. Кіраваў кафедрамі геаграфіі (з 1879), гісторыі (з 1880), ун-та ў г. Нансі. З 1891 гал. інспектар нар. адукацыі ў Францыі. З 1906 у Парыжскім ун-це (Сарбоне), кіраўнік кафедры гісторыі хрысціянства новага часу. Аўтар прац «Дыпламатычная гісторыя Еўропы ад Венскага да Берлінскага кангрэса (1814—1878)» (т. 1—2, 1891), «Каталіцкая царква і дзяржава ў час Трэцяй рэспублікі (1870—1906)» (т. 1—2, 1906—09) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Дипломатическая история Европы, 1814—1878. Т. 1—2. Ростов н/Д., 1995.
т. 6, с. 320
ДЭБІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. debilis слабы, няздольны),
лёгкая ступень алігафрэніі, характарызуецца прымітыўнасцю суджэнняў і вывадаў, недастатковай дыферэнцыяцыяй эмоцый, абмежаванасцю навучання, зніжанай сац. адаптацыяй.
т. 6, с. 321
ДЭБІ́Т (ад франц. débit збыт, расход),
колькасць вадкасці (вады, нафты) або газу, якія паступаюць за адзінку часу з прыроднай ці штучнай крыніцы (буравой свідравіны, калодзежа, водазаборнага збудавання, трубы і інш.). Д. вадкасці вымяраецца ў л/с, м³/с, м³/сут (для нафты і т/сут); газу — у м³/сут.
Д. вызначаецца разлікам (па формулах падземнай гідрадынамікі) і з дапамогай адпампоўвання (пробных, доследных, эксплуатацыйных). Пры адпампоўваннях для вымярэння Д. вадкасці выкарыстоўваюць мерныя пасудзіны, вадамеры, дэбітометры, самапісныя дэбітографы, свідравінныя расхадамеры; газу — анемометры, шайбавыя вымяральнікі і інш. Д. водазаборных свідравін на Беларусі ад 0,005 да 0,05 м³/с.
П.М.Багаслаўчык.
т. 6, с. 321
ДЭБІТО́Р (ад лац. debitor даўжнік),
у цывільным праве бок у абавязацельстве, які павінен выканаць пэўныя дзеянні або ўстрымацца ад выканання дзеяння; даўжнік. У якасці Д. могуць выступаць толькі асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, у т. л. юрыд. асобы.
т. 6, с. 321
ДЭБІТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,
сума даўгоў, належных прадпрыемству і арганізацыі або ўстанове ад юрыд. або фіз. асоб па выніках гасп. узаемаадносін з імі.
т. 6, с. 321
ДЭ́БІШ (Анатоль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Брат В.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе дырэктарам Дома культуры ў Брэсце. Друкуецца з 1983. Аўтар зб. вершаў «Калядная вячэра» (1992), «Стодзівы» (1995). Тэматычны дыяпазон паэзіі Д. разнастайны — ад часоў паганства («Зніч», «Мара», «Чарнабог», «Пераплут», «Дзіў», «Велямос») да нашых дзён. Грунтуючыся на бел. нар. міфалогіі і фальклоры, аўтар асэнсоўвае стараж. светаўспрыманне, светабачанне і светаразуменне нашых далёкіх продкаў, яднае язычніцкія ўяўленні і хрысціянскія ідэалы, пяе хваласпеў жанчыне, каханню. Развівае жанры санета, балады, трыялета, элегіі, паэт. форму тэрцыны.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 321
ДЭ́БІШ (Васіль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Брат А.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе ў Брэсце. Друкуецца з 1987. Аўтар зб. вершаў «Белыя птахі» (1992), «Лісты да Марыі» (1996). У лірыцы Д. — рамант. свет чалавека, любоўныя перажыванні героя («Ліст да Марыі», «След вашых губ на крышталі», «Любіў. Ды ты не зразумела»), асэнсаванне духоўных крыніц жыцця народа, роднай гісторыі («Вільня», «Багрымава жалейка», «Апошняя ноч К.Каліноўскага»). Звяртаецца і да нац. міфалогіі. Распрацоўвае жанры трыялета, квантэмы.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 321
ДЭБО́РА, Дэвора,
паводле Бібліі, яўрэйская прарочыца і суддзя, якая аб’яднала стараж.-яўр. плямёны і ўзначаліла заваяванне імі Палесціны. У аснове падання гіст. факт бітвы аб’яднанага войска ізраільскіх плямён з войскам ханаанейскіх цароў. Подзвігам удзельнікаў бітвы і перамозе над ворагам прысвечана «Песня Дэборы» — стараж. помнік яўр. л-ры (каля 1200 да н.э.).
т. 6, с. 321