Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАВЕНЬЯ́К ((Cavaignac) Луі Эжэн) (15.10.1802, Парыж — 28.10.1857),

французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Дывізійны генерал (1848). У арміі з 1824. Пад уплывам Ліп. рэвалюцыі 1830 стаў прыхільнікам рэсп. ладу. З 1832 удзельнічаў у заваяванні Алжыра, з лют. 1848 яго ваен. губернатар. З мая 1848 ваен. міністр, адначасова (да снеж. 1848) кіраўнік выканаўчай улады Франц. рэспублікі; кіраваў задушэннем Чэрв. паўстання 1848 у Парыжы. Дэп. парламента (1849—51).

т. 7, с. 399

КАВЕРКО́Т (англ. covertcoat),

шарсцяная або паўшарсцяная тканіна ў нахільны рубчык. З К. шыюць паліто і касцюмы. Вырабляюць таксама баваўняны К., з якога шыюць плашчы.

т. 7, с. 400

КАВЕ́РНА (ад лац. caverna пячора, поласць),

поласць у органах цела, якая ўзнікае пры разбурэнні і амярцвенні (некрозе) тканак і разрэджванні амярцвелых мас. Бываюць закрытыя (не звязаны са знешнім асяроддзем) і адкрытыя (апаражненне змесціва К. адбываецца вонкі праз натуральныя каналы). Найчасцей бывае пры гнойна-некратычным працэсе і спецыфічным запаленні ў лёгкіх (кавернозны туберкулёз), пырках (гнайнік, раскрыты ў лаханку) і інш. Садзейнічае пашырэнню паталаг. працэсу і развіццю ўскладненняў (крывацёк, перфарацыя).

т. 7, с. 400

КАВЕРНІ́Т,

запаленне пячорыстых цел палавога члена. Праяўляецца высокай т-рай цела, болем, чырванню, прыпухласцю палавога члена; параўнальна хутка фарміруецца гнайнік. Бывае востры (пачатак хваробы раптоўны, ліхаманка, гіперэмія палавога члена з інфільтратам) і хранічны (у пячорыстых целах утвараецца валакністая злучальная тканка, якая дэфармуе палавы член пры эрэкцыі). Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

т. 7, с. 400

КАВЕ́РСКІ (Эдуард Аўрэліянавіч) (1837, Ігуменскі пав. Мінскай губ. — 30.7.1916),

ваенны картограф. Ген.-лейт. (1900). Скончыў Брэсцкі кадэцкі корпус, Акадэмію Генштаба (1866). Служыў у Генштабе. Пад кіраўніцтвам К. ўпершыню складзены шэраг карт Азіяцкай часткі Рас. імперыі, Прыбалтыкі і інш. У 1896 атрымаў узнагароду «Залаты арол» Рус. геагр. т-ва. Быў папячыцелем Аляксееўскага касцёла ў Івянцы (Валожынскі р-н), дзе жылі яго родныя (асвячоны ў 1907). Пахаваны ў гэтым касцёле.

В.​Д.​Бабровіч.

т. 7, с. 400

КА́ВЕРЫ,

рака на Пд Індыі. Даўж. каля 800 км, пл. бас. 82,3 тыс. км. Пачынаецца на схілах Зах. Гатаў, перасякае паўд. ч. Дэканскага пласкагор’я, дзе ў вузкіх цяснінах утварае вадаспады (выш. да 91 м), упадае ў Бенгальскі заліў (пл. дэльты каля 10 тыс. км2). Жыўленне дажджавое, рэжым мусонны. Сярэдні гадавы расход вады 550 м3/с. Выкарыстоўваецца для арашэння, на вадаспадах ГЭС. 2 буйныя вадасховішчы. Суднаходная ў вусці і на асобных участках у сярэднім цячэнні. На К. — г. Тыручырапалі.

т. 7, с. 400

КАВЕ́РЫН (сапр. Зільбер) Веніямін Аляксандравіч

(19.4.1902, г. Пскоў, Расія — 2.5.1989),

рускі пісьменнік. Скончыў Ін-т усходніх моў (1923) і Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1922. У пач. 1920-х г. уваходзіў у літ. групу «Серапіёнавы браты». Пісаў фантаст. апавяданні, дэтэктыўныя аповесці, аповесці аб рабоце вучоных. Складаныя і напружаныя сюжэты, маральна-псіхал. праблемы ў раманах «Спаўненне жаданняў» (кн. 1—2, 1934—36), «Два капітаны» (кн. 1—2, 1938—44, Дзярж. прэмія СССР 1946), трылогіі «Адкрытая кніга» (ч. 1—3, 1949—56). Аповесць «Сем пар нячыстых» (1962) пра вязняў аднаго з паўночных лагераў ГУЛАГа, пазбаўленых у першыя дні Вял. Айч. вайны права абараняць Радзіму. Аўтар кн. артыкулаў і мемуараў «Дзень добры, брат. Пісаць вельмі цяжка» (1965), кн. пра В.​І.​Сянкоўскага «Барон Брамбеус» (1929, 2-я рэд. 1966), аповесцей «Падвойны партрэт» (1966), «Школьны спектакль» (1968), «Малюнак» (1980), «Верлівока» (1982), «Загадка» (1984), раманаў «Перад люстэркам» (1971), «Двухгадзінная прагулка» (1978), «Навука расставання» (1983), кн. ўспамінаў «У старым доме» (1971), трылогіі «Асветленыя вокны» (1974—76). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У.​Краўчанка, І.​Сакалоўскі, Л.​Салавей і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1963—66;

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1980—83;

Бел. пер. — Аблога палацу. Мн., 1930;

Наперадзе ўсіх. Мн., 1930;

Школа мужнасці: Алавяданні. Мн., 1952;

У кн.: Клятва юных. Мн., 1947;

Апавяданні ленінградскіх пісьменнікаў Мн., 1951;

Рускае савецкае апавяданне. Мн., 1988. Т. 1.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 400

КАВЕ́ЦКА-ГРЫЧО́ВА ((Kawecka-Gryczowa) Алодзія) (11.8.1903, Варшава — 16.6.1990),

польскі бібліёграф, бібліятэказнавец. Праф. (1954). Скончыла Ягелонскі ун-т. У 1928—74 працавала ў Нац. б-цы ў Варшаве, б-цы Ін-та літ.знаўства Польскай АН. Асн. працы па гісторыі польскага кнігадрукавання 15—16 ст. Гал. рэдактар выданняў «Польскае друкарства 16 ст.», «Энцыклапедыя навукі пра кнігу» (1971). Адна са складальнікаў шматтомнай працы «Друкары старой Польшчы». Аўтар артыкулаў пра друкароў, што працавалі на Беларусі. Даследавала пратэстанцкія канцыяналы ў Беларусі і Літве.

Т.​І.​Рошчына.

т. 7, с. 400

Кавецкі Здзіслаў

т. 18, кн. 1, с. 396

КАВІЛЬЯ́Н (Covihã, Covilhão, Covilham) Педра дэ, партуг. падарожнік канца 15 ст. Правёў разведку марскіх шляхоў у Індыю з партоў Усх. Афрыкі і Аравіі. У 1487 праз гарады Неапаль, Родас і Александрыя дабраўся да Адэна, потым дасягнуў Паўд.-Зах. Індыі, наведаў г. Калікут, в-аў Мадагаскар, усх.-афр. ўзбярэжжа і ў 1488 вярнуўся ў Егіпет, адкуль паслаў справаздачу на радзіму. 30 гадоў пражыў у Эфіопіі. Матэрыялы К. пакладзены ў аснову інструкцый для Васка да Гамы.

т. 7, с. 400