Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́ВАС (Катэрына Альбертавіч) (30.10.1775, г. Венецыя, Італія — 10.5.1840),

расійскі кампазітар, дырыжор. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Ф.​Б’янкі. З 1799 служыў пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. З 1806 капельмайстар рус. оперы, з 1822 інспектар прыдворных аркестраў. З 1832 «дырэктар музыкі» імператарскіх т-раў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё рус. муз. т-ра. Сярод твораў (больш за 50): оперы «Ілья-волат» (1806), «Іван Сусанін» (1815), опера-вадэвіль «Казак-вершатворац» (1812); балеты «Зефір і Флора» (1808), «Амур і Псіхея» (1809), «Ацыс і Галатэя» (1816), «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» паводле А.​Пушкіна (1823); патрыят. балеты-дывертысменты.

Літ.:

Сычева О. Кавос и русский музыкальный театр первой трети XIX в. // Стилевые особенности русской музыки XIX—XX вв. Л., 1983.

т. 7, с. 399

КАВАСА́КІ,

горад у Японіі, на в-ве Хонсю, на беразе Такійскага зал. паміж Токіо і г. Іакагама, у прэфектуры Канагава. 1,2 млн. ж. (1993). Буйнейшы суднабуд. і суднарамонтны цэнтр краіны. Прам-сць: станкаінструментальная, аўтамаб. (аўтобусы, грузавікі), радыёэлектронная, металургічная (чорныя і каляровыя металы), нафтаперапр., нафтахім. (2 этыленавыя з-ды), цэментная. Вытв-сць абсталявання для атамнай прам-сці, вогнетрывалых матэрыялаў. Буйная ЦЭС.

т. 7, с. 399

КАВАЦІ́НА (італьян. cavatina памяншальнае ад cavata здабываць, атрымліваць),

невялікая лірычная арыя. Узнікла з каваты (заключны раздзел рэчытатыву). З канца 18 ст. часта выхадная арыя прымадонны або прэм’ера (К.​Фігара з оперы «Вяселлс Фігара» В.​А.​Моцарта). У 19—20 ст. побач з віртуознай (К.​Разіны з оперы «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні) пашырана К. сузіральнага характару ва ўмерана павольным тэмпе, з песеннай мелодыкай (К.​Антаніды з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі). Некат. К. — разгорнутыя арыі (К.​Людмілы з оперы «Руслан і Людміла» Глінкі, Канчакоўны і Уладзіміра Ігаравіча з оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна). Часам К. наз. пявучыя інстр. п’есы.

т. 7, с. 399

КАВЕЛІ́Н (ад імя італьян. мінералога Н.​Кавелі),

меднае індыга, мінерал класа сульфідаў, сульфід медзі, CuS. Змяшчае медзь да 66,4%, прымесі жалеза, часам селен, серабро, свінец. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, трапляюцца рэдка. Зямлістыя сажыстыя агрэгаты, скарынкі. Колер індыгава-сіні да сінявата-чорнага. Бляск металічны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 4,6—4,76 г/см3. Утвараецца ў зонах другаснага сульфіднага абагачэння ў меднарудных радовішчах, вельмі рэдка гідратэрмальнага паходжання. Другарадная руда медзі.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 399

КАВЕ́ЛІН (Канстанцін Дзмітрыевіч) (16.11.1818, Пецярбург — 15.5.1885),

расійскі гісторык, філосаф, публіцыст, адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнай школы ў гіст. навуцы. Скончыў Маскоўскі ун-т (1839). У 1857—61 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1840—50-я г. прадстаўнік заходнікаў, зблізіўся з Ц.М.Граноўскім і А.І.Герцэнам. У 1855 склаў «Запіску аб вызваленні сялян у Расіі», за што адхілены ад выкладання лекцый цэсарэвічу Мікалаю Аляксандравічу. Падзяляў гісторыю Расіі на 3 этапы (родавы, вотчынны і дзяржаўны), аналізаваў дзейнасць рас. правіцеляў, у т. л. Пятра I. У філас. поглядах прытрымліваўся рэлятывізму і інш. Адзін з заснавальнікаў час. «Вестник Европы» (1866). Аўтар прац «Погляд на юрыдычны побыт Старажытнай Расіі» (1847), «Думкі і нататкі аб рускай гісторыі» (1866), «Кароткі погляд на рускую гісторыю» (1887) і інш.

т. 7, с. 399

КА́ВЕНДЫШ ((Cavendish) Генры) (10.10.1731, г. Ніцца, Францыя — 24.2.1810),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1760). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1753). Навук. працы па хіміі і эксперым. фізіцы. Атрымаў у чыстым выглядзе вадарод (1766), вызначыў колькасць кіслароду ў паветры (1781) і хім. састаў вады (1784). Пры вывучэнні ўзаемадзеяння эл. зарадаў практычна прадугадаў Кулона закон (1771). Вызначыў гравітацыйную пастаянную, масу і сярэднюю шчыльнасць Зямлі (1798). У гонар К. названа Кавендышская лабараторыя.

Літ.:

Льоции М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 7, с. 399

КА́ВЕНДЫШСКАЯ ЛАБАРАТО́РЫЯ Кембрыджскага універсітэта,

адзін з сусветна вядомых цэнтраў эксперым фізікі, біялогіі і інш. фундаментальных даследаванняў канца 19—1-й пал 20 ст. Названа ў гонар Г.Кавендыша і заснавана ў 1874 на сродкі яго нашчадкаў, Навук. кіраўнікамі К.л. былі Дж.Максвел, Дж.Рэлей, Дж.​Дж.Томсан, Э.Рэзерфард і інш. У К.л. адкрыты электрон (1897), штучнае расшчапленне атамнага ядра (1919), нейтрон (1932), прапанавана мадэль структуры ДНК (1953), створаны камера Вільсана (1912), мас-спектрограф (1913), лінейны паскаральнік зараджаных часціц (1932) і інш.

т. 7, с. 399

КАВЕНЬЯ́К ((Cavaignac) Луі Эжэн) (15.10.1802, Парыж — 28.10.1857),

французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Дывізійны генерал (1848). У арміі з 1824. Пад уплывам Ліп. рэвалюцыі 1830 стаў прыхільнікам рэсп. ладу. З 1832 удзельнічаў у заваяванні Алжыра, з лют. 1848 яго ваен. губернатар. З мая 1848 ваен. міністр, адначасова (да снеж. 1848) кіраўнік выканаўчай улады Франц. рэспублікі; кіраваў задушэннем Чэрв. паўстання 1848 у Парыжы. Дэп. парламента (1849—51).

т. 7, с. 399

КАВЕРКО́Т (англ. covertcoat),

шарсцяная або паўшарсцяная тканіна ў нахільны рубчык. З К. шыюць паліто і касцюмы. Вырабляюць таксама баваўняны К., з якога шыюць плашчы.

т. 7, с. 400

КАВЕ́РНА (ад лац. caverna пячора, поласць),

поласць у органах цела, якая ўзнікае пры разбурэнні і амярцвенні (некрозе) тканак і разрэджванні амярцвелых мас. Бываюць закрытыя (не звязаны са знешнім асяроддзем) і адкрытыя (апаражненне змесціва К. адбываецца вонкі праз натуральныя каналы). Найчасцей бывае пры гнойна-некратычным працэсе і спецыфічным запаленні ў лёгкіх (кавернозны туберкулёз), пырках (гнайнік, раскрыты ў лаханку) і інш. Садзейнічае пашырэнню паталаг. працэсу і развіццю ўскладненняў (крывацёк, перфарацыя).

т. 7, с. 400