Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛЕ́БАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

частка глебава-біякліматычнага пояса, глебавай зоны або падзоны са спецыфічнымі асаблівасцямі глеб і ўмоў глебаўтварэння, звязанымі з увільгатненнем і тэмпературным рэжымам. Займаюць тэрыторыі, межы якіх праходзяць у шыротным напрамку. Падзяляюцца на глебава-кліматычныя акругі. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучаны Паўночная, Цэнтральная і Паўднёвая глебавыя правінцыі, якія адрозніваюцца глебавым покрывам, геамарфалагічнай будовай, тэмпературным рэжымам. Гл. Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.

т. 5, с. 290

ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,

сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.

Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.

т. 5, с. 290

ГЛЕ́БАВА-ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,

падзел тэрыторыі на рэгіёны, якія адрозніваюцца складам глеб і характарам глебавага покрыва. Неабходна для вырашэння пытанняў спецыялізацыі і канцэнтрацыі с.-г. вытв-сці, распрацоўкі занальных сістэм аховы і рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў, павышэння іх прадукцыйнасці. На Беларусі вылучаны 3 глебавыя правінцыі, якія падзяляюцца на 7 глебава-кліматычных акруг, у складзе якіх 20 аграглебавых раёнаў. Назвы правінцый і акруг адпавядаюць іх геагр. становішчу, назвы раёнаў — назвам раённых цэнтраў краіны і пераважных глеб.

Літ.:

Смеян Н.И., Соловей И.Н. Почвенно-географическое районирование территории Белорусской ССР // Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974.

т. 5, с. 289

ГЛЕ́БАВА-КЛІМАТЫ́ЧНАЯ АКРУ́ГА,

састаўная частка глебавай правінцыі з аднолькавым генетычным тыпам рэльефу, складам глебаўтваральных парод і глеб, адным пераважным тыпам глебаўтварэння. Адрозніваецца асаблівасцямі мясц. клімату і складам расліннага покрыва. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучана 7 глебава-кліматычных акруг: Паўночна-заходняя (займае 15,4% тэр.), Паўночна-ўсходняя (14,3%), Заходняя (18,5%), Цэнтральная (10,3%), Усходняя (13,9%), Паўднёва-заходняя (14,5%), Паўднёва-ўсходняя (13,1%). Глебава-кліматычная акруга падзяляецца на аграглебавыя раёны. Гл. Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.

т. 5, с. 289

ГЛЕ́БАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ,

гл. ў арт. Водарасці.

т. 5, с. 290

ГЛЕ́БАВЫЯ ВО́ДЫ,

намнажэнне падземных вод у адносна воданепранікальных слаях, што залягаюць у межах глебавай тоўшчы і гідраўлічна не звязаны з грунтавымі водамі, якія ляжаць ніжэй. Знаходзяцца ў глебе ў вадкай і цвёрдай фазе (лёд), формах, якія адрозніваюцца паводле ступені рухомасці і даступнасці для раслін. Асн. запасы вільгаці, што выкарыстоўваюцца раслінамі, утварае свабодная вада. Яна запаўняе глебавыя поры і здольная перамяшчацца з іх пад уплывам сілы цяжару і капілярных сіл (гл. Глебавы раствор). Значная колькасць вільгаці знаходзіцца ў парападобным стане (перамяшчаецца па порах глебы ў складзе глебавага паветра). Частка вільгаці знаходзіцца ў звязаным стане, у маладаступнай для раслін форме.

т. 5, с. 290

ГЛЕ́БАВЫЯ ГАРЫЗО́НТЫ, генетычныя гарызонты глебы,

аднародныя паводле афарбоўкі, шчыльнасці, вільготнасці, грануламетрычнага, мінералагічнага і хім. саставу гарызантальныя слаі, якія фарміруюцца ў выніку ўтварэння глеб. Кожнаму тыпу глеб адпавядае пэўная колькасць, выражанасць і чаргаванне гарызонтаў, магутнасць якіх складае ад некалькіх да дзесяткаў сантыметраў. Сукупнасць глебавых гарызонтаў утварае глебавы профіль. Звычайна зверху ўніз вылучаюць глебавыя гарызонты: перагнойна-акумулятыўны (A) з падгарызонтамі — лясны подсціл, дзёран (Aо), гумусавы (A1, для ворных глеб — Aвор) і элювіяльны, ці гарызонт вымывання (A2); ілювіяльны, ці гарызонт умывання (B), глеевы (G; g), мала закранутая глебаўтваральным працэсам мацярынская парода (C); подсцільная парода (Д).

Н.М.Івахненка.

т. 5, с. 290

ГЛЕ́БАВЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць размяшчэнне глебаў, іх тыпы, падтыпы, віды, механічны састаў і глебаўтваральныя пароды. Выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытворчасці, гідрамеліярацыі, лесаводстве, буд-ве, пры кадастравых ацэнках зямель, азеляненні населеных пунктаў і інш. Падзяляюцца паводле тэр. прыналежнасці, зместу паказчыкаў (агульна-глебавыя, глебава-меліярац., глебава-эразійныя і інш.) і маштабаў. Прынцыпы картаграфавання закладзены В.В.Дакучаевым. Першая глебавая карта еўрапейскай ч. Расіі складзена ў маштабе 1 : 84 000 000 і выдадзена ў 1851 пад рэдакцыяй К.С.Весялоўскага. Глебавыя карты ствараюцца па матэрыялах наземных, аэракасм. і камбінаваных здымак мясцовасці. Хім. паказчыкі вызначаюцца лабараторнымі аналізамі. На Беларусі першая глебавая карта складзена ў маштабе 1 : 1 000 000 у 1929—30 пад рэд. Я.М.Афанасьева. У 1957—64 праведзена буйнамаштабнае картаграфаванне для калгасаў і дзяржгасаў са складаннем картаграм аграхім. уласцівасцей і інш. паказчыкаў рацыянальнага выкарыстання зямель. У 1965—69 складзены глебавыя карты для 117 адм. раёнаў, у 1970—74 для ўсіх абласцей. Гл. таксама Глебава-геаграфічнае раянаванне.

Т.А.Багданава, А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 290

ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,

даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.

т. 5, с. 290

ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,

вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.

Н.М.Івахненка.

т. 5, с. 290