Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАНАНІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. canonizō узаконьваю),

у каталіцтве і праваслаўі акт прылічэння тых ці інш. асоб да святых. Ушаноўванне святых пачалося ў перыяд станаўлення хрысц. культу, пэўны парадак К. ўведзены ў 10 ст. Кананізацыйныя працэсы працягваюцца і ў наш час. У Рус. правасл. царкве пытаннямі К. займаецца спец. камісія, прапановы якой разглядаюцца і па іх прымаюцца рашэнні Памесным саборам. Гл. таксама Святыя Беларусі.

т. 7, с. 569

КАНАНІ́Р (ням. Kanonier),

радавы (салдат) артылерыі ва ўзбр. сілах некат. дзяржаў (напр., ФРГ). У 1722 — пач. 20 ст. К. былі і ў артылерыі Расіі (абслугоўвалі толькі пушкі).

т. 7, с. 569

КАНАНІ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

біблейскія кнігі, прызнаныя царквой адзінаправільнымі, боганатхнёнымі. На працягу стагоддзяў служыла афіц. прызнанай крыніцай ведаў пра гісторыю чалавецтва і навакольны свет, кодэксам хрысц. веры, маралі і адначасова была папулярнай белетрыстыкай, якая задавальняла эстэт. запатрабаванні і густы розных сац. груп. Паўплывала на л-ры ўсіх. хрысц. народаў. Гл. таксама ў арг. Біблія.

т. 7, с. 569

КАНАНО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 10.5. 1938, в. Кукавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Працаваў слесарам, інжынерам, з 1982 рэдактар у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1975. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Заводскія світанні» (1978), «Белы чыгун» (1981), «Цёплы камень» (1985), «Асобая зона» (1992) тэмы заводскага жыцця, апяванне чалавека працы, дружбы, высакародства.

т. 7, с. 569

КАНАНО́ВІЧ (Канстанцін Юльянавіч) (8.12.1872, в. Грабаўка Гомельскага р-на — 15.3.1954),

бел. вучоны ў галіне санітарыі і эпідэміялогіі, урач-отарыналарынголаг, арганізатар першай у СССР Гомельскай сан.-эпідэміял. станцыі (1922). Скончыў Кіеўскі ун-т (1899). Навук. працы па арганізацыі аховы здароўя, сан.-эпідэміял. справе, оталарынгалагічных хваробах.

Тв.:

Предупреждай болезни носа, горла и уха. Гомель, 1930.

т. 7, с. 569

КАНАНО́ВІЧ ((Kononowicz) Мацей Юзаф) (1.2.1912, г. Ласк, Польшча — 31.4.1986),

польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Варшаўскі ун-т (1939). Да 2-й сусв. вайны жыў у Навагрудку (Гродзенская вобл.). Друкаваўся з 1936. Паэт. зб-кі «Лірычныя станцыі» (1951), «Партрэт, які цяжка ўявіць» (1962), «Дубовы гай» (1974), «Перадамо сабе знак спакою» (1983), зб-кі аповесцей і апавяд. «Імёны любові» (1973), «Рамантычнае і зялёнае» (1981), «Венера з малога мястэчка» (1983) прасякнуты патрыятызмам, псіхалагізмам і шчырасцю. Многія вершы тэматычна звязаны з Беларуссю. На польск. мову пераклаў зб. апавяданняў Я.​Брыля «Глядзець на траву» (1971), кнігі А.​Адамовіча «Хатынская аповесць» (1975), Адамовіча, Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі...» (1978, разам з Ю.​Літвінюком), асобныя творы Я.​Купалы, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, Р.​Барадуліна, Г.​Бураўкіна і інш. Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Брыль, М.​Танк, Барадулін, Д.​Бічэль-Загнетава, В.​Вітка, А.​Вярцінскі, Г.​Кляўко, Н.​Мацяш, Р.​Семашкевіч, У.​Мархель.

Тв.:

Бел. пер. — Імёны любові. Мн., 1976;

Мой гай дубовы. Мн., 1986.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 7, с. 569

КАНА́ПА (франц. canapé),

шырокае драўлянае сядзенне на ножках, з падлакотнікамі і спінкай; від мэблі. Вядома з часоў сярэдневякоўя ў інтэр’ерах палацаў і сядзіб. У формах і аздабленні (разьба, інкрустацыя, абіўка са скуры ці тканін) праявіўся ўплыў маст. стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, ампіру і інш. З 19 ст. пашырана ў інтэр’еры бел. нар. хаты, замяніла лаву. К. выраблялі мясц. майстры-саматужнікі, аздаблялі прапілоўкай па краях спінкі, такарнымі элементамі, фігурнымі накладкамі. На З Беларусі бытаваў таксама шлябан — К. з сядзеннем у выглядзе скрыні, куды складвалі розныя рэчы. У наш час самаробныя К. саступілі месца прамысл. вырабам, якія звычайна ўваходзяць у гарнітур мэблі для гасціных пакояў.

Я.​М.​Сахута.

Канапа.

т. 7, с. 569

«КАНАПЕ́ЛЬКА»,

«Канапелькі», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Выконваўся на ігрышчах, парамі і сольна, з характэрнымі падскокамі і вярчэннямі, часта ў суправаджэнні прыпевак. Зафіксаваны М.​Нікіфароўскім у канцы 19 ст. ў Віцебскай губ. У 1940-я г. І.​Серыкаў у в. Асавец Крычаўскага р-на запісаў варыянт танца, у якім адлюстраваны працэс вырошчвання канапель: сяўба, вырыванне, рассціланне, вязанне снапоў, віццё вяровак і інш. Пад назвай «К.» вядомы таксама гульня і карагод.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. М., 1897. [Т. 5], С. 40.

Л.​К.​Ллексютовіч.

т. 7, с. 570

КАНАПЕ́ЛЬКА (Ала Іванаўна) (н. 14.2.1960, в. Небытаў Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1983). Працавала ў Доме літаратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, у Бел. фондзе культуры, у газ. «Беларускае тэлебачанне і радыё», з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1977. Асн. тэмы твораў — драматызм жаночага лёсу, чалавек і прырода: зб. вершаў «Цвет алешыны» (1985). Піша для дзяцей. Адшукала і апублікавала вершы рэпрэсіраванай бел. паэтэсы Лесі Беларускі, якая загінула ў лагеры на Калыме. Пераклала на бел. мову араб. казкі «Тысяча і адна ноч» (1998), асобныя творы балг. пісьменнікаў.

Л.​М.​Гармік.

т. 7, с. 570

КАНАПЕ́ЛЬКА (Валерый Канстанцінавіч) (н. 7.1.1948, пас. Дымаўшчына Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1990 праф. (1992). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1971). З 1974 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1996 у Вышэйшым каледжы сувязі. Навук. працы па тэорыі інфармацыі, тэорыі кадзіравання, лічбавай апрацоўцы інфармацыі, распрацоўцы звышвялікіх інтэгральных схем і сістэм на іх аснове, у т. л. сістэм памяці.

Тв.:

Надежное хранение информации в полупроводниковых запоминающих устройствах М., 1986 (разам з У.​В.​Лосевым).

т. 7, с. 570