Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАНАЛІЗАЦЫ́ЙНАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць падземных трубаправодаў і калектараў для прыёму і выдалення з тэр. населеных пунктаў і прадпрыемстваў сцёкавых вод для іх ачысткі і абеззаражвання ў ачышчальных збудаваннях; асн. ч. сістэмы каналізацыі. Бывае ўнутраная (для выдалення быт. і прамысл. сцёкавых вод за межы будынкаў і збудаванняў) і вонкавая (дваровая, унутрыквартальная, вулічная).

Асн. элементы ўнутр. К.с.: адводныя лініі (каналізацыйныя трубы) з прыёмнікамі сцёкавых вод (умывальнікамі, ракавінамі, ваннамі, і інш.), стаякі і выпускныя (з будынка) прыстасаванні. Вонкавая К.с. — безнапорныя трубаправоды з жалезабетонных, бетонных, керамічных, чыгунных, азбестацэментных труб, пракладзеных з нахілам, а таксама калектары (трубы, якія збіраюць сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання і адводзяць іх на ачыстку, затым у вадаём). Калі самацёчны рух немагчымы, будуюць помпавыя станцыі. Перасячэнні К.с. з рэкамі, ярамі, чыгункамі робяць з дапамогай дзюкераў, пераходаў, эстакад. Для назірання за К.с. і яе ачысткі на трасе будуюць спец. калодзежы. Гл. таксама Ачыстка сцёкавых водаў.

А.​Р.​Варонін.

Каналізацыйная сетка: а — унутраная (1 — вентыляцыйная труба, 2 — санітарныя прылады — прыёмнікі, 3 — выпускны трубаправод, 4—6 — назіральныя і кантрольны калодзежы); б — вонкавая (1 — сетка населенага месца, 2 — помпавыя станцыі, 3 — трубаправод, 4—5 — збудаванні, у якіх збіраюць і ачышчаюць сцёкавыя воды прамысловага прадпрыемства П, 6—7 — ачышчальныя збудаванні, 8 — трубаправод з рассейвальным прыстасаваннем).

т. 7, с. 568

КАНАЛІЗА́ЦЫЯ,

1) комплекс інж. збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення за межы населеных пунктаў сцёкавых вод; неабходны элемент упарадкаванасці населеных пунктаў, паляпшэння быт. і сан.-гігіенічных умоў. Падзяляецца на ўнутраную (К. будынкаў) і вонкавую (К. тэрыторый). Унутраная складаецца з сан. прылад — прыёмнікаў (умывальнікаў, ракавін, ваннаў і г.д.) і каналізацыйнай сеткі. Сістэмы К.: агульнасплаўныя — усе сцёкавыя воды (бытавыя, вытв., атм.) выводзяцца па адной сетцы труб; раздзельныя — адна сетка труб для гасп.-фекальных, другая для атм. вод; паўраздзельныя — функцыянуюць як агульнасплаўныя ў час невял. дажджоў і як раздзельныя пры вял. колькасці ападкаў. Калі няма цэнтралізаванай К., для будынкаў з водаправодам робяць мясцовую К., сцёкавыя воды ў ёй ачышчаюцца ў адстойніках (септыках) і на пляцоўках падземнай фільтрацыі.

2) Размеркаванне эл. энергіі паміж асобнымі спажыўцамі; кабельная К. — сістэма керамічных або бетонных труб, укладзеных пад зямлёй; служыць для пракладкі кабелю падземных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).

т. 7, с. 568

КАНА́ЛЫ МІЖНАРО́ДНЫЯміжнар. праве),

штучныя марскія шляхі, якія звязваюць марскія прасторы і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Знаходзяцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, на тэрыторыі якой размешчаны. Рэжым плавання праз К.м. рэгулюецца міжнар. пагадненнямі (напр., Панамскі, Суэцкі каналы) або толькі ўнутр. правам тэр. суверэна (Кільскі канал). Аднак ва ўсіх выпадках прававы рэжым канала, які прызнаны ў якасці міжнароднага, павінен улічваць інтарэсы міжнар. суднаходства.

т. 7, с. 569

КАНА́Л ІМЯ́ МАСКВЫ́.

У Маскоўскай вобл., злучае р. Волга з р. Масква. Пабудаваны ў 1932—37. Пачынаецца ад Іванькаўскага вадасх. Даўж. 128 км, з іх 19,4 км у межах вадасховішчаў Ікшынскае, Пестаўскае, Пялаўскае, Клязьмінскае, Хімкінскае. Гал. прыстані: Вял. Волга, Дзмітраў, Яхрама, Паўн. порт Масквы. Да 1947 наз. Масква—Волга.

т. 7, с. 567

КАНА́Л СУ́ВЯЗІ, канал перадачы,

сукупнасць тэхн. прылад і фіз. асяроддзяў для перадачы інфармацыі (сігналаў) ад крыніцы да прыёмніка. Мае перадатчыкі, прыёмнікі, узмацняльнікі сігналаў, кадавальныя і дэкадавальныя прылады, камутатары, фільтры і інш. Паводле відаў інфармацыі, якая перадаецца, адрозніваюць тэлегр., тэлеф., тэле- і радыёвяшчальныя, тэлемех. факсімільныя і інш., паводле тыпу ліній сувязі (ліній перадачы) — правадныя (паветраныя лініі. сіметрычныя і кааксіяльныя кабелі, хваляводы), радыё (радыёрэлейныя, спадарожнікавыя наземнага вяшчання), аптычныя (на адкрытай прасторы і валаконна-аптычныя).

т. 7, с. 567

КАНАНА́ДА (франц. canonnade ад canon гармата),

часты і магутны агонь з многіх артыл. гармат.

т. 7, с. 569

КАНА́НГА (Kananga),

горад на Пд Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (да мая 1997 наз. Заір), на р. Лулуа. Да 1966 называўся Лулуабург. Адм. ц. правінцыі Зах. Касаі. 301 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Трансп. і гандл. цэнтр раёна здабычы алмазаў. Прам-сць: харчасмакавая (у т. л. піваварная і мукамольная), фармацэўтычная, бавоўнаачышчальная, эл.-тэхн. (быт. прылады). ЦЭС. Краязнаўчы музей.

т. 7, с. 569

КАНАНЕ́А (Cananea),

буйное радовішча медных руд у Мексіцы (штат Санора). Гідратэрмальнага паходжання. Распрацоўваецца з 1899. Запасы руды больш за 1,7 млрд. т з сярэдняй колькасцю медзі 0,72—0,75%. У рудзе прымесі малібдэну, золата, цынку і інш. Цэнтр здабычы і выплаўкі — г. Кананеа.

т. 7, с. 569

КАНАНЕ́НКА (Валерый Канстанцінавіч) (н. 23.1.1943, г. Петрапаўлаўск-Камчацкі, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1997). Скончыў БДУ (1965). З 1965 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі паўправадніковых лазераў, фізіцы фотаэлектрычных паўправадніковых сістэм. Развіў тэорыю кінетыкі нераўнаважных працэсаў у оптаэлектронных паўправадніковых структурах пры магутным узбуджэнні, прапанаваў новы тып інжэкцыйных лазераў з асіметрычнай квантавапамернай структурай.

Тв.:

Nonlinear absorption in quantum-size heterostructures // Physica status solidi (b). 1988. Vol. 150, № 2;

Теория полупроводниковых лазеров. Мн., 1995 (разам з А.​А.​Афоненкам, І.​С.​Манаком).

т. 7, с. 569

КАНАНЕ́РСКАЯ ЛО́ДКА,

1) ветразева-грабное артыл. судна 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Прызначаліся для дзеянняў у прыбярэжных марскіх раёнах (шхерах) і на рэках. Мелі 4—6 гармат або 2 марціры, да 15 пар вёслаў.

2) Артылерыйскі карабель для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах мора, на азёрах і рэках. Водазмяшчэнне да 2,5 тыс. т., узбраенне — да 5 артыл. гармат, аўтам. зенітныя пушкі, кулямёты. Да пач. 1980-х г. заставаліся ў складзе ВМС асобных краін. На Беларусі К.л. выкарыстоўваліся ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій. Гл. «Верны», «Зарадна», а таксама Карабель ваенны.

т. 7, с. 569