Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЯСУ́Н (Святлана Лаўрэнцьеўна) (н. 27.12.1949, в. Рыжкаўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. баяністка, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Солапава), з 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1980 салістка і канцэртмайстар групы баянаў Дзярж. акад. нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Яе творчасці характэрны віртуознасць, эмацыянальнасць, своеасаблівая інтэрпрэтацыя твораў розных эпох, стыляў і жанраў. Аўтар рэдакцый для баяна з аркестрам і першы выканаўца канцэртаў Р.Шчадрына (фінал 1-га фп. канцэрта), А.Мдывані, А.Клеванца, Э.Наско, С.Хвашчынскага, твораў малой формы Я.Глебава, В.Малых, А.Рашчынскага, М.Сіраты, у т.л. напісаных спецыяльна для яе. Выступае ў складзе дуэта і трыо баяністаў. Запісала на Бел. радыё праграмы апрацовак для баяна бел. і рус. нар. музыкі, творы муз. класікі. Лаўрэат I Рэсп. (Мінск) і V Усесаюзнага (Масква) конкурсаў артыстаў эстрады (абодва 1974).

М.А.Казінец.

т. 9, с. 432

ЛЯТА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. letalis смяротны),

смяротнасць, паказчык мед. статыстыкі: адносіны колькасці людзей, што памерлі ад хваробы, ранення ці няшчаснага выпадку да колькасці людзей, што хварэлі гэтай хваробай (параненыя, пацярпелыя, у %) за пэўны прамежак часу. Адрозніваюць Л. бальнічную, пазабальнічную, агульную і інш. Л. — адзін з паказчыкаў эфектыўнасці тэрапеўт. прэпаратаў, метадаў лячэння, тэрмінаў і паўнаты шпіталізацыі і інш. Л. адрозніваецца ад смяротнасці — частаты смерцяў сярод насельніцтва.

т. 9, с. 432

ЛЯТА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА (ЛД),

доза хімічнага або фізічнага агента, уздзеянне якога на жывы арганізм прыводзіць да гібелі. Вызначаецца ў доследах на жывёлах для фармакалагічных сродкаў, пестыцыдаў, іанізуючых выпрамяненняў і інш. Адрозніваюць мінім. ЛД (гінуць найб. адчувальныя асобіны пэўнага віду, але не болей за 10% паддоследных жывёл), сярэднюю (гіне палова — ЛД 50) і абсалютна смяротную (мінім. доза, якая выклікае гібель усіх паддоследных жывёл — ЛД 100). Гл. таксама Дозы выпрамянення.

т. 9, с. 432

ЛЯТА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,

агульная назва машын, тэхнічных канструкцый, прылад для палёту ў атмасферы або ў касм. прасторы.

Адрозніваюць 2 асн. групы Л.а.: лягчэйшыя за паветра і цяжэйшыя за яго. Дзеянне Л.а. 1-й групы (аэрастаты) заснавана на выкарыстанні аэрастатычнай падымальнай сілы, што ствараецца ў выніку напаўнення спец. абалонкі газам, што лягчэйшы за паветра. Л.а. 2-й групы падзяляюцца на аэрадынамічныя (верталёты, вінтакрылы, дэльтапланы, планёры, самалёты, экранапланы), балістычныя (ракеты-носьбіты, касмічныя апараты). Аэрадынамічныя трымаюцца ў паветры ад дзеяння падымальнай аэрадынамічнай сілы, што ўзнікае на крылах або вінтах Л.а. Балістычныя Л.а. рухаюцца па балістычных траекторыях ад дзеяння рэакцыі масы газу, што выходзіць з сапла рэактыўнага рухавіка. Касм. апараты, прызначаныя для пасадкі на паверхню планеты, могуць рухацца ад дзеяння аэрадынамічнай сілы або рэактыўнага рухавіка. Л.а. 2-й групы шырока выкарыстоўваюцца ў многіх галінах нар. гаспадаркі, у навуцы, вайск. справе, спорце. Гл. таксама Авіяцыя, Касманаўтыка, Паветраплаванне.

У.С.Ларыёнаў.

т. 9, с. 432

ЛЯТАШЫ́НСКІ (Барыс Мікалаевіч) (3.1.1895, г. Жытомір, Украіна — 15.4.1968),

украінскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч. Нар. арт. Украіны (1968). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1919, клас Р.Гліэра). Выкладаў у Кіеўскай (з 1919, з 1935 праф.) і Маскоўскай (1935—44, з перапынкам) кансерваторыях. У 1939—41 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Найб. творчыя дасягненні — 3-я, 4-я, 5-я сімфоніі, адметныя філас. глыбінёй і сілай маст. абагульнення. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў. Рэдагаваў і аркестраваў творы інш. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Залаты абруч» паводле І.Франко (паст. 1933), «Шчорс» (паст. 1938); 2 кантаты, у т.л. «Запавет» (1939); для аркестра — 5 сімфоній (1918—66), сімф. паэмы «Уз’яднанне» (1949), «Гражына» (1955), «На берагах Віслы» (1958); сюіты (1961, 1966), уверцюры (1926, 1961); «Славянскі канцэрт» для фп. з арк. (1953); камерна-інстр. ансамблі; інстр. творы; хары, у т.л. a cappella, на словы А.Пушкіна і Т.Шаўчэнкі; рамансы, апрацоўкі укр. нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Сярод вучняў І.Бэлза. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.

Літ.:

Самохвалов В.Я. Черты симфонизма Б.Лятошинского. 2 изд. Киев, 1977;

Б.Лятошинский: Воспоминания. Письма. Материалы. Кн. 1—2. Киев, 1985—86.

т. 9, с. 432

ЛЯТА́ЮЧЫЯ Я́ШЧАРЫ.

гл. ў арт Птэразаўры.

т. 9, с. 432

ЛЯТУ́Н (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 20.4.1935, в. Смалінец Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Аўтар помнікаў сав. воінам і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, у калгасах імя Энгельса (1967) і імя Дзяржынскага (1973) Слуцкага р-на Мінскай вобл., Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (1984, з П.Белавусавым) у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. і інш., шэрагу помнікаў-бюстаў. Выканаў барэльефы «На варце міру» (1970) для Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску і «Народныя мсціўцы» (1982) для яго філіяла ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Аўтар партрэтаў У.Мулявіна (1980), Я.Купалы (1984), П.І.Гучка (1994), А.Я.Багдановіча (1996), шэрагу мемар. дошак, медалёў і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Г.А.Фатыхава.

У.Лятун, П.Белавусаў, В.Бялянкін, М.Мызнікаў, Б.Шчарбакоў. Мемарыял Воінскай Славы каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл. 1984.

т. 9, с. 432

ЛЯТУ́ЧАЯ РЫ́БА (лац. Volans),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка мае бляск 3,6 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 9, с. 432

ЛЯТУ́ЧЫЯ МЫ́ШЫ,

гл. Кажаны.

т. 9, с. 432

ЛЯТУ́ЧЫЯ РЫ́БЫ (Exocoetidae),

сямейства рыб атр. сарганападобных. 7 родаў, больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў. Трымаюцца чародамі.

Даўж. да 50 см. Грудныя плаўнікі размешчаны высока, доўгія і шырокія, прыстасаваны да планіруючага палёту над вадой (сродак ратавання ад драпежнікаў). Пралятаюць у паветры да 400 м на выш. да 10 м. Орган РУХУ — хваставы плаўнік. Планктафагі. Аб’ект промыслу.

Лятучая рыба хейлапагон.

т. 9, с. 432