Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАВАЛЬЧУ́К (Людміла Мікалаеўна) (н. 14.9.1955, г. Ангарск Іркуцкай вобл., Расія),

бел. мастак-кераміст. Скончыла Абрамцаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1976, Масква), Бел. ун-т культуры (1994). З 1978 на Добрушскім фарфоравым з-дзе, з 1990 на эксперым. керамічным аб’яднанні «Даламіт». Творы вызначаюцца дэкаратыўнасцю форм, кантрастнымі суадносінамі каларыту, багаццем колеравай палітры: «Да сустрэчы», «Вып’ем за Абрамцава» (абодва 1995), «Карнавал», «Сумны рыцар з Ламанчы» (абодва 1996), «Зімовыя забавы», «Жанчына ў капелюшы» (абодва 1997).

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Кавальчук. Да сустрэчы. 1995.

т. 7, с. 398

КАВАЛЬЧУ́К (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 2.2.1929, г. Гомель),

бел. спявак (цэнтр. бас). Засл. арт. Беларусі (1968). Спяваць пачаў у Ансамблі песні і танца Палаца культуры чыгуначнікаў (г. Гомель). У 1952—96 саліст Дзярж. акад. нар. хору Рэспублікі Беларусь. Валодае моцным, прыгожым, ад прыроды пастаўленым голасам. Упершыню выканаў многія творы бел. кампазітараў (адзін з лепшых выканаўцаў песні «Нёман» Н.​Сакалоўскага).

т. 7, с. 398

Кавальчук Васіль Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 396

Кавальчук Віктар Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 396

КАВА́ЛЬЧЫК (Міхаіл Станіслававіч) (н. 12.8.1943, в. Падлясейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971), стажыраваўся ў Вял. драм. т-ры ў Ленінградзе. Працаваў рэжысёрам у драм. т-рах: Брэсцкім абл. (1971—75), Дзярж. рускім Беларусі (1976—82), гал. рэжысёрам Магілёўскага абл. т-ра драмы і камедыі ў Бабруйску (1982—88). К. характэрна псіхал. распрацоўка сцэн. характараў, імкненне да яркай выразнай формы спектакля. Сярод пастановак: «На бойкім месцы» А.​Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.​Кальдэрона (абедзве 1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка, «Званіце і прыязджайце» паводле А.​Алексіна (абедзве 1972), «Лазня» У.​Маякоўскага (1974), «Амаральная гісторыя» Э.​Брагіяскага і Э.​Разанава (1979), «Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна (1980), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1981), «Лесвіца ў неба» паводле М.​Слуцкіса (1982), «Злавеснае рэха» А.​Петрашкевіча (1984), «Чалавек і джэнтльмен» Э. дэ Філіпа (1987), «Як цары жылі» А.​Кудраўцава (1988) і інш.

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 398

КАВАЛЮ́К (Аўгіння) (сапр. Сідаровіч Яўгенія Трафімаўна; н. 13.3.1934, в. Стральцы Гродзенскага р-на),

бел. паэтэса, перакладчыца. Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1959). Працавала настаўніцай у Рызе (1959—78), у Міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі спецыялістаў нар. гаспадаркі Латвіі (1978—82). З 1987 настаўнічае ў С.-Пецярбургу. Друкуецца з 1952. У зб-ках паэзіі «Белае дзіва» (1964, для дзяцей), «Маўклівыя скарбы» (1966), «Кропля бурштыну» (1974), «Імгненняў след» (1987) раскрывае драматызм чалавечых узаемаадносін, пачуццяў кахання, мацярынства, любоў да роднага краю, маральна-этычныя праблемы.

т. 7, с. 398

КАВАЛЯРО́ВІЧ ((Kawalerowicz) Ежы) (н. 19.1.1922, г.п. Гваздзец Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),

польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Скончыў кінаінстытут (1946) і Акадэмію прыгожых мастацтваў (1948) у Кракаве. Дэбютаваў у кіно ў 1952. Сярод фільмаў: кінадылогія «Цэлюлоза» (у сав. пракаце «Дарогі жыцця») і «Пад фрыгійскай зоркай» (1954, паводле І.​Неверлі), «Маці Іаана ад анёлаў» (1961, паводле Я.​Івашкевіча), «Фараон» (1965, паводле Б.​Пруса), «Смерць прэзідэнта» (1977), «Карчма» (1982, паводле Ю.​Стрыйкоўскага), «Палоннік Еўропы» (1989, паводле Ю.​Данкоўскага). Дзярж. прэміі Польшчы 1954, 1966.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 399

КАВА́РСКІ ((Kowarski) Феліцыян Шчэнсны) (8.9.1890, г. Старасельцы, цяпер у межах Беластока, Польшча — 22.9.194 8),

польскі мастак. Заснавальнік польскай школы манум. жывапісу. Вучыўся ў Адэсе (1908—10) і Пецярбургскай АМ (1910—18). Праф. АМ у Кракаве (1923—29), Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (з 1930). Аўтар вял. шматфігурных кампазіцый, партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, якія вызначаюцца багатай фактурай. Займаўся насценным жывапісам, скульптурай, літаграфіяй. У творчасці яднаў прынцыпы класічнай формы з рамант. адчуваннем прыроды, імкнуўся да манум. і сінт. трактовак, прастаты і сілы выяўлення. Асн. творы: плафон залы «Пад птушкамі» ў Вавелі (1929), «Вандроўнікі» (1930), «Нацыянальны ўрад 1863» (1937), праект скульпт.-керамічнага афармлення Гал. вакзала ў Варшаве (1938), «Бежанцы» (1942), «Галава яўрэйкі» (1946), «Электра» (1947), скульптуры «Марат» (1944), «Сірыйская мадонна» (1948).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 399

КАВАРЫЯ́НТНАСЦЬ,

форма запісу фіз. велічынь і ўраўненняў фіз. тэорыі. Гл. ў арт. Інварыянтнасць.

т. 7, с. 399

КАВАРЫЯ́НТНЫЯ МЕ́ТАДЫ ў оптыцы,

прамыя бескаардынатныя метады апісання розных фіз. з’яў, заснаваныя на выкарыстанні вектарна-тэнзарнага злічэння і лінейнай алгебры. К.м. прынцыпова не патрабуюць выбару канкрэтнай сістэмы каардынат, што значна спрашчае форму запісу матэм. суадносін і надае ім агульны характар. Распрацаваны ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава.

На аснове К.м. прапанаваны арыгінальны падыход да апісання палярызацыі святла, каварыянтная фармулёўка законаў адбіцця і пераламлення святла; вывучаны аптычныя ўласцівасці паглынальных і магнітных крышталёў; выяўлены асн. заканамернасці ў оптыцы гіратропных асяроддзяў. З дапамогай К.м. дадзена малекулярнае абгрунтаванне адбіцця і пераламлення святла (Б.А.Соцкі), пабудавана тэорыя неаднародных хваль, прадказаны Фёдарава зрух.

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Яго ж. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Яго ж. Теория гиротропии. Мн., 1976.

М.​С.​Пятроў.

т. 7, с. 399